Пяцікніжжа Свабоды: Андрэй Расінскі – пра недапісаныя кнігі

Сярод беларускіх кнігаў адмысловае месца займаюць кнігі
недапісаныя. У сталых літаратурах такіх кнігаў шмат. Кнігі не
завяршаюцца па розных прычынах. Аўтар старэе й памірае, губляе
цікавасьць да твору альбо не задаволены вынікамі дый ня ведае, якім
чынам паставіць кропку. У выпадку зь беларускай літаратурай творчыя
чыньнікі адыходзяць на другі плян. Беларускія кнігі абрываюцца, таму што
беларускай мове пісаўся іншы фінал.
Андрэй Расінскі – пра недапісаныя кнігі.
«Запіскі Самсона Самасуя» Андрэя Мрыя сёньня праходзяць у школе. Прыгоды кар’ерыста-прыстасаванца, складзеныя ў далёкім 29-ым, апісаныя жвава й сакавіта — і здаюцца завершанымі. На пачатку 90-ых гадоў нават мелася тэлевізійная пастаноўка паводле гэнага сатырычнага твору. Але кніга Андрэя Мрыя, на доўгі час забароненага й гвалтоўна забытага, гэта толькі першы скрутак. Шахрай і выхваляка Самсон Самасуй, які ведае, як пажывіцца ў любых умовах дый трапна выкарыстоўвае камуністычную рыторыку, ня мусіў абмяжоўвацца вёскамі й раёнамі. У наступным скрутку Андрэй Мрый адпраўляў яго на павышэньне. Але год сталінскага перавароту стаўся апошнім годам беларусізацыі. А сам аўтар твору неўзабаве загінуў падчас рэпрэсій.
Другі незавершаны раман, які пераўтварыўся ў легенду — «Крывічы» Міхася Зарэцкага. Першая частка раману была надрукаваная ў часопісе «Полымя» — і адразу выклікала варожасьць бальшавікоў, якія шчэ граліся ў падтрымку паняволеных народаў. Адмоўная рэакцыя — ня дзіва. У рамане, дзе ставіліся пытаньні нацыянальнае тоеснасьці, адмоўны камуністычны пэрсанаж прызнаваўся ў махлярстве: «Беларусізацыя — гэта, браце, хітрая штука. Гэта стаўка на форму... Аўладаць формай, адлучыць яе ад зьместу, вылегчыць яе, выкруціць, высушыць і... выкінуць вон... Гэта палітыка гандляроў з рынку, якія заўсёды зьвяртаюцца да сялян у іх роднай мове, каб лягчэй абдурыць іх». Працяг раману, верагодна, быў арыштаваны разам з аўтарам — і зьнікнуў у нетрах карніцкага савецкага апарату.
Апошнія творы Міхася Гарэцкага — гэта суцэльныя шматкроп’і. Аўтар быў адпраўлены ў ссылку ў 1930 годзе, а ў 1937 годзе рэпрэсаваны ізноў і дый закатаваны. Сама паказальным незавершаным творам Гарэцкага выглядае «Камароўская хроніка», пабудаваная, як сямейны летапіс ХІХ-ХХ стагодзьдзя. Складальнікі падручніка па гісторыі беларускай літаратуры нават заўважаюць, што «будучы закончаным, твор, несумненна, меў бы ня меншы рэзананс, чым маюць зараз «Віленскія камунары» М.Гарэцкага, а таксама «Палеская хроніка» І.Мележа…» Але Гарэцкі пераводзіў сваіх улюбёных герояў з кнігі ў кнігу; такім чынам дадаткова стваралася незавершанасьць. Сама ўзорны герой — Лявон Задума, які «дэбютаваў» шчэ ў раньніх апавяданьнях Гарэцкага, а апошні раз зьявіўся ў аўтабіяграфічным «Лявоніусе Задумекусе» (1931-32).
Трагічна незавершаная й творчасьць Кузьмы Чорнага.
Многія лічылі яго — і небеспадстаўна лічаць да сёньня — адным з сама
цікавых беларускіх аўтараў, які набліжаўся да таго, каб стварыць
падставовы беларускі раман. Кузьма Чорны таксама быў увязьнены, яго
катавалі, але выпусьцілі. У сваім «Дзёньніку» Кузьма Чорны піша: «Я гіну
і не магу выкарыстаць як бы трэба было свой талент. Сілы мае трацяцца і
марнуюцца без карысьці. Доўгія гады мяне мучыла ГПУ-НКВД. <…>
Апарат НКГБ і тысячы чыноўнікаў займаюць увесь горад — яны ўмеюць і
любяць рваць адзін аднаго і ўсіх за горла, а я гэтага ня ўмею рабіць,
дык не магу нават дастаць хоць тоненькі праменьчык дзённага сьвятла ў
вакно і мучуся ў пограбе. Божа, напішы за мяне мае раманы, хіба так
маліцца, ці што?» — на гэтым апошнім крыку нататкі Чорнага абрываюцца.
«Каласы пад сярпом тваім» Уладзімера Караткевіча
абрываюцца зь іншай прычыны. Так, у важкім рамане на сотні старонак,
пастаўленая кропка. Але «Каласы пад сярпом тваім» — толькі пралёг да
вялікае гістарычнае эпапэі пра паўстаньне 1863 году, калі Беларусь
здабывала свабоду. Гэта завязка, расстаноўка сілаў. І незавершанасьць
эпапэі асабліва адчувальная, калі сёньня спрабуюць раман экранізаваць.
Лініі пачынаюцца — але працяг мусіць быць толькі ў наступных кнігах.
Дарэчы, ёсьцека твор «Зброя» — але толькі бакавы атожылак ад «Каласоў».
Сам Караткевіч прызнаваўся, што ня можа пісаць працяг, яму балюча, ён
занадта палюбіў сваіх герояў, каб адпраўляць іх на сьмерць.
Але ў 2006 годзе ў Менску паўстала Плошча Каліноўскага. Адзін з ключавых
герояў раману ажыў у сучаснай Беларусі. Плошча працягнулася сёньняшнімі
вечарамі воплескаў. Раней беларускія кнігі абрывала гісторыя. Цяпер яна
іх дапісввае.