Прыгоды Пэтсана і Фіндуса працягваюцца — 17 лютага!

Пасля шумнага перадкаляднага дэбюту стары Пэтсан і яго верны сябра, кот Фіндус, зноў завітваюць да беларускіх дзетак.

Новая кніга “Блінны торт” з’яўляецца пачаткам славутай серыі шведскага пісьменніка і мастака Свэна Нурдквіста.

На беларускай мове яна выдаецца ўпершыню. “Блінны торт” Свэна Нурдквіста стаўся адзінаццатым выпускам серыі “Каляровы ровар” Бібліятэкі СБП “Кнігарня пісьменніка”.

Як і ў мінулы раз, перакананыя вяскоўцы Пэтсан і Фіндус рыхтуюцца да свята. Аднак цяпер гэта ўжо не Каляды, а самы натуральны дзень народзінаў Фіндуса. Што праўда, каток святкуе яго тройчы на год, але гэта ніколі не перашкаджала добраму адзначэнню.

Падрабязней пра кнігу ТУТ 

Пра аўтара:

Свэн Нурдквіст нарадзіўся ў 1946 годзе ў Хельсінборгу (Швецыя) і на працягу ўсяго жыцця займаўся маляваннем. Працаваў архітэктарам, настаўнікам, ілюстратарам.

У 1983 годзе Свэн Нурдквіст перамог у конкурсе выдавецтва “Opal” на лепшую праілюстраваную кнігу. У кнізе "Блінны торт" чытачы ўпершыню пазнаёміліся са старым, якога завуць Пэтсан і яго коцікам Фіндусам, якія пазней сталі героямі цэлай серыі.

Кнігі Свэна Нурдквіста будуць цікавыя дзецям і дарослым, яны перакладзеныя больш чым на 30 моваў свету.

Арганізатар  — ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, партнёр грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”, пры ўдзеле Амбасады Каралеўства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь.

 

Уваход вольны!

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"