СБП узяў удзел у Генеральнай асамблеі Савету балцкіх пісьменнікаў

1-2 сакавіка ў горадзе Вісбі на шведскім востраве Готланд прайшла штогадовая Генеральная Асамблея Савету балцкіх пісьменнікаў, актыўны ўдзел у якой узяў і наш Саюз.

Падчас двухдзённых сустрэчаў, якія аб’ядналі прадстаўнікоў 14 пісьменніцкіх і перакладчыцкіх арганізацый з 10 краінаў, што гістарычна і геаграфічна належаць да Балцкага рэгіёну, абмяркоўваліся шматлікія пытанні, датычныя як сучаснага стану нацыянальных пісьменніцкіх арганізацый, так і літаратурнага працэсу наагул.

Пасля зацвярджэння праграмы асамблеі Старшыня Савету Яніна Арлоў (Швецыя) распавяла пра тое, якія накірункі дзейнасці падтрымліваў Савет цягам апошняга году. Побач са шматлікімі літаратурнымі мерапрыемствамі, праведзенымі пры садзеянні Савету, Яніна падкрэсліла, што “беларускае пытанне” не губляе сваёй актуальнасці. Падтрымка няўрадавых культурных ініцыятыў, кантакты з беларускімі дзеячамі літаратуры і мастацтва, садзеянне культурнаму абмену застаюцца адным з важных кірункаў дзейнасці Савету. Таксама Яніна расказала пра новы літартурны праект “Picture this!”, які пройдзе ў чэрвені ў фінскім горадзе Турку. Узяць у ім удзел запрошаныя і беларускія творцы.

Яшчэ адным важным пытаннем, прынятым падчас Генеральнай асамблеі, было ўключэнне ў шэрагі Савету Саюзу грузінскіх пісьменнікаў. Пасля ажыўленай дыскусіі на гэтую тэму з перавагай у дзве трэці галасоў сяброўства гэтай арганізацыі ў шэрагах Савету балцкіх пісьменнікаў было зацверджанае.

Падчас Генеральнай асамблеі адбылася прэзентацыя шэрагу літаратурных праектаў, у якім актыўны ўдзел бярэ Савет балцкіх пісьменнікаў. Петэр Курман, прадстаўнік Саюзу шведскіх пісьменнікаў, распавёў пра ініцыятыву правесці пісьменніцкі круіз, які аб’яднае пісьменнікаў са Швецыі, Фінляндыі, Нямеччыны, Турцыі, Даніі, Ірана і іншых краінаў. Па задуме арганізатараў, карабель выйдзе з порта ў Стамбуле з прыпынкамі ў Хайфе, Бейруце, Александрыі, Родасе і іншых гарадах, а на яго борце адбудуцца шматлікія літаратурныя чытанні, абмеркаванні і сімпозіумы. Сваёй мэтай арганізатары гэтага мерапрыемства бачаць наладжванне дыялогу ў сучасным кафліктным свеце і ўсталяванне асабістых кантактаў паміж удзельнікамі круізу.

Нямецкі паэт Клаус-Юрген Лідтке прэзентаваў Віртуальную балцкую бібліятэку, усе творы якой тым ці іншым чынам прысвечаныя Балцкаму мору, краінам, якія знаходзяцца на яго берагах, і іх жыхарам. На дадзены момант на сайце прадстаўленыя творы на 11 мовах Балцкага рэгіёну і яшчэ двух “небалцкіх” мовах –  ангельскай і лацінскай. Варта адзначыць, што кожны тэкст у бібліятэцы мусіць быць перакладзены на кожную “балцкую” мову. На жаль, беларуская пакуль не прадстаўленая ў бібліятэцы.

Прадастаўнікі пісьменніцкіх арганізацый Савету балцкіх пісьменнікаў распавядалі пра дзейнасць сваіх аб’яднанняў за год. Пра здзейсненае Саюзам беларускіх пісьменнікаў, яго праблемы і поспехі за год сваім калегам расказала Юлія Цімафеева, прэсавы сакратар нашай арганізацыі.

Таксама на сёлетняй Генеральнай асамблеі адбылося абранне кіраўніцтва Савету. На месца старшыні арганізацыі была пераабраная Яніна Арлоў. Прадстаўніца нашага Саюзу была абраная намеснікам аудытара Савету балцкіх пісьменнікаў.

У перапынках паміж афіцыйнымі пунктамі праграмы, шматнацыянальная пісьменніцкая грамада дзялілася навінамі жыцця сваіх арганізацый за год, абмяркоўвала магчымыя праекты супрацоўніцтва, абменьвалася досведам.

Прэсавая служба СБП