Расстраляныя літаратары. Платон Галавач, які перад расстрэлам напісаў: «Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас»

Ён быў першым сакратаром ЦК ЛКСМБ, намесьнікам наркама асьветы БССР, заўсёды заставаўся шчырым камуністам, але, калі пачалася першая хваля рэпрэсій у 1930 г., падаў заяву аб выхадзе з партыі (яе не задаволілі). Крытыкаваў Міхася Зарэцкага, у творчасьці ж быў яму вельмі блізкі. Адчуваў сябе няўтульна ў атмасфэры 30-х і не баяўся пра гэта выказвацца ў прозе, артыкулах, лістах. Незадоўга да арышту пісаў: «Трэба біць чужое, варожае, выганяць яго, але ж трэба ўмець і берагчы людзей...»

Лічыў, што лепш купіць на ўсю стыпэндыю творы Леніна, чым новыя шкарпэткі

«Па вуліцы Карла Маркса [ідзеш з чатырма рублямі стыпэндыі], потым улева па Ленінскай, да каапэратыву. Управа кніжны магазын Наркамасьветы. У вітрыне /.../ „Ленина статьи и речи“, „РКП в резолюциях“. У вачох /.../ аганёк... На вуліцу з зьвязкай кніг, з паўрублём у кішэні /.../— Наскі вось колькі каштуюць?— 40 капеек.— Гм, дарагавата...» (П. Галавач. «Партшколец» (Жыцьцёвы малюнак). // «Савецкая Беларусь», 1925, № 122).

Называў Фета, Бальмонта і Ахматаву «адрыжкамі мінулага»

«Фет, Бальмонт, Ахматава /.../ — адрыжкі мінулага, як старыя заляжалыя ўборы, сьмярдзяць нафталінам...» (П. Галавач, А. Звонак. «Сарваць маску!» // «Савецкая Беларусь», 1929, № 298).

Платон Галавач на старонках «Чырвонай зьмены»
Платон Галавач на старонках «Чырвонай зьмены»

Засмучаўся, што савецкі ўрад забываўся на патрэбы вёскі

«Разьвіць і палепшыць гаспадарку ёсьць моцнае жаданьне і ў сялянства, і ў беднаты. /.../ Але ў нас яшчэ многа непаваротлівасьці, неарганізаванасьці ў працы /.../ Пасьля сходу мне старык-селянін казаў: «у наш куток рэдка людзі заходзяць. За колькі год першы раз агранома бачым і просім яшчэ, каб вэтэрынар прыехаў» (П. Галавач. «У кутку». // «Савецкая Беларусь», 1929, № 4).

Змрочнасьць ягонай прозы параўноўвалі з пастаноўкамі БДТ-1

Платон Галавач. Карыкатура ў «Чырвонай зьмене». 1928, № 49
Платон Галавач. Карыкатура ў «Чырвонай зьмене». 1928, № 49

«Ёсьць пэўная падобнасьць паміж апавяданьнямі Пл. Галавача і няўдалымі пастаноўкамі Першым Беларускім тэатрам няўдалых п’ес нашых маладых драматургаў Шашалевіча і Ільлінскага („Змрок“ і „Лес цёмны“). І там, і там ценевыя бакі блізка што зусім засяняюць сьветлыя зьявы рачавістасьці; і там, і тут блізка што не выяўляюцца дадатныя бакі комуністычнага будаўніцтва ў вёсцы. /.../ Няможна ў працягу бітых шасьці-сямі гадзін чытаньня кніжкі даваць больш ценевыя бакі нашай рачавістасьці і толькі на 2-3 хвіліны выводзіць на сцэну ідэальных прадстаўнікоў новага ладу» (М. Байкоў. «Платон Галавач. „Дробязі жыцьця“». // «Полымя», 1927, № 3).

У сталінскія часы натхняўся творамі мінорнага і выразна трагічнага гучаньня

Пра гэта пісаў за год да арышту: «Навэлі Сэрвантэса каштоўныя элемэнтамі сумнай іроніі». Галавача захапляла, што ў фінале навэляў Мапасана «беспрасьветны адчай /.../, глыбокі пэсымізм». У творах Скрыгана «гучыць то ледзь улоўна, то больш моцна тужлівая нота. /.../ элемэнт трагічнага». Найлепшай навэлай Васіля Каваля называў «Нянавісьць» (1936 г.), бо там хвалюе «Незвычайны трагізм, якім насычаны зьмест... Уражаньне пасіляецца тым, што страляе ў бацьку сын» (Платон Галавач. «Ці патрэбна нам навела?» / Збор твораў. Т.1. 1958).

А. Сенкевич, О. Конокотин, П. Галавач, Ал. Салагуб. Классовая борьба в белорусской литературе, 1932
А. Сенкевич, О. Конокотин, П. Галавач, Ал. Салагуб. Классовая борьба в белорусской литературе, 1932

Папярэджваў кіраўніцтва партыі, што яе палітыка выклікае скепсіс у камсамольцаў

«Скрыўленьні парткіраўніцтва параджаюць у актывістых комсамольцаў настроі перагляду сыстэмы парткіраўніцтва, такія настроі зьяўляюцца шкоднымі для комсамолу, такія настроі супроцьпастаўляюць комсамол партыі» (Прамова тав. Галавача. Парткіраўніцтва патрабуе палепшаньня. // «Чырвоная зьмена», 1928, № 57).

Лічыў, што тагачасная палітвучоба толькі шкодзіць

«Політвучобай мы часта сушым людзей, а не рэволюцыянэраў выхоўваем. Мінулую барацьбу рабочых і сялян выкладаем суха, схэматычна» (П. Галавач. «Вынікі Усебеларускага і Ўсесаюзнага зьездаў ЛКСМ». // «Чырвоная зьмена», 1928, № 57).

Называў зьняволенага Язэпа Пушчу клясавым ворагам, а ў той жа час брат Пушчы Ізыдор Плашчынскі станоўча ацэньваў кнігі Галавача

Язэп Пушча
Язэп Пушча

«В поэзии поэт Пушча с первых же шагов показал свое лицо национал демократа, и надо сказать, что за это его очень мало били. /.../ Перед Пушчей был поставлен вопрос: или — или. /.../ Но и после „Лістоў да сабакі“ Пушча не только не приблизился к нам, а наоборот:Узносім перад сонцам чары І п’ем віно за сьлёзы продкаў. Калі зьбяруцца з громам хмары, Тады наноў расставім кропкі.Это признание классового врага». (П. Галавач. «Пролетарская литература Белоруссии». / Классовая борьба в белорусской литературе, 1932 (зборнік, дзе былі і артыкулы А. Сянкевіча, А Канакоціна, А. Салагуба). У Ізыдора Плашчынскага знаходзім: «Пісалі пра колектывізацыю і бязбожна схэматызавалі яе процэс. /.../ Галавач нічога агульнага з такім падыходам ня мае, бо раскрывае зьяву ў яе праўдзівасьці. /.../ „Спалох на загонах“ — адзін зь лепшых твораў Галавача...» (І. Плашчынскі. «Пра аповесьць Платона Галавача „Спалох на загонах“». // «Узвышша», 1931, № 11-12).

Абвінавачваў «Узвышша» ў спэкуляцыі на сьмерці Паўлюка Труса

Паўлюк Трус
Паўлюк Трус

«...Зьяўляецца /.../ акрэсьлены, варожы акт. /.../ маем на мэце артыкул Ант. Адамовіча, прысьвечаны Паўлюку Трусу і зьмешчаны ў № 7 „Узвышша“. /.../ Гэты артыкул /.../ антысавецкага характару /.../. Рэдакцыя і ўсё аб’яднаньне салідарызуецца з гэтым выступленьнем. /.../ Адамовіч выкарыстаў сьмерць Труса для палітычнага машэньніцтва, яўна накіраванага супроць пралетарскае літаратуры, партыйнага кіраўніцтва. Даводзячы, што Трус вузка-нацыянальны поэта, гіронізуючы над яго інтэрнацыянальнасьцю, даводзячы, што Трус быў фактычна ўзвышэнцам, а не белаппаўцам, ганьбячы яго слаўную памяць, Адамовіч накіроўвае свой удар па пралетарскай літаратуры, па БелАПП’у як адзінай арганізацыі пралетарскіх пісьменьнікаў, імкнучыся апраўдаць варожыя выступленьні паасобных сяброў „Узвышша“ і ўсю дзейнасьць апошняга». /.../ Гэта зьяўляецца нахабнай маной, спэкуляцый над сьмерцю поэты..." (П. Галавач, А. Звонак. «Сарваць маску!» // «Савецкая Беларусь», 1929, № 298, 30-га чэрвеня).

За пяць гадоў да арышту пісаў пра незвычайна гуманнае стаўленьне супрацоўнікаў ГПУ да вязьняў

«На Беламорбудзе было сабрана некалькі дзесяткаў тысяч былых злачынцаў розных катэгорый. Да іх у лягеры АДПУ аднесьліся як да людзей, паказалі мэту, вартую вялікай адвагі і геройства, ім сказалі, што неабходна злучыць каналам два моры, не схаваўшы ад іх цяжкасьцей /.../ забясьпечылі вопраткай, харчамі, вучобай і навучылі працаваць. /.../ Перамагла праўда, якую расказалі гэтым людзям „страшныя“ чэкісты, пра якіх усе гавораць з пачуцьцём вялікай любові» (Платон Галавач. «Ад Мядзьведжай гары да Белага мора». 1934).

Калі быў галоўным рэдактарам «Чырвонай зьмены», то на яе старонках зьмяшчаліся матэрыялы, якія палохалі камсамольцаў наступствамі ананізму

Артыкул з «Чырвонай зьмены» 1929, № 125
Артыкул з «Чырвонай зьмены» 1929, № 125

«Ананізм, асабліва часты, вядзе да функцыянальных палавых растройлівасьцяй і нярэдка да імпотэнцыі. У ананістых [назіраецца] вяласьць, пужлівы выгляд, незацікаўленасьць да вучобы /.../ паслабленьне памяці, /.../ галавакружэньне, галаўная боль, сапсаваньне зроку, шум у вушох /.../. Ананізм вядзе да душэўных захворваньняў»(Доктар Левіцін. Ананізм. // «Чырвоная зьмена» 1929, № 125).

Дазваляў супрацоўнікам «Чырвонай зьмены» крытыкаваць жонку Міхася Чарота

«Ня прыходзіцца гаварыць аб тым, што дзякуючы дрэннаму мантажу, фільм недынамічны, не хвалюе і не захапляе /.../ „Артыстка“ Кудзелька зусім бездапаможна і бледна...» (Мік. Таўбэ. «Хвоі гамоняць». // «Чырвоная зьмена», 1929, № 152).

Засмучаўся, што ў беларускай літаратуры недаацэньвалі значэньне навэлаў

Былы сакратар ЦК ЛКСМБ А. Бараньнікаў і новы — П. Галавач. «Чырвоная зьмена» 1928, № 50
Былы сакратар ЦК ЛКСМБ А. Бараньнікаў і новы — П. Галавач. «Чырвоная зьмена» 1928, № 50

«Я хачу кінуць крытыцы і самім пісьменьнікам абвінавачаньне ў недаацэнцы значэньня ролі навэлі /.../ Гэта абвінавачаньне зусім законнае. Інакш чым жа вытлумачаць нашы крытыкі тое, што яны зусім не заўважылі, не сказалі ні аднаго слова пра /.../ Лынькова як навэліста, а не раманіста? Інакш чым жа вытлумачыць тое, што нашы пісьменьнікі /.../ аддаюць увагу навэле толькі паміж справаю, у часе паміж двума раманамі, калі адзін напісаны, а на другі яшчэ нестае матэрыялу. Інакш чым жа вытлумачыць тое, што гэтыя пісьменьнікі /.../ у навэлях /.../ слабей як майстры, чым у раманах і аповесьцях?» (Платон Галавач. «Ці патрэбна нам навэла?» / Збор твораў. Т.1. 1958).

Вярнуў Масею Сяднёву веру ў творчыя сілы

Польскі пераклад аповесьці «Спалох на загонах». 1933
Польскі пераклад аповесьці «Спалох на загонах». 1933

«У маёй душы сьпелі вершы, якіх бы ніхто і ніколі ў той час не надрукаваў. Больш таго, прачытаць іх каму-небудзь было б вар’яцтвам. Аднойчы ўсё ж я прачытаў паэту-камсамольцу Аркадзю Куляшову /.../ Куляшоў даў мне рэцэпт: „Табе, братка, трэба лячыцца! Ты захварэў на небясьпечную хваробу“. /.../ Як апечаны, пайшоў ад яго. /.../ Празь некалькі дзён я прачытаў гэтыя вершы Платону Галавачу. У яго я знайшоў падтрыманьне. У маіх вершах Платону Галавачу спадабалася „ўзвышанае, журботнае“. У яго было такое перакананьне, што мастак без гэтага — як без душы» (Масей Сяднёў. Выбраныя творы. 2014).

Незадоўга да арышту выступаў супраць сацрэалізму ў літаратуры

«У нас, на старонках газэт асабліва, можна знайсьці багата навэль не аб чым-небудзь, а па поваду „чаго-небудзь“. Вы знойдзеце навэлю пра лепшую даярку, пра лепшага сьвінара, конюха. З навэлі вы можаце, верачы словам аўтара, даведацца, што даярка і сьвінарка і конюх у калгасе амаль раней за ўсіх ідуць на працу і пазьней прыходзяць з працы, што ў іх сьвінарніку і ў хляве чыста, і што кожны дзень конюх чысьціць каня, і не даведаецеся вы ніколі затое таго, якія ж у герояў фізіяноміі, які ў іх склад мысьленьня, якія страсьці, жаданьні, пачуцьці, імкненьні. /.../ Часта рэдактары не глядзяць, ці ёсьць у апавяданьні думка, вобраз, пачуцьцё, а задавальняюцца тым, што ёсьць тэма. У нас часьцей гавораць пра добрыя тэмы і пра вялікія ідэі, а не пра добрыя творы» (Платон Галавач. «Ці патрэбна нам навэла?» / Збор твораў. Т.1. 1958).

Платон Галавач і Міхась Лынькоў
Платон Галавач і Міхась Лынькоў

У 1930-я гады заступаўся за пісьменьнікаў, якіх абвінавачвалі ў ідэалягічных памылках

Вокладка кнігі «Вінаваты», 1930
Вокладка кнігі «Вінаваты», 1930

Міколу Хведаровічу Платон Галавач скардзіўся, што «творы Зьмітрака Бядулі не атрымліваюць добрую ацэнку» і абзываў крытыкаў, якія ганяць Бядулю, «недаваранымі» (М. Хведаровіч. «Памятныя сустрэчы». 1977). Ян Скрыган успамінаў, што пасьля разгромнага артыкулу на ягоныя нарысы «Галавач /.../ безь ніякіх ваганьняў стаў на абарону. Ён увайшоў у камісію па вывучэньню справы і не адступіўся, пакуль не дамогся, каб давесьці, што ў рэцэнзэнта рукі нячыстыя». (Ян Скрыган. «Некалькі хвілін чужога жыцьця». 1990). У лісьце да расейскага літаратара Ўладзіміра Лідзіна Платон Галавач пісаў: «Ёсьць у нас пісьменьнік Сымон Баранавых. У час юбілею Янкі Купалы ён напісаў нацыяналістычную імпрэсію „Матчын сын“ /.../ Больш нацыяналістычных грахоў у С. Баранавых няма. /.../ Але ў нас вакол яго створана недапушчальная атмасфэра. Да напісаньня імпрэсіі ён здаў у Дзяржвыдавецтва кнігу „Муравейнікі“ /.../ Пасьля грэхападзеньня кнігу Бэндэ друкаваць забараніў і патрабуе з аўтара аванс, які той атрымаў. Яе чыталі некалькі рэдактараў. Ні адзін не сказаў, што кніга нявартая, але ні адзін не адважваецца [заступіцца], таму што Бэндэ яе зьняў /.../. [Ул. Хадыка] вельмі здольны паэт. /.../ Яго зборнік, які быў ужо надрукаваны, затрымалі, таму што ў ім ёсьць 2-4 радкі, дзе ёсьць нібыта шкадаваньне да кулака. Другі зборнік „Глыбокае рэчышча“ быў дазволены, [але] Клімковіч, як рэдактар, не дазволіў друкаваць па той прычыне, што многія вершы былі для яго незразумелыя... Зборнік перад тым рэдагаваў я. Ведаю, што ў зборніку нічога шкоднага няма. Ёсьць вершы, якія даступны толькі кругу кваліфікаваных чытачоў, дык іх, у крайнім выпадку, можна было б выкінуць /.../ Я раіў гэтак аўтару, і ён быў ужо згодны, але калі аўтар папрасіў у Дзяржвыдавецтва вярнуць яму зборнік для перагляду, Бэндэ не аддаў яго... Больш бяздушных адносін да чалавека цяжка прыдумаць...» (5 красавіка 1934 году, ліст да Уладзіміра Лідзіна. / Д. Бародзіч. Пісьмы Платона Галавача. // «Полымя», 1963, № 4).

У сваёй прозе шкадаваў «клясавых ворагаў» і пісаў на палітычна рызыкоўныя тэмы

Адзін з крытыкаў абурана адзначаў: «...уплыў дробнабуржуазнага аб’ектывізму, паглыбленьне ў індывідуалістычную псыхалёгію /.../ такі дэзэртыр у апавяданьні „Уцякач“. Гэты дэзэртыр нічым дрэнным не адрозьніваецца ад сваіх таварышаў-чырвонаармейцаў і калі ўцякае з фронту, то толькі пад уплывам „жахаў вайны“, якія ня можа вытрымаць яго „тонка арганізаваная псыхіка“. Мы бачым у ім простага чалавека, які пратэстуе супраць бессэнсоўнага зьніштажэньня сваёй асобы, які стыхійна любіць жыцьцё і ўсё жывое /.../ аўтар не выкрывае клясава-варожай існасьці дэзэртырства, і таму сам расстрэл зьяўляецца проста жорсткасьцю... У аповесьці „Вінаваты“ аўтар дае „трагэдыю“ партыйца, сацыяльна-чужога паходжаньня, [якога] выключаюць за соцыяльнае паходжаньне: бацька да рэвалюцыі служыў у ахранцы /.../ „Праблема“ не асабліва характэрная, а галоўнае, не асабліва значная для інтарэсаў клясавай барацьбы пралетарыяту. /.../ бацька-ахраньнік па ходу дзеяньня прадстаўлены ня дрэнным чалавекам, які толькі дзякуючы сваёй нявопытнасьці „паступіў на службу“ ў ахранку» (Б. Каваленка. «Платон Галавач» // «Маладняк», 1932, № 2-3).

Пераканаў каханую кінуць мэдыцыну і стаць пісьменьніцай, чым зламаў яе жыцьцё

Платон Галавач і яго жонка Ніна
Платон Галавач і яго жонка Ніна

Платон Галавач быў жанаты, пяшчотна ставіўся да жонкі, меў дваіх дзяцей, але разам з тым кахаў студэнтку мэдыцынскага факультэту Яўгенію Каплунову, якой «...пры кожнай сустрэчы казаў: „Тваё месца ў літаратуры, а не ў мэдыцыне, дзе ты выпадковы чалавек. /.../“. Дзякуючы Галавачу, перавялася ў пэдагагічны інстытут і вельмі шкадавала: „Якая нячыстая сіла пагнала мяне з мэдінстытута на літфак і загубіла ўсё маё жыцьцё?!! /.../ Вось так я прыйшла на сваю пагібель. /.../ Літаратара зь мяне не атрымалася, а выйшла пакутніца“. /.../ [Яўгенію ў 1936 годзе арыштавалі] адной з прычын арышту сталі /.../ сяброўства і перапіска з „ворагам народу“ Платонам Галавачом» (Віктар Жыбуль. «Гэта склала б цэлы цікавы том...» Платон Галавач у згадках Яўгеніі Каплуновай. // «Роднае слова», 2013, № 4).

Ад сваіх паказаньняў супраць яго адмаўлялася каханая

Платон Галавач з дачкой
Платон Галавач з дачкой

«...на судзе 2 кастычніка 1937 г. Яўгенія Каплунова заявіла: «...я адмаўляюся ад падпісаных на сьледстве паказаньняў /.../ Сьледчыя абвінавачвалі ў нейкіх сувязях з Платонам Раманавічам Галавачом, былым сакратаром ЦК камсамола Беларусі, добрым і справядлівым пісьменьнікам. /.../ ён зусім не вораг народа, як гэта хацелі сьцьвердзіць сьледчыя» (Віктар Жыбуль. «Гэта склала б цэлы цікавы том...» Платон Галавач у згадках Яўгеніі Каплуновай. // Роднае слова, 2013, № 4).

Разам з Алесем Вечарам. Апошні прыжыцьцёвы здымак Платона Галавача. Жнівень, 1937 год
Разам з Алесем Вечарам. Апошні прыжыцьцёвы здымак Платона Галавача. Жнівень, 1937 год

У 30-я гады добра адчуваў, што знаходзіцца «пад падазрэньнем»

«Пасьля зьезда ў нас мала што зьмянілася, [стала] больш падазронасьці ў адносінах да мяне, але мяне прывучылі ўжо да некаторай ізаляцыі» (13.1.1935, ліст да Уладзіміра Лідзіна. / Д. Бародзіч. «Пісьмы Платона Галавача». // «Полымя», 1963, № 4).

Васіль Дэ Эм, svaboda.org