Работа над «памылкамі» трох паэтак і аўтаркі прозы

Хаця, натуральна, яе аўтарка, паэтка і перакладчыца,  іранізуе. «Проста трэба было неяк назваць кнігу», ― кажа яна. 

Паэтычную імпрэзу «Вечар памылак» ініцыявалі супрацоўнікі літаратурнага музея. У якасці гасцей таксама былі запрошаныя празаік Анка Упала, паэткі Ганна Комар і Аляксандра Прывада. Мадэратарам вечара выступіў празаік Альгерд Бахарэвіч

Вечарына пачалася пазней за анансаваныя 18:00, бо Анка Упала, якая прыйшла з гадзіннікамі на абедзвюх руках, спазнілася на дваццаць хвілін. На вуліцу Карла Маркса, дзе знаходзіцца музей, неўпрыкмет насоўваліся прыцемкі.

Паслухаць сучасную беларускую паэзію і паўдзельнічаць у літаратурнай дыскусіі прыйшла збольшага моладзь. Перакладамі вершаў Эдрыян Рыч адкрыла імпэзу Юля Цімафеева. Пасля чаго мадэратам было вынесена на дыскусію пытанне, важнае для сённяшняга літаратурнага працэсу, ― ці мае права на існаванне тэрмін «жаночая паэзія»? 

Юля Цімафеева

«Жаночая літаратура ― гэта адначасова і проста літаратура, універсальная, і жаночая таксама, гэтыя два паняцці не ўзаемавыключальныя. Вось, напрыклад, гэты столік ― адначасова і мэбля, і столік, безумоўна, таму што ён мае чатыры ножкі і г.д. Таму, калі жанчына піша пра жыццё жанчыны, пра яе праблемы, гэта можна назваць жаночай літаратурай»,  кажа Анка Упала. Тэксты мужчын аўтараў, якія пішуць пра праблемы жанчын у сваіх творах, пісьменніца таксама прапанавала адносіць да жаночай літаратуры.

Завязалася гарачая дыскусія. Юля Цімаеева і Аляксандра Прывада адназначна сказалі, што пішуць жаночую паэзію.

"Ніякі мужчына за мяне мае вершы не напіша. Мне мой гендар важны, гендар піша разам са мной", - кажа Юля.

На сцвярджэнне адной з наведніц, што існуюць адметныя мужчынскі і жаночы стылі пісьма, Анка Упала адказала рэкламай Школы маладога пісьменніка, пасля якой стала зразумела: у дыскусіі пра гендар аўтара лепш удзельнічаць пасля майстар-класа  гендарнай даследчыцы і пісьменніцы Вольгі Гапеевай, які акурат мусіў адбыцца на наступны пасля вечарыны дзень.

Рэч у тым, што на сваіх майстар-класах у Школе Вольга штогод прапануе навучэнцам ананімныя ўрыўкі з твораў беларускай літаратуры і просіць вызначыць пол аўтара. Як рэдкая птушка далятае  да сярэдзіны Дняпра, так мала хто патрапляе даць хаця б палову правільных адказаў. Адпаведна, кажа Анка Упала, пытанне пра жаночы і мужчынскі стылі ― гэта хутчэй пытанне пры стэрэатыпныя ўяўленні аб іх, чым пра іх існаванне ў сапраўднасці.

Анка Упала

Мастацтвазнаўцу і пісьменніка Сяргея Харэўскага, які наведаў вечарыну разам з усёй сям’ёй, цікавіла, ці лічаць паэткі сваю творчасць беларускай літаратурай або толькі літаратурай, напісанай па-беларуску. Пытанне асабліва актуальнае ў апошні час. Аляксандра Прывада, якая піша і па-беларуску, але на вечарыне прэзентавала свае рускамоўныя вершы, адказала так: «Мне бы хотелось, чтобы, если где-то когда-то моё творчество будет опубликовано, обязательно никто не забыл, что я беларуска».

Аляксандра Прывада

Вечарыну працягнула “закаханая ў шчырасць Чарльза Букоўскі” Ганна Комар, якая зачытала выбраныя пераклады з творчасці ўлюбёнага паэта. Як патлумачыла сама Ганна, “Букоўскі <…> можа пра рэчы балючыя і даволі непрыемныя казаць вельмі шчыра, без пафаса. І вось менавіта гэтая адсутнасць пафаса мяне і падкупіла”. 

Ганна Комар

Перарвала паэтычную традыцыю вечара Анка Упала, у творчым набытку якой усяго чатыры надрукаваныя вершы, і таму ёй давялося чытаць прозу. Жорсткае апавяданне пра Ядзю Паплаўскую і Верына паліто разбавіла сур’ёзную атмасферу вучонай дыскусіі аб літаратуры і яе праблемах.

Напрыканцы вечара адбыўся своеасаблівы дэбют Аляксандры Прывады. Паэтка чытала вершы філасофскага накірунку з алюзіямі на Лілю Брык і Уладзіміра Маякоўскага, якія, паводле аўтаркі, значна паўплывалі на яе, прычым асоба Лілі Брык – у нашмат большай ступені.

Адказны мадэратар Альгерд Бахарэвіч пакінуў некалькі хвілін для пытанняў аўдыторыі, якія расцягнуліся на добрыя паўгадзіны. Удзельнікам вечарыны давялося пастарацца, каб адказаць на ўсе пытанні, але яны мужна, ці ў кантэксце вечарны жаноцка (у сэнсе смела і годна), вытрымалі гэты іспыт. 

Ганна Комар і Альгерд Бахарэвіч

Крысціна Бандурына для lit-bel.org