СПЕКТАКЛЬ ПРА БЫКАВА

У Купалаўскім тэатры плануюць паставіць спектакль пра Васіля Быкава. Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі 17 сакавіка мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы народны артыст Беларусі Валерый Раеўскі.
Па словах В.Раеўскага, да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Купалаўскі тэатр рыхтуе спектакль пра творчы і жыццёвы шлях Васіля Быкава. Драматург, імя якога трымаецца ў сакрэце (па неправераных звестках “Ь”, гэта – А.Курэйчык), цяпер працуе над п’есай пад назвай “Вайна Быкава”. Рэжысёрам-пастаноўшчыкам спектакля выступіць сам В.Раеўскі.
У планах тэатра – праца над пастаноўкай “Пінская шляхта” па п’есе Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (спектакль ставіць Мікалай Пінігін, які раней паставіў знакамітую “Ідылію”). Працягваецца праца і над спектаклем пад працоўным назовам “Плач Любаславы” – трэцяй пастаноўкай гістарычнай тэматыкі па п’есах Аляксея Дударава. Гэта гістарычны дэтэктыў, падзеі якога разгортваюцца ў Вялікім княстве Літоўскам у XVI стагоддзі.
У перспектыве – пастаноўка спектакляў па п’есах А.Чэхава, “Фаўст” Гётэ, “Хам” Элізы Ажэшка, “Раскіданае гняздо” Янкі Купалы, “На дне” Максіма Горкага і іншых.