Рускія пісьменнікі «абураныя рэпрэсіўнай палітыкай беларускіх уладаў»

«Мы абураны рэпрэсіўнай палітыкай беларускіх уладаў і заклікаем калег ва ўсім свеце узняць голас пратэсту супраць падаўлення асноўных свабод у Беларусі»,  — гаворыцца ў заяве Рускага ПЭН-цэнтра, размешчанай на сайце расійскага аддзялення гэтай сусветнай арганізацыі пісьменнікаў.

«Мы таксама заклікаем урад Расіі строга рэгламентаваць эканамічныя прывілеі, што даюцца рэжыму Лукашэнкі, і паставіць іх у прамую залежнасць ад выканання правоў чалавека беларускімі ўладамі», — падкрэсліваецца ў заяве.

Як зазначаюць члены арганізацыі, «апошнім часам з Беларусі пастаянна прыходзяць паведамленні аб жорсткім насіллі над тымі, хто спрабуе так ці інакш выказаць сваю думку аб палітыцы ўладаў. Вядома, што свабода слова ў гэтай краіне падаўлена даўно».

Былі асуджаны пісьменнікі і журналісты Уладзімір Някляеў, Ірына Халіп, Павел Севярынец, Аляксандр Фядута, Дзмітрый Бандарэнка і іншыя, канстатуецца ў заяве. «Зараз размова ўжо нават не пра свабоду слова, але пра свабоду жэсту (забароны апладысментаў), пра права проста знаходзіцца на вуліцах Мінска. Немагчыма абыякава глядзець, як мажныя супрацоўнікі бяспекі ўчатырох-упяцёх накідваюцца, збіваюць і зацягваюць у „варанкі“ безабаронных жанчын і старых, якія ўсяго толькі падазраюцца ў нязгодзе з палітыкай Лукашэнкі. Мы, пісьменнікі Расіі, выказваем сваё спачуванне і падтрымку ўсім, хто зведвае насілле ў Беларусі», — гаворыцца ў заяве.

Пад дакументам падпісаліся члены выканкама Рускага ПЭН-цэнтра, вядомыя пісьменнікі Андрэй Бітаў, Аляксей Сіманаў, Леў Цімафееў, Юна Морыц, Аляксандр Гарадніцкі, Людміла Уліцкая, Ігар Ірценьеў.

БелаПАН, nn.by