Пісьменніца Алена Васілевіч адзначае сваё 90-годдзе

Сёння, 22 снежня, пісьменніца Алена Васілевіч адзначае сваё 90-годдзе. Глыбокашаноўная Алена Сямёнаўна! Ад шчырага сэрца віншуем Вас з юбілеем і жадаем моцнага здароўя і штодзённай радасці жыцця!

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

Алена Васілевіч нарадзілася 22 снежня 1922 у засценку Даманшчына (цяпер вёска Ліпнікі) Слуцкага раёна Мінскай вобласці. Засталася без бацькоў на восьмым годзе жыцця. Выхоўвалася ў сваякоў. Скончыла літаратурны факультэт Рагачоўскага настаўніцкага інстытута (1941). У час Другой сусветнай вайны працавала бібліятэкарам у шпіталі, пісарам страявой часці, начальнікам бібліятэкі. У 1946 скончыла філалагічны факультэт БДУ. Працавала літкансультантам, загадчыкам аддзела культуры часопіса «Работніца і сялянка», загадчыкам рэдакцыі літаратуры для юнацтва выдавецтваў «Мастацкая літаратура», «Юнацтва». Сябра СП СССР з 1947. Першы мастацкі твор (аповесць «У прасторах жыцця») надрукавала ў 1947 (часопіс «Беларусь»). Напісала кніжкі апавяданняў, аповесць «Шляхі-дарогі» (1950), цыкл аповесцяў «Расці, Ганька» (1966), «Доля цябе знойдзе» (1968), «Новы свет» (1970), «Пачакай, затрымайся…» (1970), якія склалі тэтралогію «Пачакай, затрымайся…» (1972). Аўтар кніг «Люблю, хвалююся, жыву» (нататкі, эсэ, 1986), «Элегія» (апавяданні, эцюды, эсэ, 1988). Выдадзены Выбраныя творы ў 3 тамах (1982–1983). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за тэтралогію «Пачакай, затрымайся…».

На кнігах Алены Васілевіч выгадавалася не адно пакаленне беларусаў. Літаратурны крытык Ала Сямёнава піша: “За свой  пісьменніцкі шлях яна расказвала пра чалавека. Пра жанчыну. Пра дзяцей. Пра жыццёвыя дачыненні і калізіі. Пра ўзаемаадносіны людзей. Тонка разумеючы іх псіхалогію. Умеючы паглядзець на свет з добрым гумарам і разуменнем, з мяккай усмешлівай іроніяй. З вельмі адчувальным лірызмам”.

Прэсавая служба СБП