Рыгор Сітніца абраны Старшынём Саюза мастакоў

Рыгор Сітніца

Як паведамляе "Наша Ніва", з 2007 года два тэрміны арганізацыяй кіраваў Уладзімір Савіч. Усе гэтыя гады яго першым намеснікам з’яўляўся Рыгор Сітніца, які выставіў кандыдатуру на новых выбарах. Таксама былі вылучаны яшчэ чатыры асобы. Скульптары Уладзімір Слабодчыкаў і Генадзь Буралкін, мастакі Алесь Суша і Мікола Бушчык (апошні ўзяў самаадвод).

Перамог Рыгор Сітніца, набраўшы 132 галасы. На другім месцы Уладзімір Слабодчыкаў – 101 голас. Двух астатніх кандыдатаў падтрымалі каля паўтара дзясятка дэлегатаў.

Пасля перамогі новы старшыня Саюза мастакоў абвясціў, што яго першым намеснікам будзе Аляксандр Дранец – аўтар помніка Францыску Скарыну ля Нацыянальнай бібліятэкі.

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" віншуе Рыгора Сямёнавіча з абраннем на новую пасаду і зычыць плёну ў творчай і грамадскай дзейнасці! 

Прэсавая служба СБП