Простыя літары Сабіны Брыло (+ФОТАГАЛЕРЭЯ)

Сабіна Брыло

“Хацела паразмаўляць пра Боба Дылана, але вырашыла, што трэба крыху пагаварыць пра Ісуса Хрыста, таму што ён не горш за Дылана, і, калі б жыў у сярэдзіне 90-х, мог быць Бобам Дыланам, а Боб Дылан 2000 год таму мог быць Ісусам Хрыстом, чаму не, -- Сабіна Брыло пачала прэзентацыю, узгадаўшы пра дзве знакавыя асобы. -- Боба Дылана -- бо Нобелеўскі лаўрэат, і яму зараз добра, а Хрыстос – як яго не ўзгадаць, яму горш за ўсіх -- яго заўтра распнуць", -- пасля ўжо патлумачыла аўтарка свой выбар.

Пасля прачытала верш Барыса Пастэрнака “Гул затих. Я вышел на подмостки”, адзначыўшы, што фарысеяў шкада і што часцей атрымліваецца пісаць, бо самотны ў долі, і што сумна. “Але бываюць і радасныя падзеі, і ўвогуле ўсім трэба шкадаваць адно аднаго і дараваць”, – заўважыла Сабіна. Так і распачалася асноўная частка сустрэчы.

Сабіна крыху распавяла пра з’яўленне кнігі. Увогуле, вершы Сабіна пачала пісаць яшчэ ў юнацтве. Неяк не ставала грошай, і яна, вырашыўшы падзарабіць, аднесла іх у рэдакцыю. Вершы сталі друкаваць, а Сабіна пачала хадзіць на літаратурны гурток “Светотень”.

“Хадзіла некалькі год. Там былі дастаткова сур’ёзныя штудыі, аўтары, мы вучыліся адно ў аднаго. Падавалася, я пішу нядрэнныя вершы, нават адчувала сябе паэтам”, -- заўважыла аўтарка.

Пасля ў Сабіны нарадзіўся сын, было шмат працы, і яна збольшага 14 год пісала журналісцкія матэрыялы.

“У 2011 годзе я напісала эсэ “У Генри Ченаски не женское лицо”, дзе тлумачылася, чаму я не магу ствараць мастацкія тэксты, -- распавяла Сабіна. -- Бо я жанчына і баюся сказаць нейкія рэчы, якія мяне па-сапраўднаму пужаюць. А пасля -- бац! - і пачала зноў пісаць вершы”.

Гэта быў другі віток паэтычнай творчасці. У 2012 годзе Сабіна завяла Фэйсбук, там і пачала размяшчаць свае вершы. Напісала каля двухсот, палова з іх і ўвайшлі ў зборнік “Это буквы”. Выдаць зборнік Сабіне прапанаваў Саюз беларускіх пісьменнікаў.

“Выходзіць, у Саюзе былі людзі, якія мяне заўважылі і чыталі. Знайшла добрага дызайнера Лену Дзянісаву, -- расказала Сабіна. -- Спачатку я была супраць гэтай вокладкі, бо гэта маё неапрацаванае фота, нейкі культ асобы атрымліваецца. А сябры сказалі -- нармалёвы такі культ. Так і атрымалася кніга. А назву я доўга шукала, хацела назваць “Тир «Biblio» (па назве аднайменнага верша – рэд.), але так будзе называцца мая кніга, якая выйдзе па-літоўску ў Літве. Таму я выбрала іншы верш -- “Это буквы”. Ён насамрэч пра адсутнасць страху”.

Крыху пачытаўшы вершаў, аўтарка таксама заўважыла, што, калі выйшла кніга (а выйшла яна напрыканцы 2016 года), яна не рабіла прэзентацыю, проста прыйшла ў кафэ.

“Узяла кніжкі, людзі прыходзілі, мы размаўлялі, пілі гарбату. Пасля адна жанчына зладзіла ў фэйсбуку варажбу па маёй кнізе, -- распавяла Сабіна. -- Усе задавалі старонку і радок. Часам выпадалі жорсткія рэчы, бо тут далёка не ўсе радочкі пра вяселле ці грошы. Адной дзяўчынцы патрапіўся такі радок “например, седьмая палата, у выхода койка”. Я прачытала гэта на Фэйсбуку, і так мне страшна стала. І я хуценька напісала ёй, што верш харошы насамрэч, ён проста пра выбар. Лічыце, што калі-небудзь вы, магчыма, апынецеся ў такой сітуацыі, з якой нічога не трэба рабіць. Нават калі у 7-ую палату трапляеш – гэта нават і добра. Паляжаў, адпачыў, страўнік праверылі. А так бы ні ў жыцці яго (страўнік) не праверыў”.

Так распачалася варажба па зборніку вершаў “Это буквы”. Адразу ж першым выпаў радок “Еще одна свадьба, где все дети полезли под стол”, пасля “Столкнул с седьмого, когда ты мыла окно и попросили придержать”.

“Нічога, усё будзе добра, бачыце, колькі ўсяго з гераіняй наадбывалася, а яна -- жывая”, -- супакоіла Сабіна дзяўчыну, якой патрапіўся радок. Як далей развіваліся падзеі даведацца нескладана – дастаткова ўзяць зборнік вершаў “Это буквы” і загадаць старонку і радок.

Напрыканцы прэзентацыі публіка канчаткова разняволілася, пачаліся размовы, прыкладам, пра розныя варыянты вершаў.

“Я не ведаю, правільна вось зараз я на памяць радок прачытала ці не, бо часам хочацца іншых варыянтаў. Чаму не? Ты ж ніколі не ведаеш, якая рэдактура добрая. -- заўважыла Сабіна. І таксама распавяла пра працэс напісання вершаў. – Я проста падбіраю словы. Калі адчуваю, што слова не тое, доўга яго шукаю. У рыфме прасцей. Калі ж адмаўляешся ад рыфмы, ты меней пачынаеш залежаць ад мовы, наадварот, больш кіраваць ёй. Як чалавек, які піша паэтычныя і не паэтычныя тэксты, я магу сказаць, што гэта, канечне, два абсалютна розныя станы.

Тэкст паэтычны атрымліваецца ў выніку напружання, якое ў табе ўзнікла чамусьці. Я б нават сказала, можна яго вызначыць як прыцягненне да тэкста. У адзін цудоўны момант ты адчуваеш пэўнае прыцягненне, і ў цябе ёсць спосаб з ім справіцца. Ты садзішся і арганізуеш тэкст. Таму я лічу, што калі мне пашанціла, што я магу гэта рабіць часам, то мне пашанціла нашмат болей, чым некаторым людзям, у якіх няма такога спосабу. Магчыма, у іх ёсць нейкі іншы, свой. Які свой – можаце падзяліцца са мной. З залі падказваюць, што "сэкс, наркотыкі і рок-н-рол". Так, згодна. Мне пашанціла, што ў мяне багаты слоўнікавы запас і слых, і я вельмі смелая для таго, каб сказаць нейкія рэчы. А вось мая сяброўка ходзіць на балет. Мяне застрэль, я на балет не пайду. Я проста памру там, калі буду ведаць, што мне трэба нагу падняць, а на мяне ўсе дзяўчаты глядзяць”.

“А ўвогуле, кніжка, канечне, атрымалася", -- заўважыла напрыканцы прэзентацыі Сабіна. І з гэтым дакладна складана не пагадзіцца. Таму лепш паспяшацца, і пашукаць зборнік у кнігарнях – наклад амаль поўнасцю раскуплены, але можна ўсё ж паспрабаваць знайсці.

Рэцэнзіі на зборнік вершаў Сабіны Брыло можна пачытаць тут і тут

Тэкст: Аляксандра Дварэцкая, фота: Зарына Кандрацьева, lit-bel.org