Рыгор Барадулін: “Нацыястваральная праца за паэтамі застаецца”

Прамінулае лета для Рыгора Барадуліна было багатым на падзеі. У чэрвені ён быў уганараваны Прэміяй імя Васіля Быкава, якую заснаваў грамадзкі рух “За свабоду”. А ў ліпені том выбраных твораў народнага паэта выйшаў у “клясычнай” сэрыі “Беларускі кнігазбор”. Амаль да апошніх дзён жніўня Рыгор Барадулін знаходзіўся ў роднай Вушачы, а па прыезьдзе ў Менск адказаў на пытаньні Міхася Скоблы ў праграме “Дом літаратара”.

Міхась Скобла: “Спадар Рыгор, што азначае для вас прэмія, якая носіць імя Васіля Быкава?”

Рыгор Барадулін: “Для мяне гэтая прэмія – і памяць пра Васіля вялікага, і вялікая адказнасьць. Гэтая прэмія мне дадзена навырост, каб я не забываўся, што свабода – гэта праца, што за свабоду трэба змагацца, ваяваць. А яшчэ – каб не драмала маё сумленьне. Мне асабліва было прыемна атрымаць яе ў Бычках, у тых мясьцінах, дзе я бываў з Васілём, калі былі жывыя ягоныя бацькі. Я нібы пабываў у сьвеце Васіля Быкава ў прамым і пераносным сэнсе. Таму што апошнім часам я знаходжуся ў сьвеце ягонай творчасьці, а тут пабываў у канкрэтным сьвеце яго маленства”.

Скобла: “Беларуская літаратура ад часоў Францішка Багушэвіча выконвала нацыястваральную ролю. Паэты як бы дапамагалі Творцу даствараць Беларусь. Ці застаецца гэтая роля за сёньняшняй літаратурай?”

Барадулін: “Бог ведае, каго абіраць сабе ў памочнікі, каму давяраць такі адказны занятак. Нацыястваральная праца за паэтамі, вядома ж, застаецца. Таму што менавіта паэты дапамагаюць нацыі ўсьвядоміць сябе. Нацыя можа існаваць толькі тады, калі яна размаўляе на роднай мове. Калі нацыя карыстаецца чужой мовай, то і сама робіцца чужой нацыяй. Зьнішчыць нацыянальную мову – зьнішчыць нацыю. Камуністы ўвесь час гэтым займаліся. І цяпер пагроза над беларускай нацыяй застаецца. І адзіныя, хто пярэчыць гэтаму, – паэты, якія верныя сваёй мове, сваёй нацыі, і верныя Богу. А сёньняшнія “праваслаўныя атэісты” часам стаяць у царкве, сьвечку ў правай руцэ трымаючы – як дубінку. Ня ведаюць, што сьвечку трэба трымаць у левай, бо правай жа – хрысьціцца”.

Скобла: “Гэтым летам выйшлі вашы “Выбраныя творы” ў знанай сэрыі “Беларускі кнігазбор”, прычым кніга выдадзеная на сродкі вашых прыхільнікаў. Якім вам хочацца бачыць свайго чытача – аднадумцам, ці чалавекам, якога ваша паэзія навяртае да беларушчыны?”

Барадулін: “Па-першае – дзякуй і нізкі паклон усім, хто спрычыніўся да выданьня гэтай кнігі, хто зрабіў свой унёсак. А наконт чытача... Я хачу бачыць яго непалахлівым, самастойным беларусам, гаспадаром сваёй краіны. Нарадзіцца мне выпала ў савецкай Беларусі, то хоць памерці хочацца ў Беларусі беларускай”.

Скобла: “У свой час вы пераклалі на сучасную беларускую мову “Слова пра паход Ігара”. У 2006 годзе ў Санкт-Пецярбургу выйшла манаграфія расейскага дасьледчыка Аляксандра Зіміна, які даволі аргумэнтавана даводзіць, што, па-першае, “Слова…” напісанае не ў ХІІ-ым, а ў ХVІІІ стагодзьдзі, а па-другое, што аўтар “Слова…” – беларус Іван Быкоўскі. А ў вас якія думкі на гэты конт?”

Барадулін: “Калі я перакладаў, то, скажу шчыра, часам падумваў, што “Слова…” не магло зьявіцца ў ХІІ стагодзьдзі. Там успрыманьне сьвету больш блізкае паэзіі ХVІІ-га, VІІІ стагодзьдзяў. А тое, што аўтар “Слова…” аднекуль зь Беларусі, гэта відавочна. У “Слове…” столькі беларусізмаў! Я разумею, што многія сёньня будуць усьміхацца, пакепліваць, што мы зноў цягнем коўдру на сябе. Але часам гэта й не зашкодзіць. Заўсёды нас абкрадалі ўсе, каму не лянота. Таму і скажу: я таксама лічу, што аўтар “Слова…” – беларус. Пакуль гэта гіпотэза, але, думаю, зь цягам часу вэрсія Зіміна будзе даказана дакладна”.

Скобла: “Нядаўна ў нашым “Доме літаратара” паэт Андрэй Хадановіч расказваў пра ўсясьветны паэтычны фэстываль у Калюмбіі, на адкрыцьці якога прысутнічала 6 000 чалавек. А калі ў Беларусі, на вашу думку, была найбольшая цікавасьць да паэзіі?”

Барадулін: “Відаць, пасьля вайны. Людзі тады былі згаладалыя па прыгажосьці, ачарсьцьвелыя на вайне душы праглі спакою, яны адтавалі, як зямля вясною адтае ад марозу. А потым паступова быў спад цікавасьці. Ну, а цяпер паэзія адапхнутая на ўзбочча жыцьця. Па тэлевізары – адны забойствы, голыя ногі гэтак званых “поп-зорак” (“поп-зоркі” – відаць, ад слова “попа”). Ні на радыё, ні ў газэтах сёньня паэзіі месца няма”.

Скобла: “А дзе вас слухалі самыя шматлікія аўдыторыі?”

Барадулін: “У Прыбалтыцы, у Сярэдняй Азіі. І ў пачатку 90-х гадоў у Віцебску, дзе мы выступалі разам зь Яўгенам Еўтушэнкам. Дарэчы, хоць гэта, можа, і нясьціпла гаварыць, але мне ад віцяблянаў было больш аплядысмэнтаў, чым яму. І Еўтушэнку гэта страшна не спадабалася… У сучаснай Беларусі масавая цікавасьць да паэзіі зьявіцца тады, калі вернецца павага да мовы, да нацыянальных каштоўнасьцяў. Як толькі вернецца мова – вернецца і паэзія”.



РЫГОР БАРАДУЛІН. З НОВЫХ ВЕРШАЎ

* * *

З усіх забытых і замоўклых моў
Трывае толькі мова камянёў.

Яна яднае змрок і чысьціню,
На ёй стагодзьдзі думаюць глыбінна.
На мове камянёў упершыню
Загаварыла ўпартая лавіна,
Каб счысьціць з ранішняй зямлі датла
Праклён прадоньня і людзкое сьмецьце.
Спачатку мова камянёў была,
Пасьля – маўчаньне ў стомленым Сусьвеце.

Звар’яцелае пытаньне ля помніка Якубу Коласу

Мулка ганьбе й славе
На падсуднай лаве.
Вочы бессаромныя ў спакусы:
Ці ж застацца ў Беларусі
Мусяць неўзабаве
Толькі бронзавыя беларусы?

* * *

Усё жывое – дым і цішыня,
Маўчун-валун і рэха баравое,
І вышыні зайздросьціць глыбіня,
І вышыня прыкінецца гарою.

А на гары гняздо саўе груган,
Каб крыламі сьмялелі груганяты.
І ветру наўздагон крычыць туман:
“Хоць дол – мой дом, я, як і ты, крылаты”.

* * *

Ступаецца ўпэўнена раньняму кроку.
П’е смага нагбом з маладога карца.
Агонь чуе шэпт таямнічага змроку,
Рака прадчувае пачатак канца.

Завеі і абарыгены-каменьні,
Усе, хто настылай душой адтае,
Урэшце свае даганяюць памкненьні,
Адно чалавек ад сябе адстае.

* * *

Вырвацца нельга з прыгону жыцьця.
Роспач і стома ў душы, як дома.
Хочацца мёртвым зайздросьціць, хаця
Як ім жывецца т а м, невядома.

Ці ўсе раскашуюцца, як паны?
Злом ці дабром поўны скрыні й прыскрынкі?
Думы цяжкія там, як валуны,
Клопаты лёгкія, як аблачынкі.

Кожны аднойчы дазнаецца сам,
Як гэта ўсё – т а м.

* * *

Мітусьлівая шляхта – местачковыя вераб’і
Ля базарных вазоў балявалі ў ахвоту.
Тут бяседы былі, і любошчы, й баі,
І над цёплым грудком – пэрспэктыва для ўзьлёту.

Весялеў вераб’ём мой настрой малады
І трымцеў над вазамі зь мяхамі настрою.
Зноў я тут, дзе прысталі гады ад хады,
Толькі – іншыя вераб’і і мястэчка ня тое.

* * *

Я пачынаю цемру разумець.
Яшчэ ня ноч, але далёка раніца.
Пазелянела поўневая медзь,
Самота зь цішынёй ахвотна раіцца.

Мой сон блукае ў дажджавым трысьці,
Мой неспакой з маркотаю ў хаўрусе.
Знайсьці сябе цягнуся ў небыцьці –
І паступова цемраю раблюся.

* * *

На пні сьпілаванай яліны,
Амаль заімшэлы, сяджу.
Плывуць успаміны,
Маўчаць аблачыны,
Чакае сьпёка дажджу.

Ня хоча прамень забывацца,
Што быў нядаўна агнём.
І гэта таксама праца –
Паціху рабіцца пнём.

 

Паводле “Радыё Свабода”

Фота "Радыё Свабода"