Пяты выпуск Школы маладога пісьменніка — у добры шлях!
Павіншаваць маладых празаікаў прыйшлі выкладчыцы Ганна Бутырчык і Наталля Паваляева, каардынатаркі Школы Алена Казлова і Юля Цімафеева. Людміла Рублеўская, якая не змагла прысутнічаць, звярнулася да сваіх вучняў праз відэа.
Алена Казлова, Юля Цімафеева, Наталля Паваляева
Барыс Пятровіч (Сачанка)
Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч і намеснік старшыні Алесь Пашкевіч выступілі з прывітальнымі і віншавальнымі словамі, уручылі кожнаму з маладых аўтараў сертыфікаты. Выпускнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі пра Школу і сакурснікаў і зачыталі фрагменты з уласных твораў.
Дар'я Трайдэн і Аляксандр Веледзімовіч
Сімвалам імпрэзы стаў "лёгкі, шпаркі матылёк", які ўпрыгожваў святочныя ўбранні навучэнцаў. Вялі вечарыну Дар'я Трайдэн і Аляксандр Веледзімовіч.
Алесь Пашкевіч
Ганна Бутырчык
"Гэта адзіная Школа, дзе хочацца застацца на другі год", -- жартуюць выпускнікі, і сапраўды -- кожны з іх мае магчымасць падаць заяўку на навучанне на другім курсе, цягам якога будзе рыхтаваць свой уласны праект -- кнігу.
На сустрэчы прагучала шмат цёплых словаў узаемнай падзякі, бо Школа -- не проста нефармальны адукацыйны праект, а таксама месца, дзе знаходзяць і веды, і новых сяброў, і свой шлях у літаратуру. Галоўнае, што падкрэслівалі старэйшыя калегі ў сваіх пажаданнях выпускнікам -- не спыняцца на дасягнутым. Гэта не заканчэнне -- гэта насамрэч працяг.
Інфармацыю пра Школу маладога пісьменніка чытайце ТУТ.
Абвесткі пра наступны набор у Школу з’явяцца ў жніўні. Каб не прапусціць іх, падпісвайцеся на старонку Школы ў FB і сачыце за навінамі на сайце lit-bel.org.
Тэкст і фота: Віка Трэнас, для lit-bel.org