Прывітанне, Пэтсан і Фіндус! (+ФОТАГАЛЕРЭЯ)

Ранішнік быў зладжаны ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў", грамадскай культурніцкай кампаніяй "Будзьма беларусамі!", пры ўдзеле Амбасады Каралеўства Швецыя ў Рэспубліцы Беларусь.

Музычны канцэрт, створаны Андрусём Такіндангам і Валерыяй Валадзько па матывах кніг "Фіндус з'язджае" і "Паляванне на ліса", перакладзеных на нашую мову Надзеяй Кандрусевіч і выдадзеных у серыі "Каляровы ровар" Саюза беларускіх пісьменнікаў, прайшоў на ўра!

Маленькія гледачы запаміналі новыя беларускія словы, спявалі і танчылі разам з персанажамі, вучыліся казаць адно аднаму "Калі ласка" і "На здароўе", адказвалі на пытанні віктарыны, атрымлівалі прызы і нават лопалі паветраныя балонікі (праўда, пад чуйным назіраннем дарослых і выключна дзеля сюжэту ўлюбёных казак).

Вяла імпрэзу Таццяна Дайнека, выступіла перакладчыца Надзея Кандрусевіч. Па завяршэнні канцэрту дзетак чакалі новыя кнігі, салодкія пачастункі і фота на памяць.

Тэкст і фота: Віка Трэнас, для lit-bel.org