СТАГОДДЗЕ... БЕЗ ПЯЦІ ХВІЛІН

13 сакавіка споўнілася 95 гадоў поэту і драматургу Сяргею Міхалкову, аўтару знакамітага “Дзядзі Сцёпы-міліцыянера”. Пра С.Міхалкова ведаюць ці не ўсе расійскамоўныя чытачы, якія чыталі ягоныя вершы дзецьмі, а цяпер глядзяць, як тое ж працягваюць іхнія ўнукі. Сяргей Уладзіміравіч – лаўрэат Ленінскай, трох Сталінскіх і Дзяржаўнай прэмій СССР, Герой Сацыялістычнай Працы. Сёння ён узначальвае Міжнародную супольнасць пісьменніцкіх саюзаў (якая імкнецца засведчыць правапераемнасць Саюза пісьменнікаў СССР). У сваіх афіцыйных лістах да кіраўніка Беларусі Сяргей Уладзіміравіч некалькі разоў заклікаў (праўда, беспаспяхова) падтрымаць апальны Саюз беларускіх пісьменнікаў і вярнуць яму былую ўласнасць. «Радасна, што сёння, як і раней, Вы поўныя жыццёвых сіл і новых планаў. Вашае найдасканалае майстэрства і творчае даўгалецце, шматгранная арганізатарская і грамадская дзейнасць выклікаюць захапленне і павагу», – адзначаецца ў віншавальным пасланні прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна. «Вас добра ведаюць у Беларусі. Глыбокую павагу выклікае Вашая актыўная творчая і грамадская дзейнасць, накіраваная на развіццё высокіх духоўных ідэалаў і традыцый, умацаванне дружбы і супрацоўніцтва паміж народамі дзьвюх краін», – адзначыў у сваім віншаванні Аляксандр Лукашэнка. Святкаванне юбілею адбывалася ў Малой зале Вялікага тэатра ў Маскве. Дзіцячага пісьменніка і аўтара гімнаў СССР і Расіі павіншавалі сямейнікі і калегі. На ўрачыстай вечарыне ўнук пісьменніка Ягор Канчалоўскі прэзентаваў яму сваё відэёвіншаванне.