Радзіму Гарэцкаму — 85!

Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі. Фота Глеба Лабадзенкі

Шаноўны Радзім Гаўрылавіч! Сардэчна віншуем Вас з юбілеем і жадаем моцнага здароўя, бадзёрасці і аптымізму, дабрабыту і плёну ва ўсіх справах! Сто лят!

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі нарадзіўся 7 снежня 1928 года ў Мінску.

Радзім Гарэцкі, сын Гаўрылы Іванавіча Гарэцкага, аднаго з заснавальнікаў і першых правадзейных членаў Беларускай акадэміі навук, пляменнік Максіма Гарэцкага. У 1930-я — 40-я гады на сям'ю Гарэцкіх абрынуліся палітычныя рэпрэсіі. Радзім Гарэцкі знаходзіўся ў высылцы, жыў і вучыўся ў Коле, Туломе, Мядзведжай Гары, Рыбінску, Запарожжы, Салікамску, Чусавым, Чкалаўску і інш.

Вучобу ў Маскоўскім нафтавым інстытуце Р. Гарэцкі сумяшчаў з работай геолагам. У 1952 прыняты ў Геалагічны інстытут Акадэміі навук СССР, дзе працаваў да 1971. Першыя навуковыя працы прысвяціў тэрыторыі Казахстана і Сярэдняй Азіі. З пачатку 1960-х асаблівую ўвагу надае вывучэнню маладых платформ. Па гэтай праблеме ён надрукаваў шэраг прац, сярод якіх вылучаецца манаграфія «Тэктоніка маладых платформ Еўразіі» (1972). Даследаванні дазволілі высветліць тэктанічныя заканамернасці размяшчэння многіх карысных выкапняў. У выніку даследаванняў Р. Гарэцкага і яго калег у 1965 у Прыараллі быў адкрыты новы газаносны раён.

Важнае месца ў даследаваннях Р. Гарэцкага займае стварэнне тэктанічных карт. Ён актыўна ўдзельнічаў у складанні Міжнароднай тэктанічнай карты Еўропы, Тэктанічнай карты Еўразіі і манаграфій да іх. За ўдзел у стварэнні Тэктанічнай карты Еўразіі Р.Г. Гарэцкі разам з шэрагам вучоных уганараваны ў 1969 Дзяржаўнай прэміяй СССР.

У 1971 пачаўся этап у навуковай дзейнасці Р. Гарэцкага, звязаны з Беларуссю. У снежні ён вярнуўся ў Мінск і стварыў у Інстытуце геахіміі і геафізікі АН БССР аддзел агульнай і рэгіянальнай тэктонікі. У хуткім часе Р.Г. Гарэцкі зрабіўся прызнаным лідарам тэктанічнай школы Беларусі і Прыбалтыкі. У кола яго навуковых інтарэсаў уваходзяць праблемы тэктонікі старажытных платформ, рэгіянальнай геалогіі, карысных выкапняў Беларусі. У 1972 Радзім Гаўрылавіч быў абраны членам-карэспандэнтам АН БССР. У 1976 калектыў спецыялістаў пад яго кіраўніцтвам стварыў Тэктанічную карту Беларусі і сумежных тэрыторый маштабу 1:500 000 і манаграфію «Тэктоніка Беларусі». У 1978 Р.Г. Гарэцкі разам з групай вучоных і геолагаў-практыкаў быў адзначаны за гэта Дзяржаўнай прэміяй БССР. У 1977 абраны правадзейным членам АН БССР і прызначаны дырэктарам Інстытута геахіміі і геафізікі АН БССР.

Важнае месца ў дзейнасці Р. Гарэцкага мелі сумесныя працы з замежнымі геолагамі.

З 1992 па 1997 Р.Г. Гарэцкі быў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук Беларусі.

З 1990 Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі член Рады, а з 1993 прэзідэнт Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Актыўна працаваў з беларускай дыяспарай, быў адным з арганізатараў з'ездаў беларусаў свету. Член рады Таварыства беларускай мовы, Беларускага фонду культуры і інш. У сваіх шматлікіх выступленнях, публікацыях у газетах і часопісах, многія з якіх сабраны ў асобнай кнізе "Шляхам адраджэння" (1997), Радзім Гарэцкі выступае за дэмакратыю, за адраджэнне беларускай мовы і культуры.

У кнізе «Ахвярую сваім „Я“… (Максім і Гаўрыла Гарэцкія)» (1998) апісаў трагічны лёс сваіх блізкіх.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"