Рада: Восеньскае папаўненне

21 кастрычніка прайшло чарговае пасяджэнне Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў (СБП). Была заслуханая справаздача кіраўніцтва арганізацыі аб дзейнасці ў ІІІ квартале і разгледжаныя 8 кандыдатур на ўступленне ў СБП.


Сярод асноўных арганізацыйных мерапрыемстваў, праведзеных СБП за мінулыя тры месяцы, старшыня грамадскага аб’яднання Алесь Пашкевіч назваў наступныя: выступленні членаў СБП як арганізацыі-сузаснавальніцы грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!” ў Мінску і рэгіёнах Беларусі; правядзенне грамадскай акцыі “Лета з Быкавым” (распаўсюд па бібліятэках і летніх школьных лагерах тамоў Поўнага збора твораў В.Быкава); правядзенне анульнарэспубліканскага літаратурнага конкурса “Жанчына ў сучасным грамадстве” і падрыхтоўку да правядзення 4-5 студзеня двухдзённага семінара па гендэрнай праблематыцы і выніках конкурса; правядзенне літаратурнага конкурса для моладзі, прысвечанага 80-годдзю з дня нараджэння У.Караткевіча; правядзенне дзіцячага конкурса казак;арганізацыю і правядзенне мерапрыемстваў з нагоды 100-годдзя Ларысы Геніюш (Зэльва); мерапрыемствы па ўшанаванні памяці Ніны Мацяш, заснаванне штогадовых літаратурных чытанняў “Бабіна лета Ніны Мацяш” у Белаазёрску; арганізацыю і правядзенне штогадовага свята паэзіі Анатоля Сыса ў Гарошкаве (30 кастрычніка), а таксама цесную супрацу з беларускімі літаратурнымі і культурніцкімі праектамі: “Дзеяслоў”, “Верасень”, “Будзьма беларусамі”, “Прайдзісвет”, “Галерэя Ў” і інш. Кіраўніцтвам СБП праводзіўся пошук сродкаў на творчыя стыпендыі і адпачынак літаратараў (Швецыя, выспа Готланд, Балтыйскі Дом творчасці). Цягам апошніх месяцаў іх атрымалі А.Спрынчан, С.Астравец, Л.Сом, В.Коўтуні В.Стралко.

У галіне міжнароднай дзейнасці быў адзначаны ўдзел у працы Еўрапейскай пісьменніцкай Рады, прадстаўленне СБП у Міжнародным кангрэсе пісьменнікаў і літаратурных перакладчыкаў (Стамбул, верасень), удзел у літоўска-беларуска-польскім паэтычным форуме (Летува, М.Скобла, А.Івашчанкака), правядзенне літаратурнага конкурса, прысвечанага Л.Геніюш і ўдзел у “Пражскіх чытаннях” (сумесна з ПЭН-цэнтрам), падрыхтоўка даклада на ўдзел у міжнародным пісьменніцкім форуме па аўтарскім праве (21 лістапада, Стамбул), правядзенне і ўдзел у беларускіх сустрэчах (круглых сталах) з літаратарамі замежжа (Вольга Такарчук (Польшча), Мікаэль Ніемі (Швецыя), распрацоўка прапаноў і перамовы з украінскімі ўладамі аб увекавечванні памяці і правядзенню ўрачыстых мерапрыемстваў з нагоды 80-годдзя У.Караткевіча, а таксама хадайніцтвы і перамовы з Дзяржкамітэтам Украіны па друку аб выданні выбраных твораў В.Быкава і выбранага С.Грахоўскага ў перакладзе па-ўкраінску (з кастрычніка кнігі ў друку).

Асноўнымі кірункамі выдавецка-папулярызатарскай дзейнасці СБП ў апошнія месяцы сталі перыядычная падрыхтоўка і выданне незалежнага дадатка “Літаратурная Беларусь” у газеце “Новы час” (1-2 разы ў месяц), падрыхтоўка, выданне і распаўсюд кніжна-рэкламнага бюлетэня СБП “Кніганоша” (раз у два месяцы). Выйшлі ў свет чарговыя 4 кнігі серыі СБП “Кнігарня пісьменніка”: “Праўда як рэлігія” (гутаркі В.Быкава з Ю.Залоскам), “Мост святога Францішка” Д.Бічэль, “Сакрамэнта” Г.Багданавай і зборнік прозы беларускамоўнага літаратара Польшчы М.Андрасюка. Вядзецца праца па ўкладанні і пошуку сроднаў на выданне чарговых кніг гэтай серыі: кніг выбранага Н. Мацяш і А.Сямёнавай. Працягваліся – да ўсяго – архіўны росшук і завяршэнне падрыхтоўкі да друку чарговых тамоў Поўнага збора твораў В.Быкава, завяршалася падрыхтоўка і каардынацыя выдання юбілейнага альбома, прысвечанага100-годдзю Б.Кіта, укладзены абноўлены бія-тэлефонны даведнік “Саюз беларускіх пісьменнікаў”. Сайт СБП lit-bel.org займеў новы хостынг ды адміністрыраванне (штодзённа інфармацыйна напаўняецца).

На пасяджэнні Рады адбыўся прыём новых членаў СБП. Імі сталі:

Анатоль ВАЛЮК (паэт; нарадзіўся 1.01.1961 г. у в. Вішняўка Зэльвенскага р-на; закончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт; друкаваўся ў рэспубліканскіх выданнях; аўтар паэтычнага зборніка “Музыка вятроў” (2008 г.));

Лявон ВОЛЬСКІ (паэт, празаік, музыкант; нарадзіўся 14 верасня 1965 г. у Мінску; друкаваўся ў рэспубліканскіх і замежных выданнях ды калектыўным зборніку прозы «Паветраны шар»; аўтар паэтычных зборнікаў «Калідор» (1993) і «Фотаальбом» (2000));

Уладзімір ЛЯКІН (празаік; нарадзіўся 16.10.1951 г. у г. п. Хойнікі Гомельскай вобл.; закончыў Кіеўскае вышэйшае ваенна-марское вучылішча; друкаваўся ў рэспубліканскіх выданнях; аўтар 6 кніг нарысаў і эсэ па краязнаўству і ваеннай гісторыі (“Мозырь в 1812 году” (2005 г.), “Фамилии калинового края” (2008 г.), “Белорусские поля сражений 1812 года” (2009 г.), “Калинковичи на перекрёстке дорог и эпох” (2010 г.) і інш.);

Анастасія ЛАЗЕБНАЯ (Стася НАРКЕВІЧ) (празаік, паэтэса, гумарыст, публіцыст; нарадзілася 28.06.1952 г. у в. Кушляны Маладзечанскага р-на.; закончыла факультэт журналістыкі БДУ; друкавалася ў рэспубліканскіх выданнях; аўтар калектыўнага зборніка “Прыдзвінне” і ўласнага зборніка апавяданняў “Настальгія” (2008 г.));


Сяржук СЫС (паэт, перакладчык, публіцыст; нарадзіўся 26.01.1962 г. у в. Пракісель Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.; закончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт; друкаваўся ў рэспубліканскіх і замежных выданнях; аўтар калектыўных зборнікаў і анталогій, а таксама кніг паэзіі “За трапяткім матыльком кахання” (2000 г.) і “Стрэмкі”; творы перакладаліся на ангельскую, польскую, расійскую, украінскую, літоўскую і сербскую мовы);


Дмітры ПЛАКС (паэт, празаік, драматург, перакладчык; нарадзіўся ў 1970 г. у Мінску; піша па-беларуску, па-шведску і па-расійску; аўтар кніг “Жара” (2004), “Cy Twomblys dagbok” (2006), “Трыццаць тэкстаў” (Мінск, 2009));


Андрэй ПРОХАРЧЫК (празаік, мемуарыст; нарадзіўся 23.02.1928 г. у в. Зазерка Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.; кандыдат навук; закончыў Маладзечанскі настаўніцкі інстытут (1950 г.) і аспірантуру Мінскага педагагічнага інстытута; удзельнік Вялікай Айчыннай вайны з траўня 1943 года (быў сувязным атрада Панамарэнкі 2-й Мінскай партызанскай брыгады, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені і 12-ю медалямі; аўтар 12 зборнікаў прозы і вершаў;


Усевалад СЦЕБУРАКА (паэт, празаік; нарадзіўся ў 1981 г. у г. п. Вялейка Мінскай вобл.; закончыў БДУ; друкаваўся ў рэспубліканскіх выданнях; аўтар зборніка паэзіі “Крушня” (2008 г.).

Шчыра віншуем!