«Пяцісотгоднасць» у Гомелі (+фота)

Гомель наведалі рэдактаркі літаратурна-забаўляльнага альманаха для дзетак “Гарбузік” Паліна Грынчанка і Вольга Мазурава, а таксама паэт, супрацоўнік часопіса “Дзеяслоў” Анатоль Івашчанка. Да гасцей далучыўся знакаміты мясцовы бард Андрэй Мельнікаў.

Гаспадары, выкладчыкі курсаў “Мова Нанова” Юлія Сівец і Мікола Бянько зрабілі экскурс у гісторыю друкаваных выданняў на беларускай мове, згадаўшы першыя беларускамоўныя часопісы і газеты, у тым ліку – для дзетак.

Вольга Мазурава і Паліна Грынчанка

Як думаеце, што зашыфравана ў гэтым рэбусе?

Менскія госці працягнулі гэтую гаворку глыбей у гісторыю, запытаўшыся ў аўдыторыі, калі, кім і дзе была надрукаваная першая кніга на старабеларускай мове. Атрымаўшы адказ – 6 жніўня 1517 года ў Празе Францыск Скарына надрукаваў сваю першую кнігу “Псалтыр” – Анатоль Івашчанка заклікаў прысутных браць удзел у галасаванцы “Пяцісотгоднасць: абярэм 20 знакавых кніг разам”.

Паліна Грынчанка і Вольга Мазурава распавялі пра ідэю стварэння альманаха “Гарбузік” і падзяліліся ідэямі што да далейшых выпускаў выдання, а таксама правялі майстар-клас па стварэнні і разгадванні рэбусаў.

Анатоль Івашчанка

Гледачы пазнаёміліся з некаторымі тэкстамі свежага “Гарбузіка”: былі зачытаныя лімерыкі Эдварда Ліра ў перакладзе Макса Шчура – сёлетняга пераможцы прэміі імя Ежы Гедройця, а таксама жахалкі Андрэя Хадановіча. Сярод віртуальных гасцей імпрэзы быў гомельскі літаратар Сяргей Балахонаў, лімерыкі якога таксама прагучалі.

Анатоль Івашчанка распавёў пра новы нумар “Дзеяслова”, што днямі пабачыў свет і пазнаёміў слухачоў курсаў “Мова Нанова” са сваімі новымі вершамі ды перакладамі расійскай рок-паэзіі на беларускую мову.

Андрэй Мельнікаў выканаў нефармальны гімн Гомеля і свой хіт пра раён Сяльмаш.

Цягам сустрэчы самыя актыўныя ўдзельнікі мелі мажлівасць атрымаць прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” і часопіса “Дзеяслоў”.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"