Сара Лундберг і калейдаскоп шведскай графікі

Сара Лундберг

Зала Броўкавага музея сабрала збольшага студэнтаў Школы маладога пісьменніка, але сярод гледачоў былі заўважаныя мастакі і мастачкі, мамы з дзецьмі-мастакамі і неабыякавыя чытачы дзіцячай літаратуры.

Алена Казлова прадстаўляе Сару Лундберг

Адкрыла імпрэзу куратар ШМП пісьменніца Алена Казлова, якая распавяла пра тое, як патрапіць у Школу маладога пісьменніка, што сабою ўяўляюць заняткі, прадставіла ўсіх трох выкладчыц — Людміла Рублеўская, Ганна Бутырчык і Наталля Павяляева таксама наведалі лекцыю шведскай літаратаркі.

Госця правяла майстар-клас у рэжыме акадэмічнай “пары”, цягам якой прысутныя змаглі пазнаёміцца з ейным творчым досведам, пакручастымі этапамі маладой мастачкі і пісьменніцы да поспеху. Пасля аўтапрадстаўлення Сара Лундберг зрабіла даволі шырокі агляд сучаснай шведскай кніжнай графікі, а менавіта – працы некалькіх дзясяткаў ілюстратараў дзіцячай кнігі. Усяму гэтаму паспрыяла грунтоўнае слайд-шоў, якое транслявалася на экран і каменціравалася Сарай Лундберг.

Перакладчыца Надзея Кандрусевіч

Пісьменніцтва, маляванне і шлях да поспеху

Сара жыве ў Стакгольме і працуе ва ўласнай майстэрні, дзе, як прызнаецца, часта мяняе віды дзейнасці: альбо малюе, альбо піша. Часам яна робіць выставы паводле кніг пра Віту Белую Крэску, і ў гэтым дапамагаюць дзеці, якія прыносяць самаробныя скульптуры і малюнкі, дзе Віта прадстаўлена так, як ім уяўляецца. Нядаўна адбылася падобная выстава, у якой удзельнічала ажно 200 дзяцей, і праходзіла яна ў адной з цэркваў Стакгольма.

Сара Лундберг вучылася ў ЗША і спрабавала сябе ў розных мастацтвах: танцы, тэатры, мастацтве, пісьменніцтве. Першая стакгольмская замова на ілюстрацыі да кнігі песень падштурхнула яе да працы ў графіцы. Разаслаўшы свае творы па выдавецтвах, Лундберг паўгады сядзела без замоваў, пакуль буйное шведскае выдавецтва не пагадзілася з ёю супрацоўнічаць – аднак толькі ў галіне ілюстравання навукова-папулярнай кнігі для дзяцей: энцыклапедый, даведнікаў і інш.

Рэдактар выдавецтва ва ўсім дапамагаў маладой мастачцы, перш за ўсё, тым, што даваў поўную свабоду эксперыменту. Таму творы Лундберг для дзіцячага нон-фікшн часам мелі падабенства з сюррэалістычнымі малюнкамі альбо прыпадабняліся да той эпохі, якой была прысвечана чарговая энцыклапедыя: Сярэднявеччу, Рэнесансу. Адначасова з навукова-папулярнай літаратурай Сара Лундберг праілюстравала некалькі дзясяткаў кніг з кардоннымі старонкамі для самых маленькіх дзяцей – якія толькі вучацца адрозніваць прадметы, з’явы і запамінаць іх назвы.

Прыкладна дзесяць гадоў таму Сара Лундберг стала займацца ілюстраваннем мастацкай літаратуры. Чужой найперш, але выспявала ўжо думка і пра ўласную гераіню – Віту Белую Крэску. На сёння выдадзена чатыры кніжкі пра Віту.

Майстар-клас працягнуўся шквалам пытанняў да шведскай пісьменніцы ад будучых каляжанак: пра творчы працэс, пра адносіны з выдаўцамі і рэдактарамі ў Швецыі, пра кніжны рынак і розныя графічныя тэхнікі, пра наіўны і класічны малюнак у кнізе для дзяцей.

Аўтограф ад Сары Лундберг

Напрыканцы сустрэчы гледачы атрымалі аўтографы на кніжках Сары Лундберг “Віта Белая Крэска” і “Віта Белая Крэска і Эйвінд”, выдадзеных у серыі “Каляровы ровар” Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў у перакладзе на беларускую мову Надзеі Кандрусевіч.

Больш фота на нашай старонцы ў Фэйсбуку

УВАГА! 

27 лістапада, 18:00, Галерэя cучаснага мастацтва "Ў", Мінск, пр. Незалежнасці, 37а 

Сустрэча Сары Лундберг з чытачамі, сумеснае чытанне кніжак пра Віту і Эйвінда, аўтограф-сесія аўтаркі, а таксама мастацкія сюрпрызы для ўсіх прысутных.

Запрашаюцца дзеткі 4-6 год! Уваход вольны!

Тэкст і фота: Ціхан Чарнякевіч, для lit-bel.org