Пяты выпуск альманаха "Панядзелак" пабачыў свет

Сярод 34 беларускіх аўтараў, якія патрапілі на старонкі выдання, ёсць як пачаткоўцы, так і вядомыя творцы: паэты Таццяна Мацюхіна, Таццяна Барысюк, Віктар Шніп, Валерый Максімовіч, празаікі Юры Мельнікаў, Адам Выгодскі. Змешчаны ў “Панядзелку” артыкул Таццяны Шамякінай да юбілею Алеся Герасімавіча Масарэнкі.

У “Вянку памяці” можна прачытаць выбраныя вершы гарадзенскага паэта Юрыя Гуменюка, які трагічна загінуў 19 студзеня 2013 года. У паслямове да публікацыі пісьменнік і краязнаўца Лявон Вашко адзначае:

“Паэт прыйшоў у беларускую літаратуру на сутыку дзвюх эпохаў, калі занепадала савецкая традыцыя і ў дэзарыентаванасці, спрэчках, пошуках нараджаліся ідэйныя каштоўнасці будучыні <…>  Ягоныя ўчынкі ў літаратуры вызначаліся прыстойнасцю, адданасцю ідэям свабоды і нонканфармізму. Ён ніколі не слугаваў і не выслужваўся, не прыстасоўваўся і не рабіў кар’еры”.

Юры Гумянюк

Аўра

Б’ецца стронга аб лёд

так, як я. Так, як ты.

Так, як мы.

Паўстае малады карагод

па-над гмахам сталічнай турмы.

Новы год

            хімерычны

не робіцца кволым

зусім.

Ўсё наўкола

Такое-сякое.

У грудзях пачуццё трапяткое

і дым,

нібы кнот заліваюць з біклагі.

Тры нястрымныя літары

нішчаць паперу.

Паміраць без паветра няблага,

калі ёсць пераможная вера.

жнівень 1991

Мяжа

Ты імкнесся кудысьці…

Вось тунель да святла…

Крочыш. Мёртвае лісце

Засланяе імгла.

 

Толькі жоўты агеньчык

моўчкі вызначыць шлях.

Сіл не хопіць. Заенчыш,

не ўзбярэсся на дах.

Паляціш, нібы вецер,

зверху – ўніз, знізу – ўверх.

Безлітоснае вецце

твар ушчэнт раздзярэ.

 

Застанецца агеньчык

ды тунель да святла,

ды нямая паненка,

што сюды прывяла.

23 верасня 1991

Дарога

Трэба захлынуцца апантанасцю жыцця,

у калодзеж кінуць сатанінскае дзіця.

 

Нават калі ў люстры абыякавы дэбіл,

нават калі болей не хапае грошай, сіл.

 

Нават калі ноччу ружы чорная расце,

нават калі плачуць фарысеі па Хрысце.

 

Нават калі з трунаў выпаўзаюць мерцвякі,

нават калі цела папсавалі чарвякі.

 

Нават калі вораг – твой старэйшы брат,

Нават калі ў ложку спіць з каханай кат.

 

Нават калі сонца – чэрап караля,

нават калі попел – мёртвая ралля.

 

Нават калі крыкнеш: “Болей сіл няма!” –

У адказ пачуеш: “Горад, як турма!”

І самотны пойдзеш праз святло наўскос,

Дзе цябе сустрэнуць Д’ябал і Хрыстос.

чэрвень 1991  

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"