Рэзалюцыя ХVІ З’езда ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”

З дакументаў З'езда

 

Рэзалюцыя

ХVІ З’езда ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”

 

Мы, удзельнікі ХVІ З’езда ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”

 

адзначаем, што Рэспубліка Беларусь перажывае сёння ці не самы цяжкі, драматычны этап свайго гістарычнага шляху. Вырашаецца лёс нацыі, беларускай мовы, нашай гісторыка-культурнай спадчыны. У гэтых умовах, нягледзячы на пастаянны ціск з боку ўладных структураў, пагрозу ліквідацыі нашага творчага аб’яднання, Саюз беларускіх пісьменнікаў застаецца адной з самых аўтарытэтных і дзеяздольных творчых арганізацый краіны, усю сваю дзейнасць скіроўвае на развіццё і прапаганду набыткаў нацыянальных літаратуры і культуры, пашырэнне сферы ўжывання беларускага слова, захаванне канстытуцыйных правоў літаратараў на свабоду слова і друку.

 

Выказваем глыбокую занепакоенасць сітуацыяй, якая склалася ў краіне з беларускай мовай. Нягледзячы на афіцыйна абвешчанае двухмоўе, мова тытульнай нацыі дыскрымінуецца на ўсіх узроўнях. Колькасць беларускамоўных школ і класаў кожны год скарачаецца, па-ранейшаму ў Беларусі няма ніводнае ВНУ, дзе ўсе прадметы выкладаліся б па-беларуску. Справаводства ў дзяржаўных установах па-беларуску практычна не вядзецца, чыноўнікі адкрыта грэбуюць роднай мовай. На дзяржаўным тэлебачанні па-беларуску вядуцца толькі асобныя перадачы, а на асабліва папулярных цяпер FM-радыёстанцыях беларуская мова амаль не гучыць. І гэта няглядзячы на тое, што паводле перапісу 2009 года 84 % жыхароў краіны назвалі сябе беларусамі. Дэлегаты З’езда СБП настойліва патрабуюць ад кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь практычнага забеспячэння дзяржаўнага статуса беларускай мовы.

 

Асуджаем скарачэнне колькасці беларускамоўных выданняў. За апошнія дзесяць гадоў перасталі выходзіць часопісы “Крыніца”, “Беларусь”, “Першацвет”, газеты “Чырвоная змена”, “Раніца”, пад пагрозай знікнення  знаходзяцца часопісы “Бярозка” і “Вожык”. На дзяржаўным тэлебачанні практычна зніклі  перадачы, прысвечаныя літаратуры і творцам. У дзяржаўных выдавецтвах і СМІ практыкуецца непаважнае стаўленне да выдатных нацыянальных творцаў, пісьменнікаў-юбіляраў, існуюць забароны на публікацыю твораў і нават узгадванне імёнаў членаў ГА “СБП” — такім чынам груба парушаюцца іх грамадзянскія правы.

 

Падкрэсліваем неабходнасць шырокай дзяржаўнай падтрымкі літаратараў і дзеячаў беларускай культуры замежжа: Польшчы, Літвы, Расіі, Украіны... На наш погляд, даўно наспела неабходнасць стварэння ў гэтых і іншых краінах Інстытутаў Беларусі, якія сталі б цэнтрамі нацыянальнай ідэнтычнасці, асяродкамі падтрымкі нашых суайчыннікаў у іх імкненні захаваць духоўную повязь з Бацькаўшчынай.

 

Запэўніваем беларускае грамадства, што Саюз беларускіх пісьменнікаў і надалей не саступіць з абранага яго сябрамі шляху на дэмакратычныя пераўтварэнні ў дзяржаве, будзе паслядоўна адстойваць і абараняць нацыянальную культуру і мову. Мы заклікаем дэмакратычныя сілы краіны дзейнічаць згуртавана і самааддана дзеля лепшай будучыні нашай Радзімы, захавання яе дзяржаўнага суверэнітэту.

 

Прынята на ХVІ З’ездзе ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”

Мінск, 10 снежня 2011 г.