«Прывітанне, Даша!» — новы раман для падлеткаў па-беларуску

Гэта гісторыя сённяшніх дзесяцікласнікаў з маленькага правінцыйнага горада, у якім ніколі нічога не адбывалася да падзей, узгаданых у кнізе, у якім кансерватыўны і мяшчанскі ўклад лічыўся нормай і прымаўся за ўзор спакою, пакуль галоўная гераіня Даша Белая не паглядзела серыял “Школа” і не адзначыла для сябе, што ўсе ў іх горадзе тупеюць і з гэтым трэба неяк змагацца.

Яна перафарбавалася ў “эма”, абвясціўшы гораду свой асабісты «бунт без прычыны», займела сяброўку Таню Паўлоўскую са свайго ж класа (нават дзіўна, што раней яны не сябравалі) і закахалася ў рэжысёра мясцовага Дома культуры Мікалая Міхайлавіча, старэйшага за яе на дванаццаць гадоў, які, з-за шэрагу абставінаў, як Чорны Плашч з мультфільмаў, заўсёды прыходзіў ёй на дапамогу.

5 прычын прачытаць кнігу “Прывітанне, Даша!”

  1. Расповед пра маленькі горад, у якім кожны можа пазнаць горад свайго дзяцінства з усімі яго праблемамі, ціхім і памяркоўным жыццём.
  2. Кніга на вечную тэму “бацькоў і дзяцей”, непаразуменні паміж дарослымі і падлеткамі. Знаёмая праблема? Тады кніга абавязковая для прачытання!
  3. Падлеткаў зацікавіць галоўная гераіня – Даша, якая “зладзіла бунт на караблі”: змяніла колер валасоў, закахалася ў чалавека, нашмат старэйшага за сябе, да ўсяго ж яшчэ і спецназаўца, якога звольнілі за… Ужо цікава, сапраўды?
  4. Гэта не набокаўская Лаліта! Гэта Даша Белая, якая абавязкова схопіць нейкія непрыемнасці, а яе каханы (той, што на 12 гадоў старэйшы) выратуе яе, як Чорны Плашч.
  5. І гэта кніга пра сяброўства. Жаночае, якое пачынаецца ў школе і застаецца на працягу ўсяго жыцця.

Перапляценне сюжэтных ліній, прыгоды, містыка, каханне змяшчаюцца ў твор і адчуваюць сябе “як дома”. Гэта не філасофскія маралі і не разважанні пра сэнс жыцця на зямлі.

Гэта раман пра сённяшнюю моладзь, якая жыве і сталее тут і цяпер, пра “эма” і “скінхэдаў”, пра бацькоў і дзяцей, пра творчасць і мастацтва, пра першае каханне і першыя расчараванні, пра дабро і зло, пра подласць і здраду, пра вернасць і высакароднасць, пра абыякавасць і спагаду.

Карацей, пра нас з вамі, пра нашых дзяцей, суседзяў, сяброў і сябровак. Гары Потэр, Бэла Свон, Фрода нервова паляць у параўнанні з Дашай і яе сябрамі. У рэшце рэшт, што больш патрэбна: наша крутая гісторыя з нашай крутой гераіняй ці аднатыпныя амерыканскія персанажы?

Паводле прэс-рэлізу