Развітанне з Верай Вярбой

ГА ”Саюз беларускіх пісьменнікаў” выказвае спачуванні родным і блізкім паэткі Веры Вярбы, якой не стала пазаўчора, 13 ліпеня.

Развітаннне з Верай Вярбой пройдзе сёння а 13-й па адрасе: Мінск, вул. Берасцянская, д. 24, кв. 34. Пахаваюць паэтку сёння на могілках у Калодзішчах.

Ул. інф.

 

Вера Вярба, сапр.: Гертруда Пятроўна Сакалова (нар. 14 студзеня 1942, в. Высокі Гарадзец Талачынскага раёна), беларуская паэтка.Нарадзілася ў сям'і служачых. Бацька, Маркаў Пётр Андрэевіч, загінуў у 1941 пад Смаленскам. Маці, Казлоўская Надзея Васілеўна, працавала інжынерам у Мінску. У 1958 В. Вярба скончыла сярэднюю школу ў Мінску і паступіла на філалагічны факультэт БДУ, які скончыла ў 1964. Працавала пазаштатным карэспандэнтам часопіса «Маладосць» (1964—1969), старшым інспектарам аддзела прапаганды літаратуры Упраўлення кніжнага гандлю Дзяржкамітэта СМ БССР па друку (1969—1971). 3 1972 — літсупрацоўнік, потым загадчык аддзела пісем і інфармацыі рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», з 1977 пазаштатны карэспандэнт часопіса «Работніца і сялянка», з 1980 — у часопісе «Беларусь». Член СП СССР з 1964 г., абіралася членам бюро секцыі паэзіі СП БССР. Жыве ў Мінску.Дэбютавала ў 1958 вершамі ў рэспубліканскіх часопісах («Полымя», «Вясёлка», «Работніца і сялянка»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Вочы вясны» (1962), «Белыя пісьмы» (1967), «Высакосны год» (1969), «Сіняя бухта» (1975), «Альфа» (1978), «Мая маленькая планета» (1982), «Яраслаўна» (1986). Выйшла кніжка вершаў для дзяцей «Пралеска» (1968). У 1976 г. выйшла «Выбранае», у 1987 г. — кніжка выбранай паэзіі «Белыя пісьмы». Верш «Ручнікі», пакладзены на музыку М. Пятрэнкам, стаў папулярнай песняй (апроч гэтага, песні на вершы паэтэсы напісалі I. Барсукоў, Л. Свердзель). Творы В. Вярбы перакладаліся на рускую і інш. мовы. В. Вярба пераклала на беларускую мову «Дзікі сабака Дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне» Р. Фраермана (1975). Першая ж кніга В. Вярбы «Вочы вясны» выклікала добрыя ўражанні, звярнула ўвагу крытыкі. Адзначалася, што некаторыя вершы з гэтай кнігі сталі набыткам беларускай паэзіі. Творы В. Вярбы друкаваліся ў часопісах «Полымя», «Маладосць», «Беларусь», у газеце «Літаратура і мастацтва» і інш. Паэзія В. Вярбы — лірычная споведзь пра час і сваё пакаленне. Асноўныя матывы — услаўленне маладосці, кахання, мацярынства, роздум над гісторыяй роднага краю і праблемамі сучаснасці.


Песню "Рушнікі" на словы Веры Вярбы спявалі легендарныя "Песняры".