«Радно» Святланы Баранкоўскай

Партрэт Язэпа Драздовіча

Як адзначыла мастачка, назва выставы шматсэнсоўная: “Радно – гэта тое, чым я прафесійна займаюся, з гэтага радна я раблю свае выявы. Радно – гэта і тое роднае, што крочыць у будучыню, і мінулае, што дае жыць Беларусі далей. Радно – гэта таксама мая радня… Радно – гэта яшчэ і “рад № зэро”, схаваны рад, той, у якім я яшчэ не ведаю, што зраблю”.

Франц Сіўко віншуе Святлану Баранкоўскую з адкрыццём выставы

Госці выставы змаглі ўбачыць габелены пейзажнай і партрэтнай тэматыкі, палавічкі, габелены з серыі “Алфавіт”. Як зазначылі шматлікія выступоўцы, найбольш адметныя рысы творчасці Святланы Баранкоўскай – сапраўдная беларускасць, захаванне этнічнай спадчыны і любоў да роднага краю.

Партрэт Янкі Купалы

Рыгор Барадулін

Сярод работ, прадстаўленых у музейнай зале, – партрэты Я. Купалы, Я. Драздовіча, В. Быкава, Р. Барадуліна…  Дарэчы, габелен В. Быкава быў адзначаны на Першай расійскай трыенале сучаснага габелена “Квадратны метр – свая прастора”, што праходзіла напрыкацы восені ў Дзяржаўным музеі-запаведніку Царыцына ў Маскве.

Франц Сіўко, які прыйшоў павіншаваць творцу ад імя Віцебскай філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў, падкрэсліў, што Святлана  – адна з нямногіх мастачак, у творчасці якой пераважаюць традыцыі нацыянальнай культуры. Нягледзячы на тое, што Святлана расіянка, яна яшчэ студэнткай Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта імкнулася  спасцігнуць таямніцы беларускага слова, пастаянна звяртаючыся да выкладчыка беларускай мовы спадара Сіўко па дапамогу і парады. Сёння Святлана размаўляе выключна па-беларуску.

Людміла Сіманёнак

І сапраўды, слухаючы спадарыню Баранкоўскую, захапляешся ёй і дзівішся таму, наколькі бездакорна яна валодае мовай. Беларускасць адчуваецца і ў яе работах: Святлана ведае нацыянальныя традыцыі і ўмее выказаць іх (з дапамогай нітак, газет і г.д.).

Акрамя Франца Сіўко на выставе прысутнічалі сябры Віцебскага абласнога аддзялення СБП Стася Наркевіч і Людміла Сіманёнак.

 

 

Ул. інф. Віцебскага абласнога аддзялення СБП,

Фота Н. Лазебнай.