Самая складаная першая кніга

Юля Цімафеева

“Кніга памылак” выйшла напрыканцы 2014 года ў выдавецтве “Галіяфы” і складаецца не толькі з вершаў, але і з перакладаў паэзіі, збольшасці англійскамоўнай. Рэдактар і ўкладальнік зборніка — пісьменнік і перакладчык Альгерд Бахарэвіч. Ідэя арыгінальнай вокладкі кнігі належыць самой аўтарцы.

“Кніга памылак” складаецца з трох раздзелаў, кожны мае свае асаблівасці і адметнасці:

 “Шэрая птушка”  ўтрымлівае ў сабе вершы-сюжэты, у якіх бачнае судакрананне аўтаркі з навакольным светам, яе стаўленне да жыцця. “Кветкі і мяса” насычаны свабодай, выразным антыпатрыярхальным бунтам, тут шмат плоці, жаночага і мужчынскага цела. “Не ўмець чытаць” складаецца з вершаў пра вершы, мову, літаратуру.

Паводле сямейнай легенды, назва кнігі з’явілася адным жнівеньскім поўднем, калі Юля і Альгерд сядзелі ў парку на бульвары Талбухіна і кармілі лавашом галубоў. Назва невыпадковая, бо, упэўнена паэтка, толькі праз памылкі-разломы прарастае штосьці новае і сапраўды вартае ўвагі.

Увогуле, Юля прызналася, што аўтарка кнігі — абсалютна новая для яе роля: дагэтуль яна прадстаўляла зборнікі, якія ці ўтрымлівалі яе пераклады, ці былі створаны з яе дапамогай:

— Перакладчык  —  закрытая асоба: у любым выпадку менавіта аўтар нясе ўсю адказнасць за тэкст. А вось калі аўтар ты, ужо не схаваешся, ты нібыта голы і кожны можа цябе крытыкаваць, — заўважае паэтка.

Да таго ж Юля адзначыла, што яе “Кнігу памылак” можна ўспрымаць як шлях, ці  як камень, з якога усё пачынаецца. А вось куды яна будзе рухацца далей, можна меркаваць па яе новых вершах, якія не паспелі ўвайсці ў зборнік. З новых вершаў — пра сваё імя, якое належыць усім,  пра навагодняе слова-рыбу і пра дзверы, якія з’яўляюцца на сцяне і пачынаюць расці — аўтарка і пачала прэзентацыю “Кнігі”.

Павіншаваць паэтку і перакладчыцу з выхадам дэбютнай кнігі прыйшлі сябры і калегі, якія, канечне, таксама даўно ўжо сталі сябрамі. Кампанія сабралася вялікая і дасціпная, усе шмат жартавалі і, як вынік, шмат смяяліся.

Арт-дырэктар кнігарні "Логвінаў" Павел Касцюкевіч. На столі - імёны першых ста чалавек, якія ахвяравалі грошы на штраф для кнігарні.

Ганна Янкута

У гонар аўтаркі ў выкананні перакладчыц Кацярыны Маціеўскай і Ганны Янкута прагучалі пераклады з англійскай, нямецкай, партугальскай. Паэт і перакладчык Уладзь Лянкевіч павіншаваў сяброўку і ўласнымі вершамі, прадстаўнік выдавецтва “Галіяфы” Аляксей Харужка пажадаў лёгкага нараджэння новых зборнікаў.

Уладзь Лянкевіч

Кацярына Маціеўская

Але галоўнае слова, канечне, засталося за рэдактарам дэбютнага выдання Альгердам Бахарэвічам.

Ён ад свайго імя павіншаваў усю беларускую паэзіію з выхадам “Кнігі памылак”, а таксама крыху распавёў пра сам зборнік, адзначыўшы, што паэзія Юлі Цімафеевай  — выразна антыпатрыярхальная. Аўтарка працягвае традыцыю амерыканскай паэзіі другой паловы ХХ ст., вобразы яе вершаў, пазбаўленыя лішніх словаў, літаратуршчыны і мішуры, вельмі выразныя і глыбокія. Гэта паэзія па-сапраўднаму свабоднай жанчыны.

Альгерд Бахарэвіч

— Для мяне Юліны вершы  —  нешматслоўныя сфінксы, у вачах каторых — боль, выклік і трывога, слёзы і тонкі празрысты лёд, — падзяліўся асабістымі ўражаннямі Альгерд.

Таксама пісьменнік прызнаўся, што як муж і мужчына ён вельмі раўнуе Юлю да вершаў і да яе новай кнігі. І тут адразу паўстае выбар — альбо ісці за літаратурай, альбо — за інстынктам. Безумоўна, ён выбірае першы шлях.

Напрыканцы імпрэзы Альгерд Бахарэвіч прачытаў віншаванне з Амерыкі  —  верш ад Вальжыны Морт — пра палымянае сэрца сямігадовай Хрысціны з палаючага Сухумі, белы снег і першую кроплю чорнага мора.

Тэкст: Аляксандра Дварэцкая

Фота: Алена Казлова

для lit-bel.org