«Remember, remember…»: (не)прапушчаныя старонкі белліта

Андрэй Хадановіч, ён жа мадэратар дыскусіі, уклаў зборнік выбранага Юлія Таўбіна. Аксана Данільчык і Віктар Жыбуль найперш прэзентуюць анталогію жаночай паэзіі міжваеннага часу “Бліскавіцы”. Ганна Севярынец была “прадстаўніком” Алеся Дудара, а Міхась Скобла ўвогуле заслужаны анталагіст Беларусі, які колькі год змагаецца з трабламі айчыннай тэксталогіі.

Асаблівая роля – у Сяргея Будкіна. Журналіст, прыкметная асоба ў найноўшай беларускай музыцы, цяпер ён асацыюецца яшчэ і з праектам “(Не)расстраляная паэзія”. Вынік праекта – 12 песень на словых рэпрэсаваных паэтаў і 12 публічных лекцый пра іх.

Першае пытанне – ці змяняецца бачанне беларускага літканону праз тое, што забытыя творцы вяртаюцца да чытача? Тут Міхась Скобла згадаў нашумелую і паказальную, што датычыць нашых рэалій, гісторыю. Выйшла анталогія “Расстраляная літаратура”, якая ўключыла творы 66 аўтараў, знішчаных карнай машынай. Ганна Севярынец, якая апроч усяго – настаўніца, звярнулася ў міністэрства адукацыі з прапановай: давайце ўключым у школьную праграму, хоць бы для азнаямлення, творы расстраляных паэтаў.

Адказ прыйшоў за подпісам прэс-сакратаркі мінадукацыі Алены Высоцкай. Аказалася, па меркаванні ўстановы, усе забітыя паэты былі п’яніцы і даносчыкі, якія сядзелі ў лагерах, і да дзяцей іх пускаць нельга. “Генаральная пракуратура не мае да гэтых пісьменнікаў прэтэнзій, яны ўсе рэабілітаваныя, а міністэрства адукацыі – мае!.. – абураецца Міхась Скобла. -- Гэта зроблена з асаблівым чыноўніцкім цынізмам. Як быццам адбылася рэінкарнацыя Лукаша Бэндэ: фармулёўкі сённяшняга міністэрства адукацыі гучаць цалкам у духу трыццатых”. Цяжка паверыць, але там дасюль лічаць, што расстраляная паэзія –міф, народжаны на старонках апазіцыйнай прэсы.

Што цікава, самі дзеці, якім супрацьпаказана чытаць Кляшторнага, ягонымі вершамі захапляюцца. “А зборнічак Таўбіна зачытаны ўвесь,” – дадае Ганна Севярынец. “Тыя людзі, якія не вераць у праўду, самі сябе выраклі на няшчаснае жыццё, бо немагчыма жыць без сваіх паэтаў”. Цікаўнасць сённяшніх школьнікаў да рэпрэсаванай літаратуры сведчыць: паэты самі прыйдуць – толькі адчыніце ім дзверы.

Але Аксана Данільчык не пагадзілася, што яны прыйдуць самі. Даследчыца лічыць, што пра змяненне стаўлення да літаратуры трэба клапаціцца асобна. З чаго пачаць?.. Ды хоць бы з установаў, якія для таго і існуюць, каб даследаваць літаратуру глыбей і актыўней, чым ёсць. У тым ліку, перыяду 1920-30-х гадоў.

Тут жа ўзнікла пытанне: якімі былі жанчыны ў тагачаснай літаратуры? “Паэткі былі абсалютна паўнапраўнымі ўдзельніцамі, асабліва што датычыць паэтак-маладняковак, -- кажа Аксана Данільчык. – У той жа час шмат аўтарак паспрабавалі сябе ў літаратуры і сышлі ў іншы род дзейнасці. Адны свядома, як Бяганская, якая лічыла сапраўднай справай выкладанне. Іншыя былі вымушаныя адмовіцца ад пісьма. Уявіце лёс Наталлі Вішнеўскай, якая тройчы была замужам і двойчы – за ворагамі народа”.

Між расстраляных была адна паэтка – Валянціна Казлоўская.

Кажучы пра вяртанне рэпрэсаваных паэтаў, не абмінеш праблемы тэксталогіі. Так, усе сышліся на адным: катэгарычна нельга аднаўляць тэксты па кніжках ці іх перавыданнях, сумніўная крыніца – перыёдыка. Толькі рукапісы, на крайні выпадак – машынапісы. Што да кніг, у іх арыгіналы надзейна пахаваныя.

Узяць гісторыю з творамі Ларысы Геніюш, якую згадаў Міхась Скобла. Яе кнігі выходзілі ў Беларусі тройчы, і за гэты час было выкраслена 120 радкоў. Адноўленыя тэксты выйшлі ў серыі “Беларускі кнігазбор”. Аднак “Мастацкая літаратура”, рыхтуючы выбранае Геніюш, карысталася савецкімі перавыданнямі, падцэнзурнымі, вядома. Міхась Скобла, да якога выдавецтва звярнулася па дапамогу, адразу папярэдзіў: нельга карыстацца тымі крыніцамі. Адказ быў такі: альбо кніга выйдзе так, альбо зусім не выйдзе.

Пазітыўны момант – актуалізацыя творчасці рэпрэсаваных паэтаў. На гэты конт вельмі прадметна выказаўся Сяргей Будкін. “Трэба напаўняць інфапрастору. Год таму я паглядзеў, што ёсць у вольным доступе. Набіраеш “Анатоль Вольны” ў YouTube – натуральна, нуль. УКантакце ці на Фэйсбук – тое самае. Калі казаць пра пошукавікі, выходзіш на асобныя публікацыі. Інфармацыі вельмі мала, а здымкаў часам няма зусім. Мая мэта – вярнуць творы і імёны ў тую прастору, якая адкрытая заўжды”.

Што самае цікавае, праект “(Не)расстраляная паэзія” здзейсніўся на народныя грошы. Сяргей Будкін прызнае: зроблена не ўсё. Мусілі з’явіцца банеры з цытатамі паэтаў, маечкі-баечкі з іх абліччамі. Затое зрабілі нататнікі – “маўклівыя кнігі” – з вершамі і партрэтамі герояў праекта. “УКантакце рэакцыя на праект аказалася большай, чым у Фэйсбук. Там людзі наетыя і думаюць, што яны самыя разумныя. Праз гэтую сцяну цяжка было прабіцца”.

Цягам году-двух у межах праекта мусіць выйсці кніга з тымі самымі 12-цю лекцыямі пра рэпрэсаваных паэтаў. Да выдання далучаць дыск з песнямі.

У межах гутаркі слова мела сцэнарыстка Марта-Дарыя Клінава. Разам з рэжысёрам Іллём Бажко яны зрабілі дакументальны фільм “Зніклая паэзія”. Героі – Тодар Кляшторны, Ізі Харык, Юлій Таўбін і Майсей Кульбак. Яна зазначыла, што падчас стварэння фільма матэрыялаў не хапала катастрафічна.

Адразу ж пасля грунтоўнай размовы глядач трапіў на драйвовы міні-канцэрт Алеся Дзянісава. Яму, як і Кляшторнаму, перапала ад афіцыйных установаў: кажуць, нізкі мастацкі ўзровень песен. Слухачы ўпэўніліся ў зваротным, пачуўшы песні на словы Уладзіміра Караткевіча, Алеся Чобата, Дануты Бічэль і Уіяльяма Йетса – з ірландскім аганьком і беларускім акцэнтам.

Тэкст і фота: Наста Грышчук, lit-bel.org