Радыёверсія купалаўскіх «Тутэйшых» прагучыць на Беларускім радыё

Радыёверсію спектакля «Тутэйшыя» да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і 90-годдзя з дня напісання п’есы прадстаўляе Першы нацыянальны канал Беларускага радыё, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

У праекце «Тэатр Беларускага радыё» 28 мая, а 21-й гадзіне радыёверсію спектакля «Тутэйшыя» Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы можна будзе пачуць у дзвюх частках.

Упершыню камедыя «Тутэйшыя» была паказаная гледачам у снежні 1926 года на сцэне БДТ-1. У 1990 годзе на гэтай жа сцэне была прадстаўленая яе новая пастаноўка, якую адзначылі Дзяржаўнай прэміяй Беларусі. Канфлікт твора пабудаваны на супрацьстаянні двух ключавых персанажаў — Мікіты Зноска і Янкі Здольніка. Жанр «Тутэйшых» сам аўтар пазначыў як «трагічна-камічныя сцэны».

Рэжысёр-пастаноўшчык радыёспектакля — Мікалай Пінігін, аўтар музыкі — кампазітар Уладзімір Кур’ян, рэжысёр радыёверсіі — Ліка Пташук. У ролях Мікіты Зноска і Янкі Здольніка — заслужаны артыст Беларусі Віктар Манаеў і артыст Аляксандр Малчанаў.

Іншыя ролі выконваюць: Народны артыст СССР Генадзь Аўсяннікаў, народныя артысты Беларусі Марыя Захарэвіч, Арнольд Памазан і Мікалай Кірычэнка, заслужаныя артысты Зоя Белахвосцік, Наталля Качаткова і Аляксандр Падабед, артысты Алена Сідарава, Аляксандр Гарцуеў, Ігар Дзянісаў, Алег Гарбуз, Вячаслаў Паўлюць.

nn.by