Пісьменнік Давід Шульман прэзентаваў новую кнігу (фотарэпартаж)
Нягледзячы на тое, што спадар Давід ужо шмат гадоў жыве і працуе ў ізраільскім горадзе Эйлаце, ён ніколі не забываўся на Беларусь, дзе нарадзіўся і вырас. Празаік піша на некалькіх мовах — беларускай, рускай, ідыш. Яго новая беларускамоўная кніга "З вялікай літары "Б", апублікаваная ў выдавецтве "Кнігазбор", па сутнасці з'явілася працягам папярэдняй кнігі прозы, што выйшла два гады таму і таксама была прэзентаваная ў Мінску.
Павал Касцюкевіч прадстаўляе Давіда Шульмана
Чытае Давід Шульман
Андрэй Хадановіч і Уладзімер Арлоў
Па словах пісьменніка Уладзімера Арлова, Давід Шульман фактычна адзіны ізраільскі аўтар, які піша па-беларуску. Пра ўнікальнасць і важнасць міжкультурнага супрацоўніцтва гаварылі таксама іншыя выступоўцы: грамадскі дзеяч, выкладчык, перакладчык Лявон Баршчэўскі, Старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.
Уверсе: Андрэй Хадановіч, Давід Шульман, Уладзімер Арлоў
Выступае Лявон Баршчэўскі
Цягам прэзентацыі аўтар зачытваў фрагменты апавяданняў з новай кнігі, многія з якіх маюць аўтабіяграфічны характар. Тэматыка твораў разнастайная — ад жартоўных і самаіранічных аповедаў пра часы ліхіх 1990-х у Беларусі да трагічных успамінаў відавочцаў, сваякоў спадара Давіда, часу Другой сусветнай вайны, калі ад генацыду пацярпела, без перабольшання, амаль кожная яўрэйская сям'я.
Завяршылася вечарына аўтограф-сесіяй Давіда Шульмана.
Тэкст і фота: Віка Трэнас, для lit-bel.org