Рахунак і яго рахункавод — піша Ганна Янкута

На сайце прэміі імя Ежы Гедройца пачалі з'яўляцца рэцэнзіі на кнігі-намінанты 2012, якія патрапілі ў лонг-ліст. Пра выданне Альгерда Бахарэвіча піша Ганна Янкута. Цягам месяца будуць змешчаныя артыкулы крытыкаў Кацярыны Маціеўскай, Андрэя Адамовіча, Маргарыты Аляшкевіч, Ціхана Чарнякевіча і Марыі Мартысевіч. Праз некалькі дзён пасля апублікавання апошняй рэцэнзіі з'явіцца шорт-ліст прэміі.

 

Рахунак і яго рахункавод

Усе мы даўно ведаем, што класічная беларуская літаратура — гэта такая сабе вялікая парцалянавая лялька ў дарагім карункавым убранні: калі да яе дакрануцца бруднымі рукамі, убранне запэцкаецца, а сама лялька можа ўпасці і разбіцца. Таму адзінае, што з ёй можна і трэба зрабіць, — гэта паставіць у сервант за шкло (нібыта для таго, каб усе бачылі, што яна ў нас ёсць) і шчасліва ўспамінаць пра яе толькі тады, калі наспее неабходнасць выцерці пыл. Затое з ёй можна фатаграфавацца для сямейнага альбому і паказваць гасцям, ды і ўвогуле нічога так не сведчыць пра багацце гаспадароў, як наяўнасць у іх серванце за шклом сапраўднай парцалянавай лялькі.

Але насамрэч усё трошкі інакш. Існуе беларуская літаратура, якую нам выкладаюць у школе, дзе верш “Дурны мужык, як варона” чамусьці лічыцца паэзіяй, а народныя песні чытаюцца ў малодшых класах. Існуе літаратура, якую ўсе мы ў свой час ціха ненавідзелі — а многія ненавідзяць і дагэтуль: калі верш “Дурны мужык, як варона” — гэта паэзія, дык на халеру нам тая паэзія ўвогуле? Існуе беларуская літаратура сучаснай беларускай літаратурнай тусоўкі, дзе ў кожнага — свой густ і дзе кожны на гэты густ знаходзіць сабе нешта блізкае. Беларуская літаратура міфалагізуецца і дэманізуецца, чытаецца так, нібыта апроч яе ў свеце ніякіх іншых літаратураў няма, альбо катэгарычна адмаўляецца, бо ні свайго Шэкспіра, ні Сэлінджэра, ні Дэна Браўна пакуль не займела. Разбірацца ў гэтым хаосе штампаў, міфаў і перадузятасцяў мы будзем яшчэ доўга, але ніхто ў свеце за нас гэта не зробіць. Бо як бы там ні было, а парцалянавая лялька — нашая і толькі нашая, пра што неадпрэчна сведчыць і безгустоўны сервант, і даўно не мытае шкло. <...>

“Гамбургскі рахунак Бахарэвіча” — кніга вельмі дзіўная, яна абвяргае любыя азначэнні і не дазваляе зрабіць нейкія абагульненні. Яе можна назваць зборнікам літаратуразнаўчых эсэ, але ніводзін літаратуразнаўца ніколі не прызнае Бахарэвіча “сваім”, бо літаратуразнаўства — гэта ўсё ж пра іншае. Можна яе назваць і дзённікам чытача (мне, напрыклад, такое вызначэнне падаецца найлепшым), але дзённік — гэта тое, што пішацца перадусім для сябе і перадугледжвае пэўную інтымнасць, якой у “Гамбургскім рахунку” няма: кніга напісаная, можа, і для сябе таксама — але ўсё ж для чытача. Ды што там казаць, усе мы цудоўна ведаем, што “Гамбургскі рахунак” пісаўся для таго, каб кожны тыдзень, слова за словам, выходзіць на сайце “Радыё Свабода” і потым з’явіцца асобнай кнігай, а таму шчырасць, з якой аўтар дзеліцца ў ёй сваімі чытацкімі ўражаннямі, — гэта шчырасць не дзённікавая. Можа, нават выпадковая. Можа, мы ў яе ўвогуле не паверым. Бо хто там ведае, што ў Бахарэвіча наўме. Магчыма, правільней за ўсё “Гамбургскі рахунак” лічыць практычным дапаможнікам па чытанні беларускай літаратуры, пазнаёміўшыся з якім, пачатковец будзе ведаць, з якога боку падысці да справы, а спецыяліст зможа параўнаць метады Бахарэвіча са сваімі ўласнымі і падыскутаваць. Галоўнае, каб без мардабою — літаратура вялікая, яе хопіць на ўсіх. <...>

 

Ганна Янкута

Цалкам чытайце на gedroyc.by