Сара Лундберг: «Давайце створым новы свет!»

У прыватным цэнтры навучаецца два дзясяткі дзетак з розных раёнаў Мінска. Выхавацелі садка імкнуцца як мага больш увагі надаваць творчаму развіццю дзяцей, даваць ім поўную свабоду дзеянняў. Таму поспех своеасаблівага супольнага майстар-класу Сары Лундберг быў тут непазбежны.

Напачатку Сара разам з перакладчыцай Надзеяй Кандрусевіч і праект-мэнэджарам ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Аляксандрай Дварэцкай распавялі дзецям пра Віту Белую Крэску і прачыталі фрагмент з аднайменнай кнігі. Яна, як вядома, выдадзеная ў серыі “Каляровы ровар” Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў у перакладзе на беларускую мову Надзеі Кандрусевіч.

Але найбольшую і найцікавейшую частку майстар-класа заняло супольнае маляванне. Сара Лундберг з памочнікамі расклеіла на падлозе аркушы ватману і правяла на кожным з аркушай чорную дарогу з белымі крэскамі. “А цяпер давайце створым вакол дарогі новы свет!” – заклікала мастачка.

У кожнай купкі дзяцей гэты свет атрымаўся розны: у кагосьці больш абстрактны, у каго – з пазнавальнымі абрысамі дамоў і краявідаў. Да ўсіх ватманаў з малюнкамі Сара Лундберг падыходзіла па чарзе і ўносіла ў дзіцячыя фантазіі фрагменты свайго ўяўлення.

Размаўляючы на розных мовах, дзеці і шведская пісьменніца выдатна паразумеліся, бо гаварылі паміж сабой на мове фарбаў – і белых крэсак.

Больш фота на нашай старонцы ў Фэйсбуку

Тэкст і фота: Ціхан Чарнякевіч, для lit-bel.org