"Райскія яблычкі" для гарадзенцаў ад Сяргея Астраўца

23 лістапада ў пятніцу ў галерэі “Крыга” (вул. Савецкая, 3-11) адбудзецца прэзентацыя кнігі прозы “Райскія яблычкі”, якую напісаў гарадзенец Сяргей Астравец.
Кніга выйшла сёлета ў інтэрнэт-бібліятэцы “Камунікат”.
Вось што кажа пра "Райскія яблычкі" сам аўтар: "Паміж Нёманам і Гараднічанкай знаходзіцца мая творчая тэрыторыя, словам, гэта тое, што ацалела ад Старога горада. Былога каралеўскага, дзе ўсплывае выява Стэфана Баторыя і значнае месца займае Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. З’яўляецца таксама копія яго кароны, у якой былога караля пахавалі. У труне ацалела толькі яна. Каб потым апынуцца на галаве вясковага каваля пад шафэ. Гісторыі пошукаў парэштак апошняга манарха Рэчы Паспалітай нададзены літаратурныя рысы.
Што яшчэ? Райскія яблычкі. Яны ў мяне за вакном у аднайменным “рэпарцёрскім апавяданні”. А ў генерала Ўрангеля — за спінай, у пакінутым назаўжды паўвостраве ў “Флоце каўчэгаў”. Чытач таксама сутыкнецца з арміяй пішучых машынак з беларускімі літарамі, якія апынуліся ў руках НКВД.
Каб напісаць трынаццаць такіх апавяданняў, спатрэбілася амаль дзесяць год".
Прэсавая служба СБП паводле аўтара