"Саламея" Оскара Ўайлда загучала па-беларуску

На чытанні Ўайльда ў кнігарні “Логвінаў” сабралося каля дваццаці наведнікаў. Апроч перакладчыцы Кацярыны ў імпрэзе паўдзельнічалі яе сябры і калегі — Андрэй Хадановіч і Юля Цімафеева. Вечарына адбылася пры падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі!"

Кацярына Маціеўская

Кацярына пачытала некалькі ўрыўкаў з п’есы, расказала цікавосткі пра жыццё і творчасць класіка брытанскай літаратуры. Дарэчы, кніга Ўайлда няблага прадаецца ў кнігарнях. Наклад не вельмі вялікі, але кнігу яшчэ можна купіць. Цяпер перакладчыца "Саламеі" працуе над перастварэнем найвядомейшага твора Оскара Уайлда - рамана "Партрэт Дарыяна Грэя".

Кацярына Маціеўская і Андрэй Хадановіч

Далей слова ўзяў Андрэй Хадановіч, які чытаў свае параклады паэзіі сучасных аўтараў, у тым ліку ўкраінскага паэта Сяргія Жадана, бо “сёння ўсе мы так ці інакш думаем пра Украіну”, і творы з навюткага поўнага збору вершаў Віславы Шымборскай па-беларуску.

Юля Цімафеева парадавала публіку чытаннем урыўка з дагэтуль актуальнага, паводле слоў перакладчыцы, апавядання Макса Бірбама пра графамана Эноха Сомса з кнігі “Вусцішны пакой”.

Юля Цімафеева

Завершыла вечар тэматычная віктарына. Прызы ад “Будзьмы” атрымалі аўтары правільных адказаў на пытанні: на якіх могілках пахаваны Оскар Ўайлд, якога расійскага барда звалі Дарыян і чаго баяцца людзі з сіндромам Дарыяна Грэя.

Пра кнігу "Саламея":

П’еса Оскара Ўайлда “Саламея” выйшла ў Бібліятэцы часопіса “ПрайдзіСвет” “PostScriptum” і Бібліятэцы Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”. На беларускую мову з французскай яе пераклала Кацярына Маціеўская. Дызайнер вокладкі — Марыя Мухіна.

Кніга апроч уласна п’есы змяшчае прадмову ад перакладчыцы, стылістычна блізкія да яе вершы прозай Оскара Ўайлда, артыкул сябра і паверніка пісьменніка, мастацтвазнаўцы Роберта Роса, які разабраў усе акалічнасці выхаду ў свет “Саламеі” і абверг звязаныя з ёй міфы, а таксама каментары і бібліяграфію ранейшых перакладаў з Оскара Ўайлда на беларускую мову. Змешчаныя ў кнізе і самыя знакамітыя ілюстрацыі да п’есы, выкананыя яшчэ адным творцам з кола Оскара Ўайлда — Обры Бёрдслі.

Алена Казлова для lit-bel.org