СБП – лаўрэат шведскай прэміі ALIS

Шведскі адміністрацыйны цэнтр аўтарскіх правоў у галіне літаратуры ALIS уручае сваю ўзнагароду штогод пачынаючы з 2002 года.

Грамадскую арганізацыю, якая працуе ўжо дваццаць гадоў, заснавалі чатыры творчыя аб'яднанні: Саюз пісьменнікаў, Саюз драматургаў, Саюз журналістаў і Саюз навукоўцаў – аўтараў падручнікаў.

“Heroes of Copyright” з’яўляецца сімвалічнай прэміяй, да 2015 года ёю ўганароўваліся ў асноўным вядомыя шведскія пісьменнікі, навукоўцы і журналісты, якія пішуць пра абарону аўтарскага права.

Уручэнне “Heroes of Copyright” замежнаму для Швецыі Саюзу беларускіх пісьменнікаў важнае і для самой арганізацыі ALIS, бо ад 2015 года прэмія набывае міжнародны характар.

Урачыстасць адбылася на пляцоўцы Саюза пісьменнікаў Швецыі. Ад імя шведаў выступілі кіраўнікі ALIS Сус Андэрсан і Біргіт Хагебю.

Яны прадставілі прэмію і пазнаёмілі аўдыторыю з СБП. Пасля ўручэння памятнага дыплома было сказана прачулае слова, якое хутчэй нагадвала верш.

Гэта насамрэч і быў верш аўтарства Біргіт Хагебю, частка яго была змешчана і на дыпломе ў арыгінале і ў перакладзе на беларускую мову Надзеі Кандрусевіч-Шыдлоўскай.

Пасля ўзнагароджання на стэндзе Шведскага саюза пісьменнікаў адбылася размова Старшыні Шведскага саюза пісьменікаў Гунара Ардэліюса з Барысам Пятровічам. Спадар Барыс распавёў пра няпростыя ўмовы працы літаратараў пры адсутнасці ў краіне праўдзівай дэмакратыі.

Акрамя ўручэння прэміі ALIS, на міжнародным кніжным кірмашы ў Гётэборгу беларусы ўдзельнічалі яшчэ ў некалькіх імпрэзах. Барыс Пятровіч прадстаўляў новае электроннае выданне сваёй кнігі “Фрэскі” на шведскай мове ў перакладзе Дзмітрыя Плакса. У ягоным жа перакладзе выйшла кніга вершаў Дзмітрыя Строцава, якая таксама прэзентавалася на кірмашы.

 

Біргіт Хагебю

 

Расліна можа прымусова расці ў цяжкіх умовах.

Паводка, тайфун ці выкід вулкану

Можа размыць глебу і затапіць карані.

 

Стыхійныя прыродныя катастрофы могуць значна змяніць умовы існавання.

Некаторыя расліны загінуць, некаторыя стануць моцнымі і працягнуць расці.

Дзень, тыдзень, год.

 

Але ёсць расліны,

Якія растуць у немагчымых месцах ад самага пачатку.

Якія ўпарта растуць там,

Дзе здавалася б няма ніякіх умоваў.

 

Ім даводзіцца ўвесь змагацца,

Каб абараняць сваё існаванне

І не толькі існаваць, але і развівацца,

Пускаць расткі, квітнець і даваць

Цудоўныя плады

Без паветра, святла, вады і ценю.

 

І так здараецца, што гэтае прыгожае немагчымае жыццё

На краі прорвы

Існуе не толькі для сябе.

Яно дае надзею іншым,

Хто хоча верыць, што тое, што яны робяць,

З любові да аднаго і да бліжніх,

Мае значэнне.

 

Сёння мы тут, каб звярнуць увагу і ўганараваць

Вось такую рэдкую расліну,

Якая працягвае расці,

І толькі становіцца мацней

У надзвычай цяжкіх умовах.

Мы не можам значна дапамагчы,

І нашая падтрымка хутчэй сімвалічная.

Але мы можам сказаць, што мы бачым –

І спадзяемся, што ўжо гэта

Само па сабе каштоўна.

 

(Пераклад Надзеі Кандрусевіч-Шыдлоўскай)

На фота: Старшыня ГА "СБП" Барыс Пятровіч атрымлівае ўзнагароду, фота з Фэйсбуку ALIS

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"