Пісьменніцкія сустрэчы прайшлі ў Берасці (+ФОТА)

Першым пунктам у насычаным дні сталася прыемнае знаёмства з маладымі берасцейцамі — чатырма вучнямі 5-га класа сярэдняй школы № 29 горада Берасця, што пачалі сёлета вучыцца на роднай мове, утварыўшы маленькі (адзіны на ўвесь абласны цэнтр!) беларускі клас.

Сустрэча прайшла ў школьнай бібліятэцы, дзе пісьменнікі адказалі на пытанні цікаўных школьнікаў і перадалі ім невялікія прэзенты — кнігі і сувеніры ад ГА «СБП».

Злева направа: Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, Васіль Жуковіч

Наступным быў візіт на філалагічны факультэт да студэнтаў Бресцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, што вось ужо ў дзявяты раз удзельнічаюць у чытаннях, прысвечаных земляку, таленавітаму пісьменніку і педагогу Уладзіміру Андрэевічу Калесніку.

У гутарцы са студэнтамі ўдзельнічалі: старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення СБП Іван Мельнічук, сябры Берасцейскай філіі СБП Мікола Аляхновіч, Святлана Варонік, Леанід Філатаў.

Алесь Пашкевіч і Леанід Філатаў

Выступілі Старшыня пісьменніцкай арганізацыі Барыс Пятровіч і яго першы намеснік Алесь Пашкевіч, а таксама літаратары Васіль Жуковіч, Усевалад Сцебурака.

Леанід Філатаў, Мікола Аляхновіч

Барыс Пятровіч павіншаваў студэнтаў з тым, што беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч стала першай у гісторыі нашай краіны лаўрэаткай Нобелеўскай прэміі і адзначыў, што літаратура нонфікшн, якую стварае Святлана Аляксандраўна, па сутнасці была распачатая ў Беларусі якраз Алесем Адамовічам і Уладзімірам Калеснікам падчас працы над кнігай “Я з вогненнай вёскі”.

Злева направа: Мікола Папека, Васіль Дэбіш, Лявон Валасюк, Алесь Каско 

У межах сустрэчы адбылося ажно тры прэзентацыі новых кніг: “Арабінавую ноч”, кнігу прозы, што выйшла ў серыі “Кнігарня пісьменніка”, прадставіў Васіль Жуковіч; вершы з дзіцячай кніжкі “Добрыя падказкі” агучыў Іван Мельнічук, пра сваю новую кнігу “Рух” распавёў Алесь Пашкевіч.

Святлана Сямашка і Іван Мельнічук

Трэцяя імпрэза з удзелам пісьменнікаў адбылася ў Дзіцячай гарадской бібліятэцы Берасця, дзе галоўнай дзейнай асобай стаў Іван Мельнічук і яго “Добрыя падказкі”.

Іван Мельнічук размаўляе з журналістамі

Вечарына сабрала цікаўную моладзь горада, а таксама шматлікіх сяброў і калегаў аўтара. Традыцыйна да ўдзелу далучылася Святлана Сямашка – дырэктар гарадской цэнтралізаванай сістэмы Берасця, якая цёпла павіншавала аўтара і распавяла пра даўняе плённае супрацоўніцтва берасцейскіх аўтараў з бібліятэкамі горада.

Барыс Пятровіч і Іван Мельнічук

Барыс Пятровіч выступіў з прывітальным словам і перадаў у фонды бібліятэкі новыя выданні ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.

Васіль Жуковіч

Аўтограф ад Васіля Жуковіча

Апошнім акордам насычанага дня сталася невялікая аўтограф-сесія Васіля Жуковіча ў гарадской кнігарні “Іскра”, падчас якой ахвотныя берасцейцы змаглі атрымаць асобнік новай, на гэты раз празаічнай, кнігі “Арабінавая ноч” з дарчым подпісам аўтара.

Тэкст і фота: Усевалад Сцебурака, для lit-bel.org