Расійская рок-паэзія загучала па-беларуску — жывы рок-н-рол, успаміны юнацтва і… працяг будзе!

Жадаючых паслухаць знакамітыя песні Андрэя Макарэвіча, Барыса Грэбеншчыкова, Юрыя Шаўчука, Віктара Цоя, Эдмунда Шклярскага на беларускай мове сабралася шмат. І хаця арыгінальныя тэксты прыхільнікі ведаюць на памяць, пераклады, прасякнутыя нацыянальным каларытам і выкананыя нашымі музыкамі, прыўнеслі новыя эмоцыі ў даўно завучаныя радкі.

Слухачы, “узброіўшыся” часопісамі з публікацыяй, шчыра падпявалі выканаўцам — з першых акордаў стала ясна, што песні па-беларуску пайшлі ў народ з вялікім поспехам.

Усяго ў Анталогіі апублікаваныя тэксты 12 расійскіх выканаўцаў, якія былі пераствораны 13 перакладчыкамі.

Анатоль Івашчанка

Вечар быў распачаты песняй Віктара Цоя “Перамен!” у выкананні паэта, адказнага сакратара “Дзеяслова” і вядучага імпрэзы Анатоля Івашчанкі. Спадар Анатоль пераклаў для анталогіі тэксты Барыса Грэбеншчыкова, Віктара Цоя, Аляксандра Башлачова, Канстанціна Кінчава.

Анатоль Івашчанка і Уладзімір Дрындрожык

Барыс Пятровіч

Павітаў прысутных галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў”, празаік, Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч:

— Мы вельмі радыя, што праект удаўся, і нават мяркуем, што ён будзе мець працяг. Спадзяемся, расійскія рок-н-рольшчыкі пагодзяцца праспяваць па-беларуску. Вядома, што ў Бярозе, на радзіме Алеся Разанава і Ніны Мацяш, Андрэй Макарэвіч адшукаў свае карані. А Юры Шаўчук часта бывае ў Ірыны Міхайлаўны Быкавай (удавы Васіля Быкава — аўт.). Ёсць кантакт і з Барысам Грэбеншчыковым, — зазначыў спадар Барыс і згадаў адметную гісторыю:

— Слухаючы расійскую рок-музыку, успамінаю студэнцкія гады, юнацтва, калі ўсе гэтыя гурты былі падпольнымі і толькі набывалі папулярнасць. Адзін з маіх аднакурснікаў, Алесь Прашкуратаў, быў літаральна закаханы ў групу “Машына часу” і стварыў калектыў, з якім выконваў яе хіты. Аднак калі з музыкай тут нічога не атрымалася, хлопец прадаў сваю гітару (якая каштавала больш за 1000 рублёў, неверагодна вялікія па тым часе грошы!) і паехаў у Талін. Алесь купіў лодку-надзіманку і вырашыў уцячы з СССР у Фінляндыю, пераплыўшы праз заліў. Аднак яго затрымалі і асудзілі на 5 гадоў за спробу незаконна перасячы мяжу… Пра далейшы лёс Алеся мы мала ведаем.  

Якраз 7 чэрвеня ў 15.00 на вул. Маскоўскай, 15, каля старога будынка журфака БДУ, збіраецца наш курс, і вельмі хацелася б, каб Алесь знайшоўся, можа, пабачыў у інтэрнэце аповед пра сябе і прыйшоў на сустрэчу, мы яго вельмі чакаем! — падсумаваў Барыс Пятровіч.

Юры Несцярэнка

Музыкант, пісьменнік Юры Несцярэнка, з першаснай ініцыятывы якога нарадзілася ідэя “дзеяслоўскай” рок-анталогіі, пераклаў і падрыхтаваў цэлую праграму з песень Андрэя Макарэвіча, куды ўвайшлі кампазіцыі розных гадоў — ад 1970-х да 2000-х.

.

 Відэа tuzin.fm

Гурт “Машына часу” сёлета адзначае 45-годдзе, і ў публікі была магчымасць зрабіць экскурс у гісторыю гэтага калектыва, паслухаўшы па-беларуску песні “Снег”, “Дзень гневу”, “З адвечнай прагай перамены месцаў”, “Свята распачнецца толькі зараз”, “Не дай мне ўпасці”, "Права".

Андрэй Хадановіч

Арцём Сітнікаў

Паэт, Старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра Андрэй Хадановіч выступіў у ролі барда і праспяваў некалькі перакладаў: песню “Арландына” Анры Валхонскага і Аляксея Хвасценкі, а таксама, па-за праграмай, творы Леанарда Коэна.   

Класічныя хіты Барыса Грэбеншчыкова прывабілі многіх перакладчыкаў і выканаўцаў — над ягонымі філасофскімі тэкстамі ламалі галаву, акрамя ўжо згаданага Анатоля Івашчанкі, — Марыя Мартысевіч, Аляксей Чарняўскі, Уладзімір Дрындрожык, Макс Шчур…

А версія песні “Ракенрол памёр” у перакладзе і выкананні Арцёма Сітнікава, як і астатнія залатыя хіты, праспяваныя ім, можна сказаць, стварылі новую, беларускую рэальнасць Грэбеншчыкова. Настолькі гарманічна яны гучалі на нашай мове. 

Раман Яраш і Віктар Сямашка

Уладзімір Дрындрожык

Раман Яраш і Віктар Сямашка далучыліся да пераасэнсавання творчасці БГ у больш свабодным, імправізацыйным музычным ключы, чым асвяжылі традыцыйнае ўспрыняцце гурта “Акварыум”.

Выступілі таксама Вольга Гронская, Фёдар ДАРАФЕЙ Жывалеўскі ды іншыя.

Была праведзена віктарына на веданне рэаліяў расійскага року ў межах мінскай тапанімікі. Пераможцы атрымалі фірмовыя торбачкі чырвонага і чорнага колеру (што аказалася вельмі дарэчы да вядомай песні "Чырвонае на чорным" гурта "Аліса"), саколкі, паштоўкі ад кампаніі "Будзьма беларусамі!" і асобнікі свежага "Дзеяслова".

Добрая навіна — пасля мінскага канцэрта “дзеяслоўцы” выпраўляюцца ў тур па беларускіх гарадах! Ужо заўтра, 5 чэрвеня, Анталогія будзе прэзентаваная ў Магілёве, у бліжэйшы час плануюцца таксама імпрэзы ў Маладэчне і Вілейцы.

Тэкст: ВТ, фота: Алена Казлова, для lit-bel.org