Самая ўплывовая знакамітасць Афрыкі – пісьменнік

Паводле часопіса Forbes, нігерыйскі пісьменнік Чынуа Ачэбэ (Chinua
Achebe) — найбольш уплывовая знакамітасць Афрыкі. 80-гадовы Ачэбэ
ўзначаліў спіс з сарака чалавек, абышоўшы дзясяткі музыкаў, зорак
футболу, дзвюх супермадэляў, кінарэжысёра, вядоўцу ток-шоў і чэмпіёна
свету па бегу на доўгія дыстанцыі.
Ачэбэ нарадзіўся ў Нігерыі ў 1930 годзе і вырас у часы, калі
еўрапейскія калоніі ў Афрыцы змагаліся за незалежнасць. Яго раман “Усё
распадаецца” (Things Fall Apart), апублікаваны ў 1958-м, лічыцца самым
вядомым і чытаным творам афрыканскай літаратуры. А яго эсэ “Вобраз
Афрыкі: расізм у “Сэрцы цемры” Конрада” (1975) застаецца значным творам
на мяжы літаратурнай крытыкі і палітыкі.
У канцы 1960-х Ачэбэ пайшоў у палітыку і стаў амбасадарам Біяфры. 15
гадоў пісьменнік пражыў у ЗША. У 2007 г. ён атрымаў Міжнародную
Букераўскую прэмію за свае творы.
Акрамя Чыну Ачэбэ ў спіс Forbes увайшлі яшчэ трое пісьменнікаў, двое з
іх з Кеніі (40-гадовы Біньяванга Вайнайна (Binyavanga Wainaina), аўтар
вядомага эсэ “Як пісаць пра Афрыку” і лаўрэат Прэміі Кейна для
пісьменнікаў Афрыкі 2002, а таксама 73-гадовы аўтар “Уладара варонаў”
Нгугі ва Тыёнга (Ngũgĩ wa Thiong'o). Наймалодшая — 34-гадовая
пісьменніца з Нігерыі Чымаманда Адычы (Chimamanda Adichie), якая ў 2006
г. атрымала прэмію Orange за раман “Палова жоўтага сонца”.