Публічная дыскусія "Цялеснасць і тэкст" – 18 снежня

18 снежня (аўторак) у кнігарні “логвінаЎ” (пр. Незалежнасці, 37А) адбудзецца публічная дыскусія “Цялеснасць і тэкст”. Сустрэча праходзіць у межах серыі літаратурна-гендэрных праектаў ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”. Пачатак у 18.30.

Цялеснасць – тое, што зададзена нам ад пачатку, тое, што абумоўлівае, абмяжоўвае і “ажыццяўляе” наша быццё. Тэкст у самым шырокім сэнсе слова ёсць інструментам асэнсавання гэтага самага быцця. Пра ўзаемасувязі феноменаў цела і тэксту пойдзе гаворка падчас прапанаванай дыскусіі.

Мы абмяркуем, наколькі цялеснасць паддаецца і супраціўляецца вербалізацыі ў тэксце. Звернемся да такіх ключавых момантаў праяўлення цялеснасці, як боль ды сэксуальнасць, а таксама да праблематыкі мужчынскага і жаночага цела ў кантэксце тэксту. Пагаворым і пра тое, якія функцыі выконвае тэкст у сувязі з цялеснасцю: ці ён адлюстроўвае досвед цялеснасці ці, можа, фармуе яго, калі тэкст робіцца працягам уласнага цела і дае магчымасць прайграваць дадатковыя звязаныя з цялеснасцю сцэнарыі? Як асэнсаванне цялеснасці ў тэксце ўплывае на перажыванне гэтай самай цялеснасці?

Мадэратарка: Ірына Герасімовіч – арт-менеджэрка, перакладчыца

Удзельнікі:

Вольга Гапеева – паэтка, перакладчыца, лінгвістка,

Юрась Барысевіч – мастак, перакладчык, пісьменнік.

Запрашаем да адкрытага абмеркавання ўсіх наведнікаў. Уваход вольны.

Прэсавая служба СБП