Радыё Свабода прэзэнтавала «Слоўнік Свабоды»

У менскай кнігарні «логвінаЎ» адбылася прэзэнтацыя кнігі «Слоўнік Свабоды», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды». Гэта другое выданьне кнігі, якая выйшла да 10-годзьдзя сэрыі.

Распачынаючы імпрэзу, рэдактар Радыё Свабода і аўтар ідэі выданьня кніжнай сэрыі «Бібліятэка Свабоды» Аляксандар Лукашук зрабіў кароткую прэзэнтацыю бібліятэчнай сэрыі. А менавіта — нагадаў пра пераклад на ангельскую мову першага тому сэрыі — «Верш на Свабоду», зроблены вядомай ангельскай паэткай Верай Рыч. Пра кнігу аднаго рэпартажу, зробленай журналістамі Радыё Свабода і зьмешчанай пад вокладкай «Дарога праз Курапаты», пра кнігу змаганьня за свабоду — «Плошча» і многія іншыя. Асаблівае слова Аляксандр Лукашук прысьвяціў Васілю Быкаву:

«Быкаў — адзін з галоўных аўтараў і галасоў гэтай бібліятэкі. Ён прысутнічае як тэкст, і як голас, і як фотаздымкі. Некалі ён казаў: „Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прыймач і шукаю „Свабоду“. Гэта сталася звычаем і патрэбай душы“. Гэта вельмі важныя і дарагія словы для нас, якія мы заўсёды памятаем, калі робім перадачы.

У гэтыя дні ў кнігарні „Логвінава“ дзень за днём адбываюцца сустрэчы з аўтарамі і чытачамі нашай бібліятэкі. Ад нас многія бралі ўдзел у розных перадачах, некаторыя маюць свае кнігі. Кніга, якой мы вырашылі адзначыць 10-годзьдзе „Бібліятэкі Свабоды“ — гэта кніга, якая, пэўна, мелася быць не юбілейнай 35-кнігай, а першай. Бо насамрэч, гэтая кніга прагучала ў эфіры ў 1999 годзе і называлася „Слова дня“. Кожны дзень у эфіры гучала кароткае слова, якое было важнае для гісторыі, для падзеяў ХХ стагодзьдзя. Тады часопіс „Архэ“ вырашыў прысьвяціць гэтай перадачы цэлы выпуск часопіса. І вось цяпер мы вырашылі прысьвяціць юбілею, вярнуцца да гэтай перадачы і выдаць гэтую кнігу».

«Слоўнік Свабоды» — гэта міні-эсэ знакавых словаў ХХ-ХХІ стагодзьдзяў, напісаныя знакамітымі літаратарамі, мовазнаўцамі, журналістамі, у тым ліку — журналістамі Радыё Свабода. Адзін з гэтых аўтараў, які ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выдаў тры кніжныя тамы паводле праграмаў Радыё Свабода — Вячаслаў Ракіцкі, пра 10-гадовыюбілей сэрыі выказаўся гэтак:

«Чаму радыё выдае кнігі? Бо усё пачалася, як і напісана ў Эвангельлі, са слова: са слова паўстаў тэатар, са слова паўстала літаратура, са слова паўстала кіно, тэлебачаньне і гэтак далей. Калі мы стваралі свае радыёперадачы, то мы ня ведалі, што яны стануць кнігамі. І гэта ўнікальна, што адбываецца на Радыё Свабода, калі з перадач паўстаюць кнігі, а з кніг — перадачы. Свабода — значна больш, чым радыё, гэта значна больш, чым выдавецтва, гэта значна больш, чым літаратура».

Падчас прэзэнтацыі слова бралі і чыталі свае эсэ аўтары кнігі «Слоўнік Свабоды», вядомыя беларускія літаратары такія як Анатоль Вярцінскі,Уладзімер АрлоўМіхась Скобла і многія іншыя. Старшыня саюзу беларускіх пісьменьнікаў, рэдактар часопісу «Дзеяслоў» Барыс Пятровіч пра новы том «Бібліятэкі Свабоды» сказаў гэтак:

«Гэта цудоўная чытанка. Я хацеў бы выказаць удзячнасьць таму чалавеку, які выказаў і ўвасобіў геніяльную ідэю ператварыць гук у слова. Матэрыялізаваць такім чынам гук і з гэтага мы зараз маем бібліятэку — 35 кніг. Гэта своеасаблівая гісторыя пачатку ХХ стагодзьдзя, і гісторыя Беларусі, якая застанецца ў кнігах. І паводле якіх, магчыма, нашы нашчадкі будуць вывучаць гісторыю. Гэта таксама энцыкляпэдыя беларускага жыцьця ўвогуле і беларускай культуры. Я ад імя вас усіх выкажу ўдзячнасьць Радыё Свабода за гэтую сэрыю кніг, за гэтую геніяльную ідэю, за гэтыя кнігі, якія павінныя быць у кожнай сям’і. Віншую Радыё Свабода зь юбілеем, у вас вялікі патэнцыял, у вас цудоўныя аўтары і дзякую вам за тое, што вы робіце».


Галіна Абакунчык, svaboda.org