СБП за беларускі фонд у першым замежным музеі В. Быкава!

Саюз беларускіх пісьменнікаў распачынае новую грамадска-культурную акцыю па стварэнні фонду беларускай мовы і культуры ў першым і пакуль што адзіным замежным музеі народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.

Музей размяшчаецца ў сярэдняй школе мястэчка Вялікая Севярынка Кіраваградскай вобласці Украіны – у той мясцовасці, дзе ваяваў і ледзь не загінуў пісьменнік. Падзеі таго часу леглі ў аснову рамана В. Быкава “Мёртвым не баліць”.



Школьнікі і настаўнікі з Вялікай Севярынкі вядуць актыўную перапіску з роднымі і блізкімі Васіля Быкава, перыядычна папаўняюць музейныя фонды новымі матэрыяламі: лістамі, фотаздымкамі, кнігамі. Перыядычна выдаецца і «Музейний вісник».

Яшчэ восенню ў Вялікай Севярынцы з’явілася алея Славы, пасаджаная ў гонар 111 дывізіі, ў шэрагах якой ваяваў славуты беларус. На базе школы прайшоў тыдзень музеяў і абласная канферэнцыя, у цэнтры якіх было імя Быкава.

Вось што пішуць школьнікі ў адным з апошніх лістоў: “Пішыце нам, расказвайце нам пабольш пра Васіля Быкава. Яшчэ мы марым стварыць у нашым музеі куток беларускай культуры. Калі можна, прышліце нам Сцяг, Герб і Гімн Беларусі… А яшчэ мы хочам вывучыць беларускую мову. Калі можна, дашліце нам беларуска-расійскі слоўнік. Тады мы зможам чытаць творы беларускіх пісьменнікаў на іх роднай мове. Дзякуй Вам за лісты, за фотаздымкі, за падтрымку”.

Саюз беларускіх пісьменнікаў адгукаецца на просьбу маладых украінцаў і звяртаецца да ўсіх неабыякавых беларусаў з прапановай сабраць вартую бібліятэку кніг па беларускай мове, літаратуры і гісторыі.

Вітаюцца як беларусазнаўчыя мастацкія і гістарычныя выданні, так і кнігі мовазнаўчага характару: слоўнікі, вучэбныя даведнікі і іншыя.

Збор кніжнага фонду для школы ў Вялікай Севярынцы будзе ажыццяўляцца з 1 па 31 сакавіка па адрасе:

Мінск, вул. К. Чорнага, 31 п. 906.

Тэлефон для кантакту: 200-80-91.

Сабраны бібліятэчны фонд Саюз беларускіх пісьменнікаў абавязуецца перадаць у школьны музей Васіля Быкава ў Вялікай Севярынцы.

Прэсавая служба СБП

На фота: У музеі В. Быкава школьнікі і настаўнікі школы ў Вялікай Севярынцы.