“Саламея” ў кнігарні “Логвінаў” — 19 лютага

У прэзентацыі для стварэння ўайлдаўскага і каляўайлдаўскага кантэксту возьмуць удзел: перакладчыца п’есы на беларускую мову Кацярына Маціеўская, а таксама перакладчыкі Андрэй Хадановіч, Юля Цімафеева.

Пачатак а 20-й. Уваход вольны.

Пры падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі!"

Пра кнігу:

П’еса Оскара Ўайлда “Саламея” выйшла ў Бібліятэцы часопіса “ПрайдзіСвет” “PostScriptum” і Бібліятэцы Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”. На беларускую мову з французскай яе пераклала Кацярына Маціеўская. Дызайнер вокладкі — Марыя Мухіна.

Кніга апроч уласна п’есы змяшчае прадмову ад перакладчыцы, стылістычна блізкія да яе вершы прозай Оскара Ўайлда, артыкул сябра і паверніка пісьменніка, мастацтвазнаўцы Роберта Роса, які разабраў усе акалічнасці выхаду ў свет “Саламеі” і абверг звязаныя з ёй міфы, а таксама каментары і бібліяграфію ранейшых перакладаў з Оскара Ўайлда на беларускую мову. Змешчаныя ў кнізе і самыя знакамітыя ілюстрацыі да п’есы, выкананыя яшчэ адным творцам з кола Оскара Ўайлда — Обры Бёрдслі.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"