«Прывітанне, Мама Му» — Юя Вісландэр едзе ў Беларусь

1плакат мама му для фб

Падчас сустрэчаў шведская пісьменніца пазнаёміць маленькіх чытачоў з  новай кніжкай «Мама Му ў басейне», якая пабачыла свет па-беларуску дзякуючы супольным намаганням перакладчыцы Надзеі Кандрусевіч і выдавецтва «Логвінаў».  Падарункам для дзетак стане таксама выступ лялечнага тэатрыка  «Лямцавая батлейка», які прапануе сваю версію новай кніжкі пра прыгоды незвычайнай кароўкі і яе вясёлага сябра крумкача. Завершыць мерапрыемства невялічкі майстар-клас, на якім дзеткі самі зробяць сувенірчык на памяць пра цікавае знаёмства. Сустрэчы адкрые Пасол Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь Марцін Оберг, а напрыканцы кожны, хто пажадае, зможа ўзяць аўтограф у Юі Вісландэр і сфатаграфавацца з яе цудоўнымі персанажамі.

У рамках візіту шведскай пісьменніцы адбудзецца таксама круглы стол, прысвечаны перспектывам развіцця дзіцячай літаратуры ў Беларусі, у якім возьмуць удзел беларускія дзіцячыя пісьменнікі, перакладчыкі і выдаўцы.

Расклад мерапрыемстваў:

Мінск

28 кастрычніка ў 11.30 – Сустрэча Юі Вісландэр з чытачамі, выступ «Лямцавай батлейкі» ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна (вул. Гікала, 4). Уваход вольны

28 кастрычніка ў 17.00 – сустрэча са студэнтамі Цэнтра шведскіх даследаванняў (вул. Інтэрнацыянальная, 11a, офіс 27)

30 кастрычніка ў 16.00 – Круглы стол «Перспектывы развіцця дзіцячай літаратуры ў Беларусі» ў кнігарні «Логвінаў» (пр-т Незалежнасці, 37а)

30 кастрычніка ў 18.00 – Сустрэча Юі Вісландэр з чытачамі, выступ «Лямцавай батлейкі» ў Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» (пр-т Незалежнасці, 37а). Уваход вольны

Віцебск

29 кастрычніка ў 15.00 – Сустрэча Юі Вісландэр з чытачамі, выступ «Лямцавай батлейкі» ў Віцебскім дзіцячым доме (вул. Свідзінскага, 9)

29 кастрычніка ў 17.30 – Сустрэча Юі Вісландэр з чытачамі, выступ «Лямцавай батлейкі»  ў Бітлз-клубе «Паддашак» (вул. Кастрычніцкая, 11). Уваход вольны

Юя Вісландэр – вядомая шведская дзіцячая пісьменніца, сябра Шведскай дзіцячай акадэміі. Яе кнігі пра Маму Му і Крумкача былі перакладзеныя больш чым на 30 моваў свету.  У 2012 годзе выдавецтва «Мастацкая літаратура» распачала друкаваць па-беларуску серыю кніг пра Маму Му. Першай выйшла кніга «Мама Му чытае», а ў 2013-2014 гадах свет пабачылі яшчэ тры яе кніжкі:  «Мама Му прыбірае», «Мама Му будуе дамок» і «Мама Му, Крумкач і Каляды». Цяпер у выдавецтве «Логвінаў» рыхтуецца да выхаду пятая кніга «Мама Му ў басейне», якая мусіць з’явіцца да прыезду Юі Вісландэр у Беларусь. Дарэчы, беларускія чытачы ўжо раней мелі магчымасць пазнаёміцца з кнігамі шведскай пісьменніцы “Малы і мядзведзік” і “Малы і Білан” па-беларуску.

«Лямцавая батлейка» – лялечны тэатрык Веранікі Фаміной, персанажы якога зробленыя ў традыцынай для Беларусі тэхніцы валяння з экалагічнага матэрыялу – воўны. Гісторыя тэатрыка цесна звязана з гісторыяй серыі кніжак пра Маму Му. Першы спектакль «Мама Му чытае» адбыўся разам з прэзентацыяй аднайменнай кніжкі. За тры гады «Лямцавая батлейка» падцвердзіла свой фармат партатыўнага вандроўнага тэатра. Дзякуючы падтрымцы Пасольства Швецыі і культурніцкай арганізацыі «Будзьма беларусамі!», спектакль пабачылі дзеткі па ўсей Беларусі: у вялікіх гарадах і маленькіх весках, у дзіцячых прытулках і школах, у садках і бібліятэках.

budzma.by