"П'яўку" Ю. Станкевіча прэзентуюць у кнігарні "логвінаЎ"

 10 сакавіка 2011 ў кнігарні «логвінаЎ» (пр. Незалежнасці 37А) адбудзецца вялікая прэзентацыя кнігі Ю. Станкевіча «П’яўка»!

Пачатак, а 19:00. Уваход — вольны.

Не без падставаў чытачы, крытыкі называюць «П’яўку адной з найлепшых кніг у галіне прозы за мінулы год.

У імпрэзе, акрамя аўтара, бяруць удзел:

Ірына Шаўлякова

Маргарыта Аляшкевіч

Агата Ракава

Ірына Хамрэнка

Зміцер Вішнёў

Віка Трэнас

Анатоль Івашчанка

Раман «П’яўка» створаны ў жанры антыўтопіі. Аўтар скіроўвае чытача ў 2050 год — час, калі чалавецтва, прайшоўшы праз шэраг тэхнагенных і экалагічных катастроф, хістаецца і трымціць перад іх наступствамі. У цэнтры наватарскага твора-прытчы, напісанага аўтарам у звыклай для яго дакладнай і жорсткай форме, — магчымы лёс краіны, а таксама лёс дваіх закаханых, што спрабуюць супрацьстаяць цёмным сілам жыцця.

Юры Станкевіч — вядомы беларускі празаік, драматург, сцэнарыст. Аўтар некалькіх раманаў, апавяданняў, а таксама п’ес і кінасцэнарыяў. Неаднаразова быў лаўрэатам конкурсаў драматургаў і сцэнарыстаў. Ягоныя творы перакладзеныя на розныя мовы свету. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і ПЭН-цэнтра.

Юры Станкевіч прыйшоў у літаратуру ў 1988 годзе. За гэты час набыў вялікую папулярнасць. Мае рэпутацыю жорсткага, часам радыкальнага аўтара-наватара.

Кнігарня «логвінаЎ» знаходзіцца ў дварах за домам «Подзвіг народа», што на пл. Перамогі.

nn.by