Пісьменнікі пачалі вучыцца з лістапада

15 лістапада ў Мінску прайшлі першыя семінары з пісьменніцай Людмілай Рублеўскай і літаратуразнаўцам Ганнай Бутырчык, гутарка са старшынём СБП Барысам Пятровічам, а таксама знаёмства з куратарамі Школы Юліяй Цімафеевай і Аленай Казловай, якія расказалі пра тое, як будзе адбывацца навучальны працэс.

Практычныя заняткі ў Школе, якая працуе ўжо трэці год пры ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, таксама будзе весці пісьменніца Наталка Бабіна. У межах асобных майстар-класаў і лекцыяў навучэнцы будуць сустракацца з запрошанымі гасцямі — беларускімі і замежнымі пісьменнікамі і навукоўцамі.

“Леташняя Школа прайшла вельмі ўдала, — кажуць куратары, — 80% тых, хто прыйшоў напачатку года, давучыліся да канца, некаторыя выпускнікі нават дасылалі паўторныя заяўкі ў Школу ў гэтым годзе, але, на жаль, зрабіць навучальную праграму на некалькі гадоў пакуль няма магчымасці. Конкурс сёлета склаў 1,75 чалавека на месца. Калі параўнаць с конкурсамі ў афіцыйныя беларускія навучальныя ўстановы, гэта добрыя паказнікі для нефармальнага адукацыйнага праекта”.

У многіх навучэнцаў мінулага года ўпершыню з’явіліся газетныя і  часопісныя публікацыі. У двух аўтараў — Антона Рудака і Андрэя Лазуткіна — выйшлі дэбютныя кнігі ў серыі “Пункт адліку”, якую выдае СБП, таксама леташняя група маладых пісьменнікаў уклала агульны зборнік тэкстаў, які зараз знаходзіцца ў працэсе падрыхтоўкі да друку.

На семінары Ганны Бутырчык

Сёлета вучыцца пісаць прозу ў Школу маладога пісьменніка прыйшлі 22 чалавекі. Шасцёра з іх будуць прыязджаць на заняткі з рэгіёнаў.

На першых практычных маладым аўтарам давялося дапісваць тэкст Васіля Быкава (заданне Людмілы Рублеўскай) і тлумачыць сваё разуменне сэнсу творчасці ў форме акраверша (заданне Ганны Бутырчык).

Прэсавая служба СБП спыталася ў маладых аўтараў пра іх уражанні ад заняткаў:

“Чакала звычайных лекцый, нават канспекты падрыхтавала запісваць. Але выдыхнула з палёгкай, калі стала ясна, што нудоцця не будзе”.

“Прыемна, што можна выказацца і абмеркаваць нешта”.

“Усё так па-хатняму і адначасова па-школьнаму. Толькі крыху з раскладам праблемы, але, спадзяюся, што ва ўніверсітэце на мяне не надта будуць злаваць. Я не магу вылучыць асобныя моманты з выкладчыкамі, але мне запомніліся ўсмешкі аднакласнікаў”.

“Дзякуй Людміле Рублеускай за душэўнасць, лёгкасць, развейванне міфаў. Дзякуй Ганне Бутырчык за экскурс у літаратуру ўпарадкаваную (у параўнанні з маім хаосам) і любоў да Айн Рэнд , дзякуй Барысу Пятровічу за тлумачэнні што-калі-навошта. Уражанні ад усяго - я трапіла ў казку”. 

Заняткі ў Школе будуць праходзіць два разы на месяц па суботах. 

Прэсавая служба СБП