«Пішуць, бо не маюць парабелума»: паэты-лаўрэаты сабраліся на фэсце Стральцова

А вось другая частка паэтычнага дэсанту раскрылася толькі 16 лютага, за пару гадзін да вечарыны. На адкрыцці фестывалю абвесцілі лаўрэатаў прэміі “Залаты апостраф”. Атрымаў паэтычную ўзнагароду часопіса “Дзеяслоў” Анатоль Брусевіч. Ён быў надта ўсцешаны, што прэмія адправіцца ў Гародню (не Горадню!).

Першым у гісторыі фэсту ўладальнікам прэміі Міхася Стральцова стаў Алег Мінкін.

Таксама на вечары выступіў Алесь Разанаў, якога ўшанавалі спецыяльнай прэміяй за ўнёсак у развіццё сучаснай беларускай літаратуры.

І ўсё ж цікава: ці варта ўсур’ёз успрымаць азначэнне “паэт-лаўрэат”? Што ўвогуле значыць прэмія, ці нейкая іншая форма адзнакі, для самога паэта?

Адказы такія.

Наста Кудасава: “З аднаго боку, для самога аўтара гэта ўсё ж такі фармальнасць. Бо насамрэч важна толькі адно: быць і рабіць сваю справу. Але калі ты жывы чалавек і існуеш у гэтым грамадстве, і часам перажываеш нейкія, скажам так, пакуты, падтрымка неабходная. Многіх аўтараў, якія галасавалі за маю кнігу, я проста не ведаю. Нават не ўяўляю, хто гэтыя людзі. Але яны адзначылі маю кнігу як найлепшую. Дзіўна і прыемна. Ёсць такі комплекс: проза – гэта сур’ёзна, а паэт – ён сам па сабе, галодны і няшчасны, і паэзія – нешта інтымнае... І вось аказваецца, што паэзія можа быць прызнанай і чытанай. Яна патрэбная”.

Міхал Бараноўскі: “Гэта чортава адказнасць”.

Уладзімір Някляеў: “Як бы ты ні ўпіраўся захоўваць у сабе эмоцыі маладосці, калі і кахаецца шалёна, і шчаслівіцца неверагодна, адбываецца амартызацыя. Чалавек страчвае тую энергію, што давалася адпачатку… У сённяшнім жыцці амаль нічога не ацэньваецца нармалёва. Нікому няма ніякай справы (прынамсі, так думаеш, жывучы ў сваім побыце), што ты там напісаў ці вынайшаў. І тое, што мая кніга была адзначаная, супала з тым, што я сам пра яе падумаў: для мяне “Толькі вершы” – кніга не прахадная. Нягледзячы на амартызацыю, пра якую я казаў спачатку, такія рэчы патрэбныя – хоць бы для таго, каб займець дататковую энергію. А людзі, якія сёння тут сабраліся – гэта і ёсць сучасная беларуская літаратура. Гэта людзі, якія не могуць прыняць цяперашнюю рэчаіснасць. Гэта людзі, якія пішуць, бо не маюць парабелума. Яны ствараюць кантэкст сённяшняй культуры. І дзякуй Богу, што ёсць магчымасць у гэтым кантэксце сустрэцца”.

Тэкст і фота: Наста Грышчук, lit-bel.org