«Пяцісотгоднасць» завітала ў Гомель

Вялікай яна стала не толькі праз прысутнасць на ёй добрай сотні студэнтаў-філолагаў, але і праз тое, што ў сустрэчы было ажно тры істотныя нагоды.

Выступае Генадзь Лапацін

Першая нагода – выхад трэцяга нумара літаратурнага альманаха “Палац”, што выдаецца Гомельскім абласным аддзяленнем СБП. Яго прадставіў старшыня Гомельскай абласной філіі Анатоль Бароўскі, распавёў пра яго асаблівасці ды заклікаў ахвотных паспрабаваць свае сілы ў літаратуры, дасылаць творы на адрас рэдакцыі. Да выступа рэдактара альманаха далучыліся з чытаннем вершаў паэты Генадзь Лапацін і Ігар Агілевіч.

Уверсе: выступае Алесь Пашкевіч; унізе: Барыс Пятровіч (Сачанка), Усевалад Сцебурака, Алесь Пашкевіч

Другой важнай прычынай для сустрэчы стаў выхад у серыі “Кнігарня пісьменніка” кнігі “Пад сузор’ем сярпа і молата” празаіка Барыса Іванавіча Сачанкі, якому б сёлета споўнілася 80 гадоў. З грунтоўным расповедам пра асобу пісьменніка, яго творчасць і родныя мясціны – вёску Вялікі Бор Хойніцкага раёна, адкуль выйшла цэлая пляяда выдатных сыноў Беларусі, выступіў Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч.

Анжэла Мельнікава, Іван Штэйнер

У працяг гутаркі першы намеснік старшыні Алесь Пашкевіч расказаў пра новы, 81-ы нумар часопіса “Дзеяслоў”, які таксама стаў тэматычным  — “гомельскім”, утрымліваючы не толькі матэрыялы, прысвечаныя Сачанку, але і публікацыі Анжэлы Мельнікавай і Івана Штэйнера.

У другой палове сустрэчы студэнтам у выкананні памочніка старшыні Усевалада Сцебуракі была прэзентаваная мультымедыйная лекцыя ў межах кампаніі “Пяцісотгоднасць”, распачатай сёлета ГА “СБП” і МГА “Бацькаўшчына”. Гледачы пачулі і ўзгадалі цікавыя старонкі з гісторыі беларускага кнігадрукавання ды былі заахвочаныя да далейшага ўдзелу ў кампаніі святкавання 500-годдзя беларускай кнігі, якая зараз толькі набірае абароты і будзе працягвацца цэлы год.

Фота Анатоля Бароўскага

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"