Прыгожы юбілей вялікага чалавека — Міколу Аўрамчыка павіншавалі ў Мінску (фота+аўдыя)

На святочную імпрэзу, якая адбылася ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі, прыйшлі пісьменнікі, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, калегі, сябры і прыхільнікі творчасці Міколы Якаўлевіча.

Мікола Аўрамчык

У свае 95 юбіляр захаваў выдатнае пачуццё гумару і яснасць думкі, але, на жаль, фактычна страціў зрок. У сваім прывітальным слове, звернутым да аўдыторыі, Мікола Якаўлевіч адзначыў:

— Адчуванне таго, што зараз адбываецца, ёсць, аднак стан здароўя ўжо не дазваляе мне ні бачыць вас, ні пісаць. Магу сказаць, што мне пашчасціла ў жыцці ў пасляваенны перыяд, калі я быў у “Маладосці”, і прыходзілі да мяне маладыя паэты. Настолькі таленавітыя — Генадзь Бураўкін, Васіль Зуёнак, і так іх было многа, што зараз усіх не пералічыць. І праз 5—10 гадоў гэтыя творцы сталі маімі начальнікамі і многаму ў сваю чаргу мяне навучылі.

Злева направа: Анатоль Бутэвіч, Васіль Зуёнак, Раіса Баравікова

Настаўнікамі ў літаратуры сталі для Міколы Якаўлевіча яго любімыя паэты — Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка, Максім Танк, а вучнямі — Раіса Баравікова, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Васіль Зуёнак, Уладзімір Някляеў, Алесь Разанаў, Янка Сіпакоў, Яўгенія Янішчыц і многія іншыя. Без перабольшання, за час сваёй працы ў рэдакцыі спадар Мікола выхаваў не адно пакаленне беларускіх літаратараў.

Міхась Шавыркін і Леанід Дранько-Майсюк

Пра свае сустрэчы з Якубам Коласам, Янкам Купалам і ягонай жонкай Уладзіславай Францаўнай, з Іванам Мележам і многімі іншымі класікамі Мікола Аўрамчык напісаў у сваіх кнігах мемуараў і эсэ.

Да юбілею была падрыхтаваная тэматычная кніжная выстава, а таксама слайд-шоў з архіўнымі фотаздымкамі з сямейнага архіва і выступленняў юбіляра.

Алег Вінярскі

Артыст і рэжысёр Беларускага радыё Алег Вінярскі прачытаў урыўкі з паэтычных і празаічных твораў Міколы Аўрамчыка.

Песню “Завушніцы” на верш Максіма Танка з музыкай Уладзіміра Мулявіна выканаў саліст вакальна-эстраднай студыі БНТУ Аляксандр Бабрыковіч.

Уверсе: Лідзія Макарэвіч віншуе юбіляра; унізе: Зінаіда Камароўская

Павіншавалі спадара Міколу дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзія Макарэвіч і дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская.

Анатоль Вярцінскі

Васіль Зуёнак

З віншаваннямі і ўспамінамі, з вершамі-прысвячэннямі юбіляру выступілі Анатоль Вярцінскі, Васіль Зуёнак, Казімір Камейша.

Казімір Камейша

Пісьменнік Генрых Далідовіч у сваім расповедзе пра старэйшага калегу змог ёміста, метафарычна і кранальна апісаць няпросты жыццёвы шлях Міколы Якаўлевіча, які перажыў і нямецкі палон, і савецкія рэпрэсіі, і хваробы і голад, і працы на шахтах Рура і Данбаса.

Генрых Далідовіч

Вашай увазе — аўдыязапіс выступлення Генрыха Далідовіча.

 Да 1953 года, да смерці Сталіна, сям’я Аўрамчыкаў трымала ў доме хатулёк з неабходнымі рэчамі, бо ў любы момант дня і ночы да «нядобранадзейных» савецкіх грамадзян маглі прыйсці людзі ў цывільным і арыштаваць пісьменніка.

Алесь Пашкевіч віншуе Міколу Аўрамчыка

Празаік, першы намеснік Старшыні ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Алесь Пашкевіч павіншаваў юбіляра ад імя арганізацыі.

Сяргей Міклашэўскі і Надзея Бронская

Спявачка Надзея Бронская супольна з гітарыстам Сяргеем Міклашэўскім выканалі некалькі песень на вершы Яўгеніі Янішчыц.

Пасля заканчэння праграмы гледачы яшчэ доўга не разыходзіліся — сябры і прыхільнікі акружылі Міколу Якаўлевіча з падарункамі і букетамі кветак, віншавалі і дзякавалі за сустрэчу.

 

Тэкст, фота і аўдыя: Віка Трэнас, для lit-bel.org