Пяць сталіцаў паэзіі сустрэліся ў Мінску (фота)
Мадэратар імпрэзы "Пяць сталіцаў паэзіі" Андрэй Хадановіч падкрэсліў важнасць гэтай сустрэчы: “У той жа Польшчы паэты, якія жывуць не ў Варшаве, абсалютна нічым не адрозніваюцца ад іх сталічных калег”.
Дзмітрый Дзмітрыеў
Хоць Магілёў пачынаецца і не адной з першых літар алфавіту, але распачаў імпрэзу паэт менавіта з гэтага горада. Дзмітрый Дзмітрыеў аказаўся перакананым білінгвістам — ён зачытваў свае як рускамоўныя, так і беларускамоўныя вершы.
Уверсе: Анхела Эспіноса (Беларусь-Іспанія), Андрэй Хадановіч; унізе: выступае Алесь Замкоўскі
Віцебскі рэгіён прадстаўляў паэт-рамантык Алесь Замкоўскі.
Ларыса Раманава
Ларыса Раманава, якая прыехала з Веткі, уразіла прысутных арыгінальнымі прысвячэннямі да ўласных вершаў. Так, яна прачытала твор, які ахвяравала Небу.
Уверсе: Святлана Куль, Уладзімір Глазаў, унізе: Яўген Бясчасны
Берасцеец Яўген Бясчасны, які спяшаўся на выступ пасля пераздачы іспыту ва ўніверсітэце, прадставіў слухачам, па яго словах, “хуліганскія” вершы.
“Паэты адкрываюцца дзякуючы Фэйсбуку”, — заявіў Андрэй Хадановіч. Менавіта там ён заўважыў Святлану Куль з Гародні. Акрамя вершаў, Святлана прачытала яшчэ і ўласную байку.
Уладзімір Глазаў, прадстаўнік паэтычнага Берасця, падзяліўся, што марыць арганізаваць “БрэстФэст” з мясцовымі брэндамі — “Сантай” і “Лікёркай”. Андрэй Хадановіч адгукнуўся на паэзію Уладзіміра наступным чынам: “Нешматлікія нецэнзурныя словы, якія сустракаюцца ў творчасці Уладзіміра Глазава, ніяк не ўплываюць на якасць яго вершаў”.
Крысціна Бандурына
Выпускніца “Школы маладых літаратараў”, гомельская аўтарка Крысціна Бандурына здзівіла ўсіх незвычайнай просьбай — яна папрасіла не пляскаць ёй пасля прачытання твораў.
Анатоль Брусевіч і Наста Шакунова
Анатоль Брусевіч прыехаў з Гародні. Значную частку ўласных вершаў ён прысвяціў сабе: “Усё адно творы ўсіх паэтаў, пейзажныя ці любоўныя, — гэта вершы пра саміх творцаў. Таму я кажу пра гэта прама”, — пажартаваў паэт.
Паэтка з Гомеля Наста Шакунова, аматарка слэму, завяршыла сустрэчу пяці сталіц паэзіі артыстычнай дэкламацыяй сваіх вершаў.
Тэкст і фота: Вікторыя Чаплева, для lit-bel.org