Рэцэнзія на кнігу Паўла Касцюкевіча "Зборная РБ па негалоўных відах"

Павал Касцюкевіч. Зборная РБ па негалоўных відах

спорту: апавяданні. – Мінск: Логвінаў, 2011. – 138 с. 

 

 

“І нічога палітычнага тут няма!” – адразу папярэджваю тых, хто першым разам пабачыў вокладку зборніка “Зборная…”, гэтаксама як папярэдзілі мяне ў кнігарні. Аб’ект увагі Паўла Касцюкевіча – не дзіўна пазнавальная фігура на першым плане, а насельнікі будынка няпэўных колераў, якія падзеліся невядома куды.

То бок, з колерамі ўсё зразумела: дождж, снег, сонца – і фарба паблякла, змылася, нават зеленаватыя плямы з’явіліся, а грошай у ЖЭСу на рамонт няма, хаця жыхары штомесяц нешта адлічваюць. З жыхарамі ўсё больш таямніча: можа, іх захапілі і знішчылі дзьмухаўцы, можа, яны паляцелі на Месяц і палююць там на патрыманыя “Аўдзюшкі” са смачнымі хрумсткімі фарамі, а можа, разам кінуліся ў “катлы адпушчэння” харчовага камбіната…

Зрэшты, хіба галоўны трэнер увогуле не мае дачынення да таго, што робіцца ў ягонай зборнай? Апошняя старонка вокладкі падаецца цікавейшай за фотаздымак: рознакаляровыя словы, набраныя рознымі кеглямі, змешчаныя па вертыкалі і па гарызанталі, даюць магчымасць зусім інакш прачытаць пачатак апавядання, што даў назву зборніку, і выявіць ягоны алегарычны сэнс. Выдатны прыклад “графічнай прозы” – ці мо ў “рэкламазнаўстве” знойдзецца больш адпаведны тэрмін?.. Калі ж нарэшце разгарнуць кнігу, то з жанравымі азначэннямі будзе крыху прасцей. Замест прадмовы сучасненькая “Замова ад страху”, далей – у апавяданнях альбо між імі – дзіцячая страшылка, ліст, інтэрв’ю, верш Андрэя Адамовіча, апісанні чатырох тарыфных планаў, і прыкладна пасярэдзіне, як ужо прызвычаіўся чалавек эпохі мас-медыя, – “Крыху рэкламы не зашкодзіць”.

Шмат якія апавяданні “Зборнай…” можна назваць фантасмагорыямі: старое, добрае крытычна-рэалістычнае адлюстраванне жыцця ашмянскіх цётак-чаўнакоў ці працы сталічнай сталоўкі раптам выбухае фантастычнай, абсалютна непрадказальнай падзеяй, абавязкова трагічнай для кагосьці з персанажаў, а часам і для ўсяго чалавецтва. І ў сполахах ад гэтага выбуху зусім іншай бачыцца родная рэчаіснасць, у якой самыя звыклыя з’явы пачынаюць здавацца небяспечнымі, фатальнымі, а некаторыя сучасныя тэндэнцыі набываюць патэнцыю “надрэлігійнай, наднацыянальнай звыш-ідэі”. Так, прынамсі, адбываецца ў апавяданні “Бэтэльгезіянскія хронікі”, дзе новая звышвера планеты прыходзіць з лозунгам “Чарка, Скварка, Іншамарка”, і ўсё мужчынскае насельніцтва Зямлі пачынае ў пераносным і ў прамым сэнсе паляваць на патрыманыя аўтамабілі.

Як ужо можна здагадацца, фантасмагорыйкі Касцюкевіча не звычайныя, а постмадэрновыя. Пасля чытання прадмовы і паслямовы да зборніка Макса Шчура “Ліст, знойдзены на папялішчы” ў мяне засталося цвёрдае перакананне, што для большасці маладых беларускіх празаікаў найлепшай ацэнкай творчасці будзе залічэнне ў постмадэрністы. Дык чаму б урачыста не абвясціць постмадэрновыя рысы, уласцівыя прозе Паўла Касцюкевіча?

Па-першае (ці нават па-другое, бо пра жанравы мікс мы ўжо згадалі), гэта вялікая колькасць алюзій на рэаліі сучаснага беларускага жыцця, а таксама безліч цытат і рэмінісцэнцый. Асабліва прыемна, што аўтар часцяком звяртаецца да класічнай спадчыны беларускай літаратуры – пачынае з самога Францішка Скарыны і праз Купалу ды Караткевіча скончвае прэцэдэнтным “слухай бацьку”. Зборнік наогул ультрабеларускі і ультрасучасны: нават геаграфічна аўтар згадвае добрую сотню беларускіх гарадоў, мястэчак, вытворчых прадпрыемстваў і айчынных вырабаў – ад крэму “Балет” да “Аліварыі-Айс” з новым дызайнам бутэлькі.

Апавяданні Паўла Касцюкевіча напісаныя з той іранічна-скептычнай інтанацыяй, якая гэтак імпануе большасці сучасных маладых аўтараў. Іронія так і бруіцца ў ягоных творах (трэцяя постмадэрновая рыса), прычым, істотна, што “Зборная…” – кніга надзіва пазітыўная. Здаецца, што Касцюкевіч быў абвешчаны лаўрэатам прэміі імя Гедройца менавіта за сваю пазітыўнасць (а таксама чытэльнасць: зборнік можна праглынуць на адным дыханні). 

Пры гэтым у “Зборнай РБ па негалоўных відах спорту” закранаецца шмат праблемных момантаў і адбываецца безліч вельмі трагічных падзей. Сакрэт пазітыўнасці зноў жа постмадэрновы: для Касцюкевіча творчасць – гэта гульня. Яму нічога не каштуе абрынуць камету на Айку-кантрабандыстку, альбо надзець на суку-крата “брыльянтавыя sunglasses ад Армані” і выправіць яго на разбурэнне космасу, альбо пакінуць на волю лёсу Таню з робатам-міліцэйскім, ніяк не абгрунтаваўшы іхняе з’яўленне далейшым развіццём сюжэту. Аўтар мала клапоціцца пра лагічнасць і заканамернасць гэтага самага развіцця сюжэту, а ягоныя героі за некалькімі выключэннямі (вобразы-тыпы Айка ды Ціханаўна) нагадваюць просценькіх пластылінавых чалавечкаў, якія не выклікаюць аніякага спачування, што б ні вырабляў з імі творца.

Вось у апавяданні “Вечнасць ды іншыя часы” “Бярнардзе Бярнардаўне Дзям’янчык сніцца кіраўнік савецкай Беларусі Пётр Машэраў і вельмі просіць прынесці яму на магілу кропу”. Гераіня ранкам прыходзіць з кропам на могілкі, уцякае там ад міліцыянера і выпадкова трапляе да помніка былога палюбоўніка, дзе з лаканічнага надпісу “Pamęć od żony, syna, córki” даведваецца, што той меў сям’ю. Твор караценькі, пра Бярнарду Бярнардаўну зразумела, што гэта даволі рухавая кабета пенсійнага ўзросту, якая падпрацоўвае ў канторы і, верагодна, паходзіць з польска-каталіцкага роду. І больш ніякай вам псіхалагічнасці і, крый Божа, сентыментальшчыны. Адзінае, што сапраўды спыняе, – не толькі міліцыянера, але і чытача – гэта раптоўнае сутыкненне з помнікам экіпажу “Як-40”, дзе “два лётчыкі і тры сцюардэсы – на адзін твар”. Бо “на казённыя грошы”. Але што з гэтага? Чаму кроп? Чаму Машэраў? Навошта, нават з кропам, уцякаць ад міліцыянера, калі нічога злачыннага не робіш? Якая каму справа да палюбоўніка Бярнарды Бярнардаўны, думкі і пачуцці якой цалкам абыякавыя для аўтара і, у выніку, для чытача? І хіба хтосьці без Паўла Касцюкевіча яшчэ не ведае, што такія здарэнні магчымыя ў жыцці і, яшчэ часцей, у літаратуры? І ўвогуле, што гэта за лухцень?

“Сапраўды, лухцень! Абсурд, іронія, адноснасць, парадоксавасць, гульня,” – абаяльна пасміхнецца нам зусім не пакрыўджаны Павал Касцюкевіч і, можа, абгрунтуе свае аўтарскія правы велічэзнай цытатай з якога-небудзь постмадэрніста. Кроп і Машэраў – гэта проста прышпільна! А на заканчэнне гісторыі са спадарыняй Бярнардай – “на дзіва жоўты птах”, які весела спявае “Нарэшце ты дайшла” і нібыта запрашае прыгадаць назву твора і на ўласны густ яе інтэрпрэтаваць. Ну што, атрымліваецца? Магчыма, менавіта тут і павінны раскрыцца сэнс…

Сапраўды, не толькі лухцень і не толькі іронія ёсць у зборніку “Зборная…”. Напрыклад, “сука-крот” з аднайменнага апавядання паўстае гэткім правакатарам як для “гаранта канстытуцыі”, так і для “бабы Мані, святой кабеты, бабулькі з адукацыі і па нараджэнні”. Не дзіўна, што крот здатны сапсаваць афіцыйнае свята – але ж і баба Маня раз’юшана “пляжыць ужо і так знявечаны дол” ды з роспаччу крычыць тое самае нядобрае слова… Можа, праз недахоп талерантнас­ці да ўсяго жывога чалавецтва і трапіць у чорную дзірку? (Фэ, як стэрэатыпна мысляць гора-крытыкі.)

У апавяданні “Генная інжынерыя” сэнс нараджаецца з супрацьпастаўленняў. Не надта глыбакадумны, але характэрны мяшчанска-ашукальніцкі маналог касіркі Ціханаўны рэзка кантрастуе з узнёслай канцоўкай: “Нам няма на каго абаперціся, толькі на нашых дзядоў, якія на небе. І яны глядзяць на нас, бачаць нас, усё пра нас ведаюць – кожнае малое зрушэнне валаска, пасміхаюцца”. Але дзяды – Божачкі, якія нечаканыя ў нас дзяды! Напрыканцы аповеда Ціханаўна згадвае свайго бацьку, рэпрэсаванага ў сталінскія часы: “Крысо яго крэмавага плашча развіваецца не раўнуючы як крылы пасівелага крумкача”… Чытач ужо настройваецца на нешта (нарэшце!) душэўнае ці трагічнае, і раптам: “Суч’ё, гадаўё, яйцакруты! Так за трынаццаць гадоў асфальту і не паклалі!” – гарлае на ўсю вуліцу былы вязень канцлагера. Нічога не зробіш, дэканструкцыя. А вось падумаць, пры жаданні, ёсць над чым…

Да таго ж у некаторых творах гучаць мяккія, лірычныя ноткі, якія надаюць зборніку цеплыні. Так, у апавяданні “Шэсцьсот шэсцьдзесят шэсць вечароў” герой раптам разумее, што менскае вараннё – гэта світа шайтана, але змрочная фантазія апынаецца паратункам ад доўгай тугі: “бо сёння я, ушчэнт захоплены гэтай навалай, напэўна, першы раз пасля таго расстання, першы вечар за шэсцьсот шэсцьдзесят шэсць вечароў не думаю пра Свету”. У апавяданні “Амаль” сцвярджаецца адвечнае шчаслівае юнацкае перакананне ў тым, што наканаванае адзінае Каханне непазбежна сустрэнецца на жыццёвым шляху, як бы ні склаліся абставіны. “Дапусцім, сусветнавядомы хімік Барыс Кіт не вынайшаў свайго цуда-паліва для касмічных ракетаў” – і ўсё адно, паводле аўтара, першы касманаўт зробіць свой першы крок па Месяцы. Палёт чалавека на Месяц – у тэхнічна горшых умовах, чым гэта насамрэч адбылося – “запаралелены” з магчымым лёсам героя. Калі б “я сустрэў не цябе, а іншую жанчыну” звёны жыццёвага ланцужка былі б іншымі, але і ў “гэтай недасканалай версіі быцця” зрэшты давялося б сутыкнуцца з той Воляй, з якой выключна  магчымае сапраўднае пачуцце – і знаёмства абавязкова адбылося б. А вось дыялог між Я-героем і Юліяй (апавяданне “Я кахаю цябе, Юлія”) выяўляе нейкую нацягнутасць, штучнасць офіснага кахання – ці, можа, нязграбнасць першага прызнання, калі даводзіцца камуфляваць няўпэўненасць суперлагічнымі моўнымі канструкцыямі і  банальнымі сучаснымі фразамі...             

“Нарэшце ты дайшла”! Заўважым, што для аўтара літаратурная творчасць – гэта яшчэ і захапляльная гульня словаў. Стыль у Паўла Касцюкевіча своеасаб­лівы – дый хіба часта здараецца, каб у сучаснага маладога пісьменніка было неяк інакш? Адметная рыса менавіта Касцюкевіча – не столькі разнастайнасць мастацкіх прыёмаў, колькі кантрастнасць лексікі. Побач з мілымі чытацкаму воку слоўцамі “шатня”, “ўцешны”, “далібог”, “злыбяда”, замест якіх паўстагоддзі таму давялося б ужыць які-небудзь прыкры русізм, сустракаюцца і моладзевыя альбо прастамоўныя выразы кшталту “кайфаломшчык”, “поўны капец”, “няхілы загруз” ці “сячэш паляну”. І непрыстойна-лаянкавага ў зборніку багата – ад згаданага “сукі-крата” да “настоенай на стагоддзях і праверанай шматсотгадовым досведам рэплікі “Fuck you all!”, пасля якой напалоханы кансерватыўны крытык можа і напіша пра нават літаратурнае хамства сучаснай моладзі, але дакладна забудзецца на зняважлівае стаўленне аўтара да герояў і падзеяў ВАВ. Карацей, пісьменнік па-гаспадарску  незалежна і разняволена чэрпае з самых розных скарбонак беларускай літаратурнай (і нават не-беларускай і не-літаратурнай) мовы. І бясконца звяртаецца да ўсеабдымнага сучаснага інтэртэксту: разбурэнне Пампеі, баскервільскі сабака, Сцыла і Харыбда, Папоў і Марконі, піраміда Хеопса – што толькі ні згадвае, з чым толькі не параўноўвае Павал Касцюкевіч, каб пацешыць чытача і расквеціць свой аповед. І тое, і другое ў яго атрымліваецца – у выніку менавіта аўтар-апавядач робіцца адзіным цікавым героем, бо своеасаблівасць расповеду – ад ацэнкі розных падзей да кампазіцыйнай структуры – дае магчымасць даволі пэўна характарызаваць гэты вобраз, значна больш складаны і адметны, чым прыдуманыя нібыта ім, апавядальнікам, аднамерныя персанажы.

Варта таксама зазначыць, што гульня словаў часам заканамерна ператвараецца ў (чарговая постмадэрновая рыса!) гульню сэнсаў: “аральная напруга”, “зорка-суперстар”, “польскія гарадкі” – без кантэксту чытач зразумее гэтыя словы альбо зусім звыкла, альбо неяк не так, як прапануе аўтар “Зборнай…”. А тут яшчэ і салат “Нясвіжскі” перакінецца ў салат “Нясвежы”, ці кінецца ў вочы метафара зямлі як “Ноевага авіяносца”…  

І апошняе істотнае-постмадэрновае: пісьменнік абсалютна не прэтэндуе на элітарнасць, і ягоныя апавяданні могуць быць выдатна ўспрынятыя чытачамі рознай ступені культурнай дасведчанасці. Хтосьці ўзрадуецца сустрэчы са знакамітым прафесарам Арнольдам Макмілінам, а іншаму чытачу гэтае імя нічога не скажа – але ніякіх комплексаў у неабазнанага спажыўца не разаўецца, бо і без ведаў пра англійскага беларусіста апавяданне “Вайна з дзьмухаўцамі” цалкам “уежнае”. Звычайнае словазлучэнне “кіраваць да зор” у мяне, прыкладам, выклікае асацыяцыі з Багдановічам (“…усе мы разам ляцім да зор”), бо ў беларускім прыгожым пісьменстве больш ужывальнае, здаецца, слова “зоркі”. Іншаму ж чытачу ў развязцы апавядання “Сука-крот” хопіць для адчування дысанансу такіх непаэтычных слоўцаў, як “кінг-конг”, “урое”, “чыста рэальна зверху ўніз”, якія акаляюць згаданыя “зоры”. Як і мае быць, інтэртэкстуальнасць выклікае цікавасць да згаданых пісьменнікам твораў і аўтараў – прыватна для мяне загадкай стала назва апавядання “Мой франтавы таварыш Курт Вонегут”, і хочацца спадзявацца, што яе разгадванне прынясе чаканую інтэлектуальную асалоду.

Гэх, ну вось здаецца і ўсё, вылучылі мы завучаныя беларускімі літаратуразнаўцамі і беларускімі аўтарамі постмадэрновыя рысы – вядома, гэта спрошчаная, “школьная” версія, вядома, яшчэ наперадзе этапны для кожнага пачынаючага крытыка артыкул кшталту “Адкуль на Беларусі быць постмадэрнізму?”. Але пра “Зборную…” неяк атрымалася распавесці – і зараз, як патрабуюць правілы напісання рэцэнзій, варта абагульніць, вызначыць месца і ролю…

Галоўнае, што іранічная гульня словаў у зборніку “Зборная…” такі мае сэнс (для адных ён падасца дастатковым, для іншых – не) – і сведчыць пра літаратурны талент Паўла Касцюкевіча. Але нельга ўтрымацца ад цытавання вельмі зручнага ўрыўка з апавядання “Вайна з дзьмухаўцамі”:

“– Няма тут М-16, што тут незразумела?! Вось арэхавы прыклад, вось баёк – наладаваў, націснуў курок, наладаваў зноў. І калі трэба, памрэш, сабака, за беларускую літаратуру.

– There is nothing to die for!

– You told me!”

Пачынаецца вайна, усе агаломшаныя, разгубленыя, яшчэ і не такое блюзнерства можна выгукнуць. Але, калі сур’ёзна, то ці ёсць “Зборная РБ па негалоўных відах спорту” кнігай, за якую нарэшце варта памерці беларускаму літаратуразнаўцу? Мне чамусьці здаецца, што не. І чамусьці здаецца, што Павал Касцюкевіч па шчырасці з гэтым згодны. І няма тут ніякай абразы, бо:

“Паглядзіце зараз, наколькі адрознай была б пазіцыя чалавека, які замест таго, каб насычацца фразеалогіяй разнастайных канцэптуалістаў, свежым позіркам ахапіў бы свет з усведамленнем бязмернага значэння формы ў нашым жыцці. …О, той пісьменнік, пра якога я кажу, не аддаецца творчасці з той падставы, што лічыць сябе саспелым, але менавіта таму, што адчувае сваю няспеласць і ведае, што не авалодаў формай і што ён той, хто ўздымаецца, але яшчэ не ўзняўся, той, хто нараджаецца, але яшчэ не нарадзіўся. І калі надарыцца яму напісаць твор недарэчны і не надта разумны, ён скажа: – Выдатна! Я напісаў глупства, але я ні з кім не падпісваў кантракта на пастаўку адных толькі мудрых, дасканалых твораў. Я выявіў сваё глупства і ўсцешаны гэтым, бо чалавечая непрыхільнасць і суворасць, якія я выклікаў супраць сябе, фармуюць мяне і лепяць, нібыта пераствараюць, і вось я яшчэ раз наноў народжаны. З чаго зразумела: прарок, надзелены здаровай філасофіяй, так моцна верыць у сябе, што нават глупства і няспеласць яго не палохаюць і не могуць яму пашкодзіць – з высока ўзнятай галавой можа ён самавыяўляцца і абвяшчаць пра сваю нікчэмнасць, тым часам як вы ўжо амаль нічога не здатныя выявіць, бо страх пазбаўляе вас голасу”. (Вітольд Гамбровіч, “Фердыдурка”.)

Не толькі пісьменнік, але і крытык жыве з гнятлівым (ці мо, наадварот, “усцешным”?) адчуваннем, што да яго амаль усё сказана. Складана ўявіць, колькі крытычных парадаў, заўвагаў, пажаданняў і прысудаў ужо выказана на старонках літаратурных часопісаў і ў мастацкіх выданнях, колькі аднолькавых думак сфармулявана амаль слова ў слова. І калі пісьменніку застаецца “нацыянальная спецыфіка” ды “сучасная праблематыка”, то мастацтва, як вядома, вечнае…

Алеся Лапіцкая, "Дзеяслоў" № 59