СБП узяў удзел у сустрэчы пісьменніцкіх арганізацый балтыйскага рэгіёну

У склад рады ўваходзяць амаль 20 арганізацый балтыйскага регіёну, у тым ліку і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”. 

Падчас сёлетняй генеральнай асамблеі абмяркоўваўся цэлы шэраг пытанняў: былі прадстаўленыя даклады, прысвечаныя агляду дзейнасці пісьменніцкіх арганізацый за год, абмеркаваныя далейшыя перспектывы ўзаемасупрацоўніцтва пісьменніцкіх і перакладчыцкіх арганізацый Балтыкі. 

Важным рашэннем, якое прыняла сёлетняя генеральная асамблея, была змена назвы арганізацыі. Новая назва цяпер будзе гучаць як “Балтыйская піьменніцкая і перакладчыцкая рада” замет “Балтыйская пісьменніцкая рада”. Гэта было зроблена з мэтай зрабіць “бачнымі” перакладчыцкія арганізацыі, што ўваходзяць у раду нароўні з пісьменніцкімі. 

І, натуральна, адной з самых значых падзеяў сёлетняй сустрэчы было абранне новай старшыні і новай рады арганізацыі. Цяпер кіраўнічы орган Балтыйская пісьменніцкай і перакладчыцкай рады складаецца з Казімеры Астратавінэ (старшыня, Літоўская асацыяцыя літаратурных перакладчыкаў), Стэфана Інгварса (намеснік страшыні, Шведскі саюз пісьменнікаў), Мудзітэ Трэйманэ (скарбнік, Латышскі саюз пісьменнікаў), Хейдзі фон Вріхт (сакратар, Фінская асацыяцыя шведскамоўных пісьменнікаў), Юлія Цімафеева (Саюз беларускіх пісьменнікаў). 

Яшчэ адно новаўвядзенне: цяпер кожны другі год генеральная асамблея Балтыйскай пісьменніцкай і перакладчыцкай рады будзе пашыраная, гэта значыць, што яна будзе ўключаць у сябе публічныя выступы, літаратурныя чытанні і дыскусіі. Першую такую пашыраную асамблею плануецца правесці ў 2016 годзе. 

ЮЦ для lit-bel.org