Пісьменнікі Беларусі, Польшчы і Швецыі зладзілі летнія чытанні ў Кракаве

Сумесныя чытанні стануць традыцыйнымі. Месца і фармат іх правядзенняў будзе адвольным. Еўрарадыё прапануе фотарэпартаж з урыўкамі вершаў.


У чытаннях у Кракаве ўзялі ўдзел Алесь РазанаўМарыйка МартысевічЛіна ЭкдальЕжы ІлгСара ЛундбергАдам ЗагаеўскіАнэлі Юрдал (на здымку справа налева).

 

 

Гаспадаром сустрэчы быў Ежы Ілг, галоўны рэдактар легендарнага выдавецтва "Знак".

 

Алесь Разанаў"Кажуць, што ў беларусаў савецкі менталітэт. Гэта няпраўда. У беларусаў чалавечы менталітэт, проста маштабы меншыя. У шведаў і палякаў іншыя маштабы.  Запрашаю іх браць удзел у падобных працэсах. Няхай Адам Загаеўскі выдасць кніжку па-беларускі і праедзе з ёй па Беларусі. Так і нашыя маштабы могуць пашырацца".

 

Пасля чаго Алесь Разанаў прачытаў некалькі вершаў, сярод якіх "На гэтай зямлі".


Хто пытаецца ў мяне дарогу на ўсход, 
хто — дарогу на захад...

Нiбы раздарожжа, я паказваю ўсiм, куды 
iсцi, а сам застаюся на месцы — 
на гэтай зямлi, пад гэтым небам,

занадта лёгкi для глыбiнi,
занадта цяжкi для вышынi,
занадта цэласны, каб падавацца 
ў якi-небудзь бок...

Вось мая левая рука, вось — правая...
Я кладу зерне ў дол — i яно вырастае 
ў дрэва:

на адной галiне ў яго сонца,
на другой — месяц,
рознагалосыя птушкi з усiх канцоў свету
спяваюць на iм свае песнi i ладзяць 
гнёзды...

Тут мой захад, i тут – усход.

 


 

Відэа, зробленае падчас літаратурнага падарожжа ў Бярозе: Алесь Разанаў разважае пра тое, што пераклад дадае да верша, і чытае верш "Голас".

 

Адам Загаеўскі, аўтар вольных і белых вершаў, лаўрэат некалькіх міжнародных паэтычных прэмій, пагадзіўся на запрашэнне і прачытаў адзін са сваіх вершаў. 

 

Nawet w wielkim mieście zapada 
niekiedy cisza i słychać, jak po 
chodniku, pchane przez wiatr, 
przesuwają się zeszłoroczne liście, 
w ich nie kończącej się wędrówce 
ku zniszczeniu.

 

Нават у вялікім горадзе залягае

ціша часамі, і чутно,

як па ходніку, пханае ветрам,

сьпяшаецца лісце старое,

у сваёй бясконцай вандроўцы

да неіснавання.

(Пераклад С.А.)

 

 

Ліна Экдаль, лаўрэатка прэміі Вернэра Асперстрома, прачытала верш "Ноч" у перакладзе Дзмітрыя Плакса:

"Махні

крычу я з вакна спальні

вожычысе якая я ведаю не спіць

абяцаю ты будзеш мне сястрою

калі памахаеш я буду зваць цябе сястрою

хіба ж гэта не прыемна?

 

ноччу ўсё напружваецца

вырастае

задушліва

задушліва так

таму я і падумала сястра

сястра толькі

махні мне сястра

 

падумала я

крыкнула я так

хіба гэта так цяжка

хіба ж так цяжка падняць лапку

падняць лапку і махнуць сястры"

 

Сара Лундберг піша дзіцячыя кніжкі. Яна вельмі засмучаная, што беларускай дзіцячай літаратуры надаецца так мала ўвагі і асноўны вал твораў для дзяцей ідзе з-за мяжы. Яна прачытала чароўную, атмасферную казку "Віта Белая Крэска і Эйвінд" — пра дзяўчынку-парадак і хлопчыка-вецер. А таксама вершык "Лета":

 

"Снедаць.

лавіць матылькоў.

Ехаць на ровары.

смакаваць траву.

Збіраць ягады

Высока скокаць!

Сядзець ціхенька.

Вудзіць рыбу.

Рыба ляціць!

Можа, скупацца?

Збудаваць замак.

Слімак паўзе паміж лістамі суніцаў.

Дзеці выпраўляюцца ў цікавае падарожжа на

роварах, а ў блакітным небе ляціць белая чайка

лета ўжо тут!"

(Пераклад Надзеі Кандрусевіч)

 

 

Анэлі Юрдан пазнаёміла са сваім раманам "Аўгустоўскія лазні ўлетку". Пісьменнік-алкаголік едзе ў Аўгустоўскія лазні на лета пад пагрозаю разводу. Там ён знаёміцца з загадкавай дамай, якая лечыцца ў лазнях ад сіфілісу, і маладой дзяўчынай. Ствараецца своеасаблівы трохкутнік.

 

Анэлі зрабіла цікавы выклад з класавай рэчаіснасці Швецыі, якую часта лічыць першым бяскласавым грамадствам на свеце. Але так не ёсць. Проста класавыя розніцы ў Швецыі праяўляюцца інакш — праз доступ да адукацыі, праз паштовы адрас нават (у прэстыжных ці непрэстыжных раёнах жыве чалавек).

 

Марыйка Мартысевіч прачытала вершы са свайго нядаўняга зборніка "Амбасада", між іншых — "Верш сярэдзіны лета":

"Жыхары вёсак на поўначы Швэцыі
адказна падыходзяць да сьвята
сярэдзіны лета.
Галоўнае, лічаць яны,
каб тваё вогнішча
было вышэйшым за ўсё суседскія,
каб яно было самым высокім вогнішчам у акрузе.
Дзеля гэтага сьцягваецца ўсё, што гарыць,
і складуецца штабялямі на лузе.

Калі б з мальцамі поўначы Швэцыі
меў магчымасьць пацерці
сусед маёй бабці
з поўначы Беларусі,
адзін такі Мішка,
ён бы мог даць ім шмат карысных парадаў
што да прадмету:

"Аснова кастра — пакрышкі, —
казаў бы Мішка, сплёўваючы пад ногі
дажаваную скурку ад сала, —
запомніце, рэбза, пакрышак
ніколі не бывае замала.
Чым болей пакрышак,
тым круча пройдзе Купала".

Чытанні адбываліся ў скляпенні Nordic House у старым горадзе Кракава на вуліцы Святой Анны.

Здымкі рабіла прадусарка чытанняў Марыя Сёдэрберг. Чытанні адбываліся ў рамках міжнароднага падарожжа "Крокамі Адама Міцкевіча"

Здымкаў з падарожжа Мінск-Навагрудак-Бяроза-Брэст-Варшава-Кракаў больш на шведска-беларускім літаратурным блогу: belaruslitteratur.blogspot.se


Сьвятлана Адзінец,

euroradio.fm

Фота Марыі Сёдэрберг, відэа - Алены Казловай lit-bel.org