Пісьменніца Лідзія Андрэева прэзентавала ў Горках кнігу "Мая сям'я ад А да Я"

Кніга Лідзіі Андрэевай  —  удалы прыклад таго, як вершы для дзяцей могуць не толькі служыць для забавы, але і несці навучальную і выхаваўчую функцыі.  У сваёй кнізе пісьменніца  ​​здзяйсняе з маленькім чытачом займальнае падарожжа па беларускім алфавіце, робячы прыпынкі на кожнай літары, і, такім чынам, адкрываючы дзіцяці цэлы свет  —  з людзьмі, жывёламі, раслінамі, прадметамі побыту, заняткамі і прафесіямі, паняццямі і ідэямі.

Несумненна, кніга "Мая сям'я ад А да Я" прыйшлася даспадобы дзецям, якія сабраліся на прэзентацыі.

Сапраўднай падзеяй стала правядзенне госцяй майстар-класа для юных паэтаў-удзельнікаў клуба "Юны літаратар", якія дзеля такой важнай падзеі падрыхтаваліся загадзя, напісаўшы вершы, апавяданні і казкі.

Талент можна распазнаць яшчэ ў раннім дзяцінстве, але самае галоўнае — падтрымаць і развіць выяўленыя здольнасці.

Лідзія Андрэева з удзельнікамі клуба "Юны літаратар"

Паэтка ўважліва азнаёмілася з прадастаўленымі творамі юных аўтараў. Самым вялікім страхам для пачаткоўцаў з'яўляецца крытыка і меркаванне навакольных, таму спадарыня Лідзія ​​далікатна дала ацэнку пачаткоўцам, зрабіла парады, як напісаць ярка, вобразна, як падабраць патрэбную і цікавую рыфму .

Кажучы пра тэмы і сюжэты вершаў, яна параіла дзецям не абмяжоўвацца рэкамендацыямі дарослых, а часцей прыслухоўвацца да сябе, да свайго ўнутранага свету, імкнуцца заўважаць усё, што адбываецца вакол, вучыцца падбіраць дакладныя словы, знаходзіць выразныя вобразы, пастаянна працаваць над сваёй паэтычнай мовай і пісьменнасцю.

Заняткі хлопчыкаў і дзяўчынак у клубе “Юны літаратар” на дадзеным этапе  — займальнае захапленне , але для кагосьці, магчыма, гэта зробіцца сэнсам жыцця.

Лідзія Андрэеўна параіла: "Выказаць свае думкі можна і вершамі, і прозай, але самае галоўнае, каб словы ішлі ад душы. Пішыце пра тое, што адчуваеце! ".

Выслухаўшы аўтара, кожны для сябе зрабіў высновы. І ўжо наступная сустрэча абяцае быць яшчэ больш займальнай і пазнавальнай для ўдзельнікаў клуба.

Магілёўскае абласное аддзяленне СБП

Выказваем удзячнасць Горацкай раённай дзіцячай бібліятэцы і сайту horki.info за прадастаўленыя матэрыялы.